Сербія — Беларусь. Нацыянальная ідэя

З нацыянальнай ідэяй, як у Сербіі, так і ў Беларусі, — усё няпроста. Але няпроста — па-рознаму. Адрозніваецца, і даволі істотна, сам змест. 



6_bjalgarad_logo.jpg

Бялград. Сербскія гісторыкі падлічылі, што Бялгарад падвяргаўся ваенным дзеянням 38 разоў. Але стары горад, у асноўным гэта будынкі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, пераважна захаваўся. І ён вельмі прыгожы. Але пакуль не хапае сродкаў на рамонт і рэстаўрацыю

Як сведчыць вопыт посттаталітарных трансфармацый у былых краінах СССР і так званага сацыялістычнага лагеру, іх абавязковым элементам быў нацыянальны гістарычны міф, нацыянальная ідэя. На гэтым акцэнтаваў сваю ўвагу вядомы славацкі пісьменнік і публіцыст, былы дысідэнт Марцін Мілан Шымечка падчас нашай сустрэчы ў Браціславе ў мінулым годзе. (НЧ, 2012, №43 ад 9 лістапада). 

Да гэтай тэмы, да аналізу асаблівасцей ідэалогіі сербскага нацыяналізму і неабходнасці яе карэктоўкі пастаянна звярталіся ўсе інтэлектуалы, з якімі я нядаўна сустракаўся ў Бялградзе.

Нацыянальная ідэя як палітычны інструмент

У найноўшы час у Сербіі нацыянальная ідэя спрацавала двойчы. Першы раз яе выкарыстаў Мілошавіч для прарыву ва ўладу і стварэння сваёй аўтарытарнай сістэмы. Другі — дэмакратычная апазіцыя для звяржэння Мілошавіча. 

У Беларусі нацыянальная ідэя спрацавала адзін раз, калі 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет пад уплывам дэпутатаў апазіцыі Беларускага народнага фронту надаў Дэкларацыі аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь канстытуцыйны статус. 

Але пасля трох гадоў свайго развіцця ва ўмовах дэмакратычных свабодаў Беларусь, з абраннем у 1994 годзе першага прэзідэнта, зноўку трапіла ў абцугі аўтарытарнага рэжыму. 

У адрозненні ад Сербіі, у Беларусі змены палітычных сістэм не адбылося. Усю канцэпцыю беларускага нацыянальнага міфа Аляксандр Лукашэнка па сутнасці адкінуў. Беларусь у яго планах мелася стаць часовым плацдарма для прарыву на Крамлёўскі пасаг. 

План сарваўся. Рэальнасцю сталася амаль поўная эканамічная і палітычная залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Масквы, а з тым і пагроза страты Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту (ці існаванне ў якасці палітычнага сатэліта Расіі, ці інкарпарацыя ў яе склад). 

Досвед гісторыі сведчыць аб неадназначнай ролі нацыянальная ідэі. Прыкладаў пераўвасаблення нацыянальна-вызвольных рухаў у аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы мы ведаем дастаткова. Усе залежыць ад канкрэтнага зместу нацыянальнай ідэі, яе адаптацыі да часу і ўмоваў.

Сербская ідэя

Пра асаблівасці сербскага нацыянальнага міфа мне распавяла прафесар Бялградскага ўніверсітэту Дубраўка Стаянавіч

1_dubra_ka_stajanav_ch_prafesar_belgaradskaga_n_vers_teta_logo.jpg

Прафесар Бялградскага ўніверсітэту Дубраўка Стаянавіч

Яна параўнала гэты міф з рэчкай, што ў часы сацыялізму сышла пад зямлю і стала нябачнай. Але прабівалася крыніцамі на паверхню. Міф захоўваўся не толькі ў прыватных асяродках — сем’ях, нефармальных гуртках, але і ў пэўных інстытутах, такіх, як сербская акадэмія навук, саюз пісьменнікаў, выдавецтвы. «Гэта не было сакрэтам, — зрабіла акцэнт Дубраўка Стаянавіч, — і з пачаткам крызісу сацыялізму рака выйшла на паверхню».

Па выніках даследавання «Сербскі бок вайны», якое праводзіла прафесар з групай навукоўцаў, гэты сербскі нацыянальны міф выйшаў на паверхню ўжо ў 1985 годзе — найперш праз царкву, праз СМІ, праз публіцыстыку і літаратурныя творы. Праграма ўжо была гатовая. Яшчэ за два гады да таго, як да ўлады прыйшоў Мілошавіч. Не ён яе творца, ён той, хто, па меркаванні даследчыкаў, выканаў сваю частку працы, хто завяршыў будаўніцтва. 

Сербскі нацыянальны гістарычны міф трымаецца на трох апорных ідэях. 

Першая: Сербія — самая старажытная дзяржава на Балканах, прычым адзіная незалежная дзяржава ў ХІХ стагоддзі. Дзяржава, якая двойчы была заснавальнікам Югаславіі. 
Другая: Сербія — ахвяра. Яна ахвяравала дзяржаўнасцю, каб сваю дзяржаўнасць атрымалі і іншыя народы — харваты, славенцы. 1 200 000 сербаў загінула падчас Першай сусветнай вайны ў імя стварэння Югаславіі. Ахвяры ў Другой сусветнай. Менавіта сербы, адпаведна гэтай канцэпцыі, складалі большасць партызан, якія пасля перамогі зноўку заснавалі Югаславію на федэратыўных прынцыпах. 
Трэцяя: сербы ахвяруюць сабой, а іншыя народы — славенцы, харваты, — няўдзячныя, за іх спіной пастаянна развальваюць Югаславію. 
Сацыялістычная эпоха, у рамках гэтай інтэрпрэтацыі нацыянальнага міфа, прадстаўлена як змова супраць сербаў, паколькі кіраўнік Югаславіі Іосіп Броз Ціта быў харватам, а Сербія ў складзе федэрацыі мела толькі адзін голас. 

Адсюль высновы: час, калі Сербія ахвяравала сабой у імя Югаславіі, скончыўся, прыйшоў час стварыць уласна Сербію. Прычым нават не ў межах былой Югаславіі, (старая канцэпцыя), а значна шырэй — «у этнічных межах». Але ў своеасаблівай трактоўцы, якая па сутнасці была ідэяй стварэння Вялікай Сербіі, аж да Адрыятыкі. 

«Этнічная праграма і лозунг Мілошавіча, — падкрэсліла прафесар Стаянавіч, — Сербія — гэта дзяржава, у якой па этнічнаму складу будуць жыць усе сербы. Што азначала ўключэнне ў яе склад Чарнагорыі, Босніі і большай часткі Харватыі. У доказ такіх правоў Сербіі выкарыстоўвалася гісторыя». 

Спачатку ў гэтай інтэрпрэтацыі нацыянальнага міфу ваяўнічы матыў амаль не гучаў. Ён узмацняўся паступова, асабліва пасля таго, як міф узялі на ўзбраенне палітычныя эліты, найперш посткамуністычная на чале з Мілошавічам. 

Адбітак у масавай свядомасці гэты міф набыў пасля сямі гадоў актыўнай прапаганды — праз усе СМІ, радыё і тэлебачанне — недзе, па меркаванні прафесара Дубраўкі Стаянавіч, з 1985 па 1991 гады. 

Важкі ўнёсак тут належыць персанальна Мілошавічу. У 1988–1989 гадах у яго было мноства выступленняў на мітынгах, якія збіралі тысячы людзей. У прыватнасці, на мітынгу, прысвечанаму 600-й гадавіне бітвы на Косавым полі (1389 год), прысутнічала, па некаторых ацэнках, да 1 мільёна чалавек. Галоўны сэнс прамовы Мілошавіча зводзіўся да таго, што ў гэтай бітве Сербія страціла сваю дзяржаўнасць, і прыйшоў час стварыць сваю дзяржаву, а не Югаславію. У тым ліку, калі спатрэбіцца, праз узброеную бітву. 

Гэта было сказана, падкрэсліла прафесар Стаянавіч, за два гады да баснійскай вайны. І прагучала па сутнасці аб’яўленнем аб падрыхтоўцы да вайны. 

Пасля вайны Мілошавічу ўдалося ў вачах сусветнай супольнасці падаць сябе ў якасці міратворца, што дапамагло яму ўтрымацца ва ўладзе. Але ідэалогія вайны захавалася, больш за тое, ва ўнутранай прапагандзе баснійская вайна выстаўлялася як прэвентыўная абарончая. 

Аднак палітычнай эліце Мілошавіча, нягледзячы на татальную прапаганду, не ўдалося раздуць агрэсіўны нацыянальны міф аб Вялікай Сербіі да маштабаў агульнанацыянальнага псіхозу. Але ўдалося цалкам нейтралізаваць антываенныя настроі і сцвердзіць гэты міф у якасці ідэалагічнай платформы сваёй улады. З перадачай наступнікам. 

4_un_vers_tet_bjalgradze_logo.jpg

Универсітэт у Бялградзе

Апазіцыя ўсю віну за паразы ў войнах, за санкцыі і міжнародную ізаляцыю краіны, за агульную катастрофу, у якую трапіла Сербія, усклала на Мілошавіча. Потым па патрабаванні Захаду выдала яго Гаагскаму суду, а ўслед і генералаў (з 1995 да 2010 года здалі ўсіх), але пакінула не кранутай яго ідэалогію.

«Ніхто за 13 гадоў, — распавяла прафесар Дубраўка Стаянавіч, — не правёў аналізу, чаму Сербія апынулася ў той вайне. А гэта ключавое пытанне». 

Менавіта пераемнасць ідэалогіі агрэсіўнага нацыяналізму ўкладалі мае сербскія суразмоўцы ў формулу: «Мілошавіч сышоў, Мілошавіч застаўся». Адмову ад гэтай канцэпцыі, неабходнасць неадкладнай трансфармацыі сербскай нацыянальнай ідэі ў адпаведнасці з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, са зменамі, што адбыліся ў Сербіі і ў міжнародным становішчы, ўсе мае суразмоўцы называлі ў якасці першаснай задачы.

Беларуская ідэя

Ідэя Вялікай Сербіі, у тым выглядзе, які яна набыла пры Мілошавічу, мае больш падабенства з расійскай імперскай ідэяй Вялікай Расіі. Беларуская нацыянальная ідэя адметная менавіта сваім ярка выражаным мірным характарам і адсутнасцю вялікадзяржаўных памкненняў. 

Упершыню выразна яна была сфармулявана напачатку ХІХ стагоддзя прафесарамі Віленскага ўніверсітэта Міхайлам Баброўскім і Ігнатам Даніловічам. Яе складовыя часткі: адраджэнне мовы і культуры, нацыянальнай самасвядомасці з канчатковым выхадам на ўсталяванне беларускай дзяржаўнасці. Беларуская ідэя ніколі не несла на сабе нават лёгкага адбітка месіянства на выключнасць беларускага народа, тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў. 

Гэты факт уражвае. Бо падказка на гістарычную натуральнасць такіх памкненняў — Вялікае княства Літоўскае — яшчэ не адышла ў сівую даўніну, а была палітычнай надзённасцю.

Што за гэтым? Гуманістычныя перакананні геніяльных навукоўцаў ці іх палітычная дальнабачнасць, якія на факце ўключэння паўночна-заходніх тэрыторый у склад Расіі па выніках трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, празорліва ўгледзелі небяспеку пераўтварэння Беларусі ў разменную манету ў барацьбе паміж Захадам і Усходам? І такім чынам, праз стварэнне беларускай дзяржаўнасці, імкнуліся зняць (ці хаця б зменшыць) гэту небяспеку. Бо дзяржаўнасць, акрамя іншага, нясе ў сабе магчымасць самім вызначаць сваю палітыку, выбіраць саюзнікаў, шляхі барацьбы і развіцця. 

5_karale_sk_palac_na_sennjashn_chas_rez_dencija_prez_denta_logo.jpg

Каралеўскі палац. На сённяшні час — рэзідэнцыя прэзідэнта

На жаль, на той момант рэалізаваць ідэю беларускай дзяржаўнасці не атрымалася. Спатрэбілася яшчэ амаль два стагоддзі. Але менавіта гэта канцэпцыя нацыянальнай ідэі падняла да жыцця беларускі адраджэнскі рух, вызначыла яго сэнс і мэты ва ўсіх яго культурніцкіх і палітычных пераўвасабленнях. 

Суверэнітэт, які Беларусь атрымала ў жніўні 1991 года, не зваліўся нечакана, як манна нябесная, збегам гістарычных абставін. Проста беларускі рух выйшаў на тую кропку спеласці, каб не прапусціць спрыяльны геапалітычны і ўнутрыпалітычны момант, што выпаў пасля развалу СССР. 

Паўза ў два стагоддзі ў рэалізацыі нацыянальнай ідэі ў многім была прадвызначана якраз прычынамі геапалітычнымі, па волі якіх Беларусі выпаў цяжкі лёс разменнай манеты. Праз яе тэрыторыю раз-пораз пракатваліся знішчальныя войны і рэвалюцыі. Паланізацыя, русіфікацыя… Сталінскія рэпрэсіі… Неверагодна, як у такіх умовах, здавалася, на выпаленай да попелу нацыянальнай глебе, зноў і зноў адраджаўся беларускі нацыянальны рух. 

Аднак ажыццяўленне беларускай ідэі ўласнымі сіламі аказвалася немагчымым. Адсюль і розныя арыентацыі тых ці іншых палітычных сілаў, у тых ці іншых абставінах — на Захад ці на Усход. Гэтая акалічнасць захоўваецца да сёння. Але ў іншым канкрэтным абрамленні. 

Імперская пазіцыя палітычных колаў Расіі нясе відавочную пагрозу паглынання Беларусі. А вось для Захаду, ці не ў першыню ў гісторыі, Беларусь на сёння не з’яўляецца разменнай манетай. Гэта дае дадатковыя аргументы для выбару знешнепалітычнага накірунку — у Еўрасаюз. Для Беларусі гэта ёсць цывілізацыйны выбар, выбар ідэнтычнасці. 

Галоўная пагроза суверэнітэту Беларусі зыходзіць ад уласнай улады. Комплекс праблем, якія стаяць у рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі, вядомы. Гэта знешнепалітычная самаізаляцыя краіны, поўная матэрыяльная залежнасць ад Расіі. Гэта звужаная да немагчымага сфера ўжывання беларускай мовы. Гэта, наогул, адсутнасць спрыяльнай дзяржаўнай палітыкі для развіцця беларускай культуры. Як вынік — нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва. 

Пры наяўнасці палітычнай волі ўсе гэтыя праблемы дастаткова лёгка і адносна хутка вырашаюцца. У канчатковым выніку існаванне беларускай дзяржаўнасці вызначаецца здольнасцю і воляй яе нацыянальнай эліты рэалізаваць дэмакратычны выбар. У іншым выпадку Захад пакідае Беларусь па-за межамі еўрапейскай цывілізацыі, аддае яе ў сферу ўплыву Расіі. 

Аднак сама канцэпцыя нацыянальнага міфу прынцыповай трансфармацыі не патрабуе. Акрамя, магчыма, пераносу акцэнту самаідэнтыфікацыі — з этнічнага ўзроўню на дзяржаўны. 

Для задач дня сённяшняга сутнасць беларускай ідэі, як ідэі аб’яднаўчай і мабілізуючай, можна сфармуляваць наступным чынам:

Беларусь — дзяржава з даўнімі, ад Полацкага княства і ВКЛ, каранямі. І разам з тым Беларусь — маладая дзяржава, што абавязвае яе пазбягаць састарэлых формаў і канструкцый. Беларусы — нацыя з глыбокімі гістарычнымі традыцыямі. І разам з тым — маладая нацыя, закліканая адрадзіць страчаную дзяржаўнасць на аснове дэмакратычных прынцыпаў. Не ў ізаляцыі, а ў садружнасці з дзяржавамі еўрапейскай супольнасці. Не ў канфрантацыі з Расіяй, але і не ў якасці сатэліта, і тым больш не ў якасці Паўночна-Заходняга краю або губерні ў складзе Расійскай Федэрацыі. Усе нацыі, што пражываюць у Беларусі поруч з тытульнай, ёсць народам Беларусі з роўнымі правамі, магчымасцямі і абавязкамі. Усе выхадцы з Беларусі, якія даўно ці нядаўна пакінулі Радзіму — народ Беларусі. 

Трансфармацыя сербскага нацыянальнага міфа

У адрозненні ад беларускага нацыянальнага міфа сербскі патрабуе трансфармацыі яго цэнтральнай ідэі — ідэі Вялікай Сербіі. Дакладней, адмовы ад гэтай ідэі. Па меркаванні прафесара Дубраўкі Стаянавіч, сербская нацыянальная ідэя «набыла прагрэсіўнае значэнне напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі зразумелі, што не могуць стварыць Вялікую Сербію і вырашылі стварыць Югаславію. Калі ж пры распадзе Югаславіі паставілі пытанне аб межах — гэта азначала вайну». З гэтым, з 1990-х, па выснове спадарыні Стаянавіч, сербская нацыянальная ідэя набыла агрэсіўны характар. 

Пераход ад канцэпцыі агрэсіўнага нацыяналізму да дэмакратычнай азначае прызнанне перамен, што адбыліся, — у Сербіі, на Балканах, у свеце. Прызнанне таго факту, што Сербія на сёння ёсць і застанецца адносна невялікай дзяржавай, часткай Еўропы і мусіць жыць у дружбе з усімі іншымі нацыямі на Балканах і ў свеце. 

Для гэтага, на погляд маіх суразмоўцаў, неабходна змена афіцыйнага палітычнага дыскурсу. Але пакуль у Сербіі пануе старая канцэпцыя. 

3_nadzeja_gache_galo_ni_redaktar_chasop_sa_novi_magazin_logo.jpg

Рэдактар незалежнага штотыднёвіка «Novi Magazin» Надзея Гачэ

«Неабходна, — заўважыла ў размове са мной рэдактар незалежнага штотыднёвіка «Novi Magazin» Надзея Гачэ, — змяняць кантэкст». Да гэтага часу, канстатуе яна, у школах навучаюць, што мы самыя лепшыя, што Сербія заўсёды вяла справядлівыя вызваленчыя войны. Ніякіх спроб па-новаму пераасэнсаваць нядаўняе мінулае. «Я сапраўды лічу, — гаворыць яна, — што сербы павінны адчуваць сябе сербамі. Але сёння, у ХХІ стагоддзі, што гэта такое — сучасны сербскі нацыяналізм? Кансерватыўныя гісторыкі спыніліся на ўзроўні ХІІ–ХV стагоддзяў. Але ёсць група гісторыкаў, якая выказвае адрозную ад іх канцэпцыю. Яна патрабуе папулярызацыі, але замест спрыяння сустракае моцныя перашкоды ад уладных структур». 

Другі бок праблемы: шматгадовая прапаганда ідэі Вялікай Сербіі, ідэалогіі вайны пакінула траўматычны след у масавай свядомасці. Менавіта на нацыяналістычных лозунгах выйграла апошнія выбары Сербская прагрэсіўная партыя, што вырасла з Сербскай радыкальнай партыі Ваіслава Шэшаля, паплечніка Слабадана Мілошавіча. Гэтыя лозунгі выкарыстоўвалі і ўсе астатнія партыі. Атрымліваецца замкнёнае кола: партыі гавораць тое, што людзі прызвычаіліся чуць і што прыносіць ім галасы, людзі ж не чуюць новых слоў і апускаюць бюлетэні за старыя лозунгі. 

На перакананне маіх суразмоўцаў, менавіта ў адсутнасці палітычнай волі ў партый, як уладных, так і апазіцыйных, залягае галоўная прычына гэтага шматгадовага кругавароту сербскага палітычнага істэблішменту па ідэалагічных рэйках 1990-х гадоў. З гэтага ў многім вынікаюць сацыяльныя і эканамічныя праблемы: людзі застаюцца ў няведанні сапраўднай сітуацыі, не атрымліваюць новых арыенціраў, новых імпульсаў да аб’яднання высілкаў, да мабілізацыі на стваральную працу дзеля рэалізацыі новай сербскай мары. Бо мары няма, яна не артыкуляваная. 

Ва ўладзе, на меркаванне публіцыста Дэяна Іліча, «няма добра прапрацаванай канцэпцыі эканамічнага развіцця, акрамя адзінай — атрымаць крэдыты і прыцягнуць інвестыцыі. Іншым разам, нават без разумення, на што іх патраціць». 

І ўсё ж, па маіх назіраннях падчас знаходжання ў Бялградзе, 13 год пасля Мілошавіча ў рамках дэмакратычнай сістэмы, хай сабе і недасканалай, не прайшлі бясследна. У тым ліку і для нацыянальнай самасвядомасці. 

Даследаванні незалежнага Інстытута статыстыкі, які ўзначальвае Срдан Багасаўлевіч фіксуюць пераважна антываенныя настроі насельніцтва. Наогул, з апытанняў вынікае, што ідэя Вялікай Сербіі не мае глыбокага ўкаранення ў масавай свядомасці. Сербы былі задаволены Югаславіяй, а зараз задаволены Сербіяй. Яна не была кімсьці спланавана, а сфарміравалася натуральным чынам. Сербія — мультыэтнічная дзяржава: 83 працэнты — сербы, 4 — венгры, 2 — бушняты. Ёсць і іншыя нацыянальныя меншасці, у тым ліку цыгане, але яны складаюць нязначны працэнт. 

2_shrdan_bogasavl_ev_ch_direktar_nstituta_statistik__logo.jpg

Дырэктар Інстытута статыстыкі Срдан Багасаўлевіч 

Але нацыянальная самасвядомасць, на погляд Срдана Багасаўлевіча, слаба арганізаваная, сербы слаба ўсведамляюць сябе як сербаў. Не ведаюць нацыянальнай сімволікі, нацыянальных святаў. Быў выпадак, калі адзін з кандыдатаў у парламент памылкова перагарнуў нацыянальны сцяг, атрымаўся як расійскі. Ніхто не заўважыў. Ноччу перагарнуў — і зноўку ніхто не заўважыў.

Супярэчліва, па выніках сацыялагічных апытанняў, выглядаюць і адносіны да праблемы Косава: пераважная большасць людзей хацела б, каб Косава было ў складзе Сербіі, але тая ж большасць лічыць, што яно страчана назаўжды. 

Іншымі словамі, агрэсіўны нацыяналізм быў узрошчаны выключна па волі правячай палітычнай эліты, і яго трансфармацыя ў нацыяналізм дэмакратычны пры наяўнасці адпаведнай палітычнай волі, цалкам магчымы. 

Напрамак — Еўрасаюз 

Рашэнне Сербіі аб уступленні ў Еўрасаюз, на мой погляд, ёсць таму самым відавочным пацвярджэннем і адначасова самым значным крокам да пераасэнсавання сербскай нацыянальнай ідэі. Нягледзячы на цэлы комплекс супярэчлівых фактараў, што атачае гэта рашэнне. 

Рашэнне прынялі тыя самыя партыі, што выйгралі выбары на нацыяналістычных лозунгах, што пераконвалі людзей у заганнасці еўрапейскіх каштоўнасцей. І да таго ж, прынялі пераадолеўшы дастаткова моцнае супраціўленне праваслаўнай царквы. «А выйграўшы, — падкрэсліла старшыня грамадскай арганізацыі «Абаронцы правоў чалавека» Наталля Братулевіч,не пабаяліся сказаць, што Косава прайграна і трэба ісці ў ЕС». І дадала: «Мы ж змагаліся за гэту ідэю 20 гадоў. Але мы не забываем, кім яны былі і кім зноў могуць стаць». 

У гэтай выснове — фіксацыя супадзення інтарэсаў і разам з тым недавер, трывога, каб гэтае рашэнне не аказалася ўсяго толькі тактычным манеўрам пад ціскам цяжкага стану эканомікі (па дадзеных Інстытута статыстыкі, беспрацоўе дасягае 24 працэнтаў) Сербіі і патрабаванняў ЕС — прызнання Косава пад умовы прадстаўлення крэдытаў. 

Але застаецца фактам, што насельніцтва ў большасці сваёй падтрымлівае ўступленне Сербіі ў ЕС. Хаця з пэўнай амплітудай хістанняў. Прычым падтрымка гэта матывуецца спадзяваннямі на лепшае жыццё, што натуральна. Але яно абцяжарана старой ідэяй аб сербах як адвечных ахвярах. З гераічнай гэта ідэя мадыфікавалася ва ўтрыманскую: калі мы ахвяры — усе вінаватыя нам. 

На гэта я пачуў жорсткую выснову з вуснаў Дэяна Іліча: палітыкі замест фармавання філасофіі напружанай працы ў сваіх папулісцкіх абяцаннях людзям і сваёй палітыкай выпрошвання крэдытаў дзе заўгодна і ад каго заўгодна, фарміруюць філасофію жабрацтва. 

Тым не менш, на мой погляд, пры ўсіх складанасцях, менавіта ўступленне ў Еўрасаюз адкрывае для Сербіі акно магчымасцей незваротнай трансфармацыі агрэсіўнай нацыянальнай ідэі ў дэмакратычную стваральную, аб’яднаўчую ідэю. 

На маё пытанне, наколькі аптымістычная такая перспектыва, спадарыня Дубраўка Стаянавіч адказала так: «Гэта залежыць ад інтэграцыі ў Еўропу, ад пераадолення Еўропай крызісу, ад таго, наколькі хутка людзі ў Сербіі адчуюць, што ім стала лепш».