СМІ і НДА — хто каго павінен шукаць

Праблемы ўзаемадзеяння недзяржаўных арганізацый і СМІ Абмяркоўваліся 27 студзеня ў Мінску на круглым стале з удзелам прадстаўнікоў НДА,  журналістаў нацыянальных і рэгіянальных недзяржаўных СМІ.



nda_smi_logo.jpg

Круглы стол 27 студзеня

У выніку дыскусіі наконт пытання, што рабіць для прыцягнення ўвагі СМІ да асвятлення дзейнасці трэцяга сектару, удзельнікі круглага стала прыйшлі да наступных высноваў: у першую чаргу самім НДА неабходна ініцыяваць актыўны пошук журналістаў і рэдакцый, якія жадаюць асвятляць дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў; дзеля сістэмнага супрацоўніцтва з друкаванымі і электроннымі СМІ трэба пастаянна падтрымліваць устаноўленыя сувязі праз паведамленні аб запланаваных акцыях, што могуць паспрыяць развіццю асобы і грамадзянскай супольнаці на агульначалавечых каштоўнасцях, а таксама быць цікавымі для грамадства.

У якасці прыкладу такой працы з журналістамі прыводзілася дзейнасць грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, шматлікія і цікавыя акцыі якой шырока асвятляюцца як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі СМІ.

Журналіст Паўлюк Быкоўскі акцэнтаваў увагу на праблеме ролі СМІ ў фармаванні вобразу беларускай грамадзянскай супольнасці. У якасці прыкладу ён прывёў цікавую гісторыю сястры Каці і яе падапечных, апублікаваную ў баранавіцкай газеце “Intex-press“ і на сайце выдання. Кацярына Печарычная, якая працуе сястрою міласэрнасці ў Баранавіцкай чыгуначнай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжу і 20 гадоў адна даглядае за хворымі і самотнымі старымі. праз газету звярнулася за дапамогаю і знайшла міласэрных. Жыхары Баранавічаў перадали падапечным сястры Каці бялізну, лекі, прапанавалі дапамогу ў прыборцы, а жыхарка Мінску падаравала Кацярыне Печарычнай ровар. Акрамя таго, у сацыяльных сетках газета зрабіла для сястры Каці акаунт, у якім можна даведацца пра патрэбы старых і прапанаваць сваю дапамогу. Гэтую акцыю газеты “Intex-press“ Паўлюк Быкоўскі назваў “добрачыннай і бізнэсовай адначасова, бо яна прыцягвае ўвагу людзей і спрыяе папулярнасці выдання”.    

Прадстаўнікі рэгіянальных СМІ звярнулі ўвагу на тое, што пра шараговыя падзеі ў мясцовых НДА яны інфармуюць грамадства праз рэгіянальныя друкаваныя і электронныя СМІ, а пра найбольш важныя акцыі мясцовых структураў трэцяга сектару пішуць артыкулы ў тыя нацыянальныя недзяржаўныя СМІ, з якімі падтрымліваюць сталыя кантакты.