СМІ: затрыманы Юры Чыж і іншыя кіраўнікі «Трайплу»

Як паведамляе партал TUT.by, адзін з уплывовых некалі бізнесоўцаў краіны, які ўваходзіў у найбліжэйшае кола кіраўніка Беларусі, Юры Чыж затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.



e99cd163_9008_4912_b372_a90d00ee591f_w640_r1_s_cx0_cy3_cw0.jpg

Паводле TUT.by, гэтую інфармацыю паведамілі карыстальнікі парталу і пацвердзілі некалькі інфармаваных крыніц.

«У „Трайпл“ былі класічныя „маскі-шоў“. КДБ затрымала кіраўнікоў кампаніі», — напісалі карыстальнікі.

«Вы разумееце, што без санкцый кіраўніка дзяржавы нічога не адбылося. Але ён (Юры Чыж. — TUT.BY) ужо некалькі месяцаў быў у няміласці. Таму нельга сказаць, што затрымалі члена каманды прэзідэнта», — кажа суразмоўца.

«Яго ўплыў, можа быць, аслабнуў, але не настолькі, каб не змагацца за свой бізнес, якому ўжо больш за 20 гадоў. Не апярэджваць падзеі. Усё будзе нармальна», — парыруе чалавек з атачэння Чыжа.

Непрыемнасці пачалі пераследаваць кіраўніка групы кампаній «Трайпл» Юрыя Чыжа неўзабаве пасля затрымання яго партнёра Уладзіміра Япрынцава. Паміж імі адбыўся канфлікт. І меркаванне дзелавых колаў падзялілася з нагоды ўдзелу ў гэтым асноўнага ўладальніка «Трайплу». Адны лічылі, што Чыж мусіў падставіць плячо свайму паплечніку, іншыя лічылі, што правільна зрабіў, што здаў Япрынцава. «На грошы папаў сын Япрынцава. Валодзя як бацька хацеў выратаваць сітуацыю. Але ў выніку сам трапіў за краты па наводцы Юрыя», — кажа крыніца. «А пры чым тут дружба? Як гаворыцца, нічога асабістага — толькі бізнес. Япрынцавы накуралесілі — гэта іх справы», — апануе чалавек з атачэння Чыжа.

Крыніцы сцвярджаюць, што абодва карысталіся заступніцтвам на самым версе і пад гэтай маркай вялі бізнес. «Асноўныя падазрэнні — ашуканскія схемы, вывад капіталу за мяжу. Пасывы і актывы ўжо даўно ў бізнесоўца не скачуць», — кажа суразмоўца парталу TUT.by.

У «Трайпл» адмовіліся ад каментараў. Юры Чыж не здымае трубку. У КДБ атрымаць каментар не ўдалося.

***

Каментуючы інфармацыю пра затрыманне Юрыя Чыжа, эканаміст Леў Марголін сказаў карэспандэнту "Радыё Свабода":

gdb.rferl.org__931d3971_6acb_4_6c308f096973dfda965c6e0f25fb46c8.jpeg

Леў Марголін

«Усе апошнія дзеянні Лукашэнкі кажуць пра тое, што вельмі не хапае грошай. Пра гэта можа сведчыць і затрыманне Чыжа. А калі ўлічыць, што ў нас сталы артыкул бюджэту — гэта адкупныя ад тых бізнесоўцаў, якіх спачатку саджаюць, а потым выпускаюць, то я думаю, што Лукашэнка можа разлічваць на вельмі добры куш ад спадара Чыжа. А калі пакапацца, то гэтых усіх набліжаных можна садзіць аднаго за адным. І ў гэтым ніхто не сумняваецца. Бо ў нас ёсць такая каста тых, хто гуляе з Лукашэнкам у хакей, ці яшчэ нешта робіць разам, і яны лічаць, што ім усё дазволена. Ну, а калі вельмі не хапае грошай, то можна і іх патрэсці. А тое, што гэта было зроблена з вышэйшага дазволу, ніякіх сумневаў няма».

Галоўны рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што пакуль няма афіцыйных пацверджанняў пададзенай інфармацыі пра затрыманне Чыжа:

gdb.rferl.org__ac618e30_cd47_4_97838c6485def6cdf2142ab072054cfa.jpeg

Сяргей Сацук

«У Чыжа вельмі шырокі бізнес, таму можа быць вельмі многа меркаванняў пра тое, за што яго маглі затрымаць, Але ён не першы і не апошні: колькі разоў ужо так затрымлівалі бізнесоўцаў. Раней затрымлівалі таксама партнёраў Чыжа па нафтавым бізнесе. Нейкія дзеянні вакол Чыжа вядуцца ўжо некалькі гадоў. Пастаянна некага вакол яго бралі, а яго не чапалі. Нейкія прэтэнзіі замежныя партнёры прысылалі. Яго партнёры, а не ён сам, пастаянна свяціліся ў крымінальных справах. Тым больш нібыта з падаткамі ў яго былі сур’ёзныя праблемы. Таму зусім можна сказаць, што гэта чакана».

Паводле кіраўніка цэнтру «Стратэгія»  Леаніда Заікі, затрыманне Чыжа сведчыць пра тое, што ўлада ў Беларусі моцная і бескампрамісная:

gdb.rferl.org__256839d8_89e4_4_0ae2b0b5a080ce3d7344bdf8a95f0543.jpeg

Леанід Заіка
«І як казалі ў часы Брэжнева, няма ніякіх закрытых зон для крытыкі партыі. Што ўсе, хто знаходзіцца побач з прэзідэнтам, могуць быць падвергнуты жорсткаму выпрабаванню. Значыць, нешта недзе не так гандлявалі. Чыж — гэта ніякая не ўплывовая асоба, гэта такі самыч, як Абрамовіч пры Пуціне. Гэта нармальная сітуацыя, калі трымаюць людзей на даверы. Але ёсць махляры на даверы, а ёсць памочнікі на даверы. На жаль, у бізнесе ў Беларусі, як і ва Украіне такая сітуацыя існуе. Ён працуе пад тымі або іншымі структурамі, крок управа, крок улева і вынік натуральны. Тым больш ужо было, калі Чыжа на некалькі гадзін „закрывалі“. А потым „адкрылі“.

Але я заўсёды казаў, што трэба ж мець меру. А то ён пабудаваў гмах у цэнтры Менску, апошнія паверхі вышэйшыя, чым кабінет прэзідэнта ў будынку адміністрацыі. Гэтак жа нельга. Я жартаваў, а насамрэч яно так і ёсць».

РС: Чыжа называлі «кашальком» прэзідэнта, як ён мог яго затрымаць?

«Трэба сказаць, што нават у Фросі ёсць тры-чатыры кашалькі. Аляксандр Рыгоравіч чалавек чэсны, кашалькоў няма. Але ён рашае задачы — фінансаваць хакейныя матчы, «Славянскія базары», нейкіх палітыкаў. Не можа быць у вядомага палітыка толькі адзін нейкі Чыж. Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку. Чаму тады прэзідэнт не можа праводзіць шматвектарную бізнес-палітыку?»

***

У 2013 годзе быў абнародаваны топ-10 спісу самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі. Лідарам стаў уладальнік «Трайплу» Юры Чыж. 50-гадовы Юры Чыж — ураджэнец вёскі Сабалі Бярозаўскага раёну Берасцейскай вобласці. Пачынаў бізнес з продажу ў Расію машыны беларускай гарэлкі, а цяпер валодае фірмай «Трайпл», якая займаецца, сярод іншага, і нафтавым бізнесам. Юры Чыж таксама ўласнік заводу будаўнічых матэрыялаў у Бярозе, ён пабудаваў лядовую пляцоўку на праспекце Дзяржынскага, «Чыжоўка-Арэну», якая стала другой па значнасці пляцоўкай для хакейнага чэмпіянату ў Мінску, які прайшоў у 2014 годзе. Юры Чыж валодае таксама футбольным клубам «Дынама — Менск», але пакуль вялікіх поспехаў у гэтым відзе спорту не дасягнуў. Хіба што праславіўся як уласнік, які змяніў за некалькі гадоў больш за 20 трэнераў.

У 2007 годзе Юрыя Чыжа затрымалі праваахоўныя органы, але неўзабаве ён выйшаў на волю і ні ў якай крымінальнай справе не фігураваў.

www.svaboda.org