«Сказалі, што ў аддзяленні мікрахірургіі вока ёсць кісларод». Чытачка НЧ распавяла, як змагалася з ковідам
У рэдакцыю «Новага Часу» звярнулася чытачка, якая нядаўна выпісалася з лякарні, перамогшы COVID-19. Жанчына распавяла пра свой досвед барацьбы са смяротным вірусам — і пра некаторыя асаблівасці нацыянальнай сістэмы аховы здароўя.
«Самае лепшае — што ўжо дома, — распавядае чытачка НЧ. — Але хачу падзяліцца сваім свежым уражаннем аб лячэнні ў бальніцы.
Як раз па тэме лекараў. Калі хатні лекар сказаў, што пара ехаць і правяраць узровень паразы лёгкіх і паляжаць пад кіслародам, выклікала «хуткую». «Хуткая» аналагічна — пад кісларод! Ок.
У прыёмным пакоі пасля КТ зноў жа — патрэбен кісларод!
А развозяць цяпер не па прапісцы, а праз цэнтр шпіталізацыі, які ўжо кажа дакладна, куды ехаць і дзе яшчэ можна легчы.
Мне выпала 3-я бальніца. Сказалі, што ў аддзяленні мікрахірургіі вока ёсць кісларод.
Не буду казаць, пра бессэнсоўныя спробы нешта лячыць. Цэлы дзень — зняцце паказчыкаў (Т, ціск, сатурацыя). І ўсё. Калі я спытала: у вас ёсць кісларод? Адказ: ёсць! Ды няма... Гэта я потым зразумела.
На аддзяленне кіслародных машын — 5-6, і яны дрэнна працуюць. Суседцы два дні давалі, потым аказалася, што ён прапускае і ёй нічога не паступала. Я ляжала практычна ў той палаце, дзе маёй маме мянялі крышталік. Спадзяюся, што там, дзе кісларод ужо разведзены па палатах (у больш прафіляваных цэнтрах), людзі нешта атрымліваюць.
І як робіцца статыстыка: хуценька пераводзяць праз некалькі дзён, каго ў кардыялогію, каго ў гастра, каго ў эндакрыналогію. Ці варыянт — на рэабілітацыю ў 11-ю бальніцу. Асабліва стромістым прапануюць у Аксакоўшчыну. Так я трапіла ў лік тых, каго вылечылі, — падпісаўшы некалькі распісак. Паток...
Медперсанал шкада вельмі. Яны нават не маюць права даваць тое, што прывезла з сабой. Замест нямецкага «Ксарэлта» — уколы ў жывот беларускімі прэпаратамі».