«Славянскі базар» у гэтым годзе будзе фестывалем ваенна-патрыятычнай расійскай песні?


У віцебскіх сацыяльных сетках зараз актыўна абмяркоўваецца пытанне, ці не стане фестываль «СлаVянскім баZарам», улічваючы, што, акрамя расійскіх артыстаў, у Беларусь наўрад ці хто прыедзе.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Міністр культуры Анатоль Маркевіч распавёў у інтэрв’ю праграме «Тыдзень» тэлеканала СТБ, якім будзе фестывальнае лета ў Беларусі.

«Мы рады бачыць усіх артыстаў, выканаўцаў, хто да нас ставіцца з глыбокай павагай, з душой. Таму новы фармат у «Купалля» («Александрыя збірае сяброў»). Збяром лепшыя традыцыі нашай беларускай зямлі, інтэрактыў будзе прысутнічаць, розныя рэгіёны нашай краіны будуць уцягнуты», — сказаў ён.

Пра «Славянскі базар у Віцебску» А.Маркевіч заявіў, што ён абновіцца. «Добрыя традыцыі мы павінны выконваць, безумоўна. Але фестываль будзе насычаны і новымі блокамі, канцэртнымі праграмамі. Будзе шырокая геаграфія, таму што цікавасць вельмі вялікая і да дзіцячага конкурсу, і да конкурсу эстраднай песні», — заявіў міністр культуры.

Аднак ці ўсё так аптымістычна?

Сайт «Славянскага базару ў Віцебску» ўжо рапартуе аб пачатку продажу білетаў. «Будет круто!» — абяцаюць арганізатары. Аднак афіша фестывалю, мякка кажучы, не ўражвае.

На афіцыйным сайце ёсць толькі агульныя банеры з назвай канцэртаў кшталту «Цыркавая феерыя» ці «Саюзная дзяржава запрашае…», хто выйдзе на сцэну — не вядома. Анансаваны таксама вечар творчасці Сяргея Бязрукава, танцораў казацкага ансамбля песні і танца «Стаўраполле», прызёраў Віцебскага конкурсу мінулых гадоў, канцэрт Уладзіміра Кузьміна. Магчыма, арганізатары плануюць, што фестываль «выратуе» Алена Ваенга ці вечар шансону. Аднак гэты жанр, сказаць шчыра, «на аматараў». Як і шлягеры мінулых гадоў з «зоркамі», якія даўно не «зоркі».

Аб вастрыні праблемы сведчыць той факт, што 7 красавіка на пасяджэнні аргкамітэта фестывалю прысутнічаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Ён спачатку ацаніў падрыхтоўку як добрую, але потым заявіў, што «сцэнарыі адкрыцця і закрыцця патрабуюць невялікай дапрацоўкі, іх трэба напоўніць яркімі і значнымі для публікі артыстамі».

Акрамя таго, на пасяджэнні абмяркоўвалася пытанне фінансавання мерапрыемства ва ўмовах санкцый і эканамічнага крызісу — тэрмінова трэба знайсці пазабюджэтныя сродкі (што звычайна азначае выкуп білетаў прадпрыемствамі), а цэламу МЗС даручана забеспячэнне запрашэння гасцей «з Расійскай Федэрацыі і іншых дружалюбных краін».

Што да конкурсу маладых выканаўцаў, то яшчэ да вайны ва Украіне свой адбор пачалі Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Узбекістан, Малдова, шэраг балканскіх краін — Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, а таксама Італія. Аднак цяпер прыезд на фестываль прадстаўнікоў краін ЕС па зразумелых прычынах пад вялікім пытаннем. Украінцаў на фестывалі таксама не будзе.

У віцебскіх сацыяльных сетках зараз актыўна абмяркоўваецца пытанне, ці не стане фестываль «СлаVянскім баZарам», улічваючы, што, акрамя расійскіх артыстаў, у Беларусь наўрад ці хто прыедзе. Ды і на фоне вайны Расіі супраць Украіны фестываль можа ператварыцца ў правінцыйны конкурс ваенна-патрыятычнай песні.

 “Народная Воля”