Скаўтынг, канцэрты, «Усход-2017»: што далей рабіць Маладому Фронту?
На сядзібе БНФ прайшла вечарына, прысвечаная дваццацігоддзю арганізацыі, якая спалучыла ў сабе ўспаміны пра былое ды мазгавы штурм наконт будучыні МФ.
Усіх прысутных заля змясціць не здолела, таму вечарына праходзіла ў змешаным фармаце: прамовы ў зале ды ўспаміны напалову з сяброўскімі размовамі ў калідорах ды курылцы. Сярэдні ўзрост прысутных вызначыць было немагчыма, бо прыйшлі як заснавальнікі МФ 1970-х гадоў нараджэння, так і 4-5-гадовыя дзеткі маладафронтаўцаў, народжаных ужо напрыканцы 1980-х.
«Шмат год мы канцэнтраваліся на адной асобе — на Лукашэнку, — казаў лідар МФ Зміцер Дашкевіч. — Але час падказаў, што трэба займацца сабой ды адэкватна ацэньваць свае сілы. Вопыт апошніх год паказаў, што канкрэтных рэзультатаў можна дамагчыся нават невялікімі сіламі: што ў справе збору подпісаў за сцяг, калі 6 чалавек сабрала 6000 подпісаў, што ў справе абароны Курапатаў, дзе ўсё пачыналася таксама з шасці маладафронтаўцаў».
Паводле Дашкевіча, сацыялогія сведчыць як мінімум пра 30 адсоткаў беларусаў, якія хочуць пераменаў. Калі б гэтыя адсоткі, то бок амаль 3 мільёны чалавек, у крамах размаўлялі па-беларуску, пытання Расіі ў нас наогул бы не стаяла, а краіна выглядала б па-іншаму. Таму і формы працы разам з прыярытэтамі трэба пераасэнсоўваць, не адыходзячы ад галоўнага ідэйнага стрыжня.
Падчас вечарыны прагучаў цэлы калейдаскоп ідэяй для дзейнасці, якой маглі б займацца маладафронтаўцы. Ад стварэння кампутарнай гульні «Усход-2017», у адказ на расійска-беларускія вайсковыя вучэнні, да велапрабега па сталіцах краінаў патэнцыйнага Балта-чарнаморскага саюзу, з мэтай паказаць, што беларусы хочуць міру, а не вайны. Казалі таксама пра скаўтынг, канцэрты, кватэрнікі ды іншую культурніцкую працу.
Насамрэч, фактычным адказам пра будучыню МФ стаў сам склад удзельнікаў вечару: палітыкі, актывісты грамадскіх арганізацыяў, бізнесмэны, журналісты, шоўмэны, маладыя мамы і інш. Атрымліваецца, што людзі, якія фармальна ўжо даўно не належаць да арганізацыі, гадамі прасоўваюць яе ідэі на сваіх працоўных месцах, у сем’ях ды парафіях.
Магчыма, акурат гэта і ёсць адначасна адказам на пытанне пра будучыню МФ ды падсумаваннем дзейнасці Фронту ў мінулым. Маладафронтаўцы ўжо не цягнуць неафітаў у арганізацыю, але выбудоўваюць свой «Малады Фронт» на тым месцы, дзе жывуць, працуюць ды гадуюць дзяцей.