Сяргей Навумчык: Я ні на секунду не сумняюся, што незалежнасць Беларусі захаваецца
Публіцыст, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі адказвае ўсім тым, хто цяпер кажа, што «Згубілі мы краіну», «Няма ўжо Беларусі» і падобнае.

Не, не згубілі мы краіну. І Беларусь — жыве. «Мы» — гэта нацыянальна арыентаваная частка беларусаў. Так, стварыўшы краіну (дамогшыся Незалежнасьці ў 1991-м і заклаўшы да 1994-га падмуркі дзяржаўнасьці), мы ня маем улады.
Але мы ніколі і ня мелі ўлады. Усё, што было створана, было дасягнута насуперак уладзе, насуперак большасьці ў Вярхоўным Савеце і, што ўжо тут прыхоўваць — насуперак жаданьням статыстычнай большасьці насельніцтва (якому ніколі не давалі магчымасьці зрабіцца народам, у тым ліку і пужаючы «нацыяналістамі»).
Зробленае ў 1991-м — застаецца. Беларусь застаецца дэ-юрэ незалежнай краінай. І гэта галоўнае. І маючы далёкія ад аптымізму меркаваньні адносна доўгатэрміновасьці дыктатуры, я ні на сэкунду не сумняюся, што гэтая незалежнасьць захаваецца.
А тым, хто лічыць, што незалежнасьць — гэта неістотна, раю расказаць пра гэта прадстаўнікам народаў, якія ня маюць сваёй дзяржаўнасьці. Напрыклад, курдам — народу, колькасна ў два ці тры разы большага за беларусаў, які дзесяцігодзьдзямі толькі марыць пра тую ступень рэальнай сувэрэннасьці, якая застаецца ў Беларусі сёньня.
Застаецца, нягледзячы на ўсе высілкі Масквы і яе мясцовых халуёў. І менавіта канстатацыя гэтага, разам зь верай, гучыць сёньня ў воклічы, за які фашысты кідаюць за краты і катуюць людзей — «Жыве Беларусь!».