«Смяротную кару Лукашэнка захоўвае, каб запалохваць нас усіх»

Жыхар Салігорску Аляксандар Буд-Гусаім, які 15 гадоў таму быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне, дамогся перагляду сваёй справы, змены прысуду і месяц таму выйшаў на волю.



bud_husaim.jpg

Аляксандр Буд-Гусаім
Пра парадкі ў калоніі для пажыццёва зняволеных ды ў іншых вязніцах, а таксама пра сустрэчы там з вядомымі людзьмі Аляксандар распавёў карэспандэнту Свабоды.

Жодзіна — беларускі «Белы лебедзь»


«Камера на 4 шконкі. Вось тут параша, тут „бар“ — жалезны шафік для посуду. Гэта палічка для рэчаў, гэта для дакументаў. Пах няволі — гэта пах прыбіральні, увесь час... Толькі лісты, калі прыходзяць, пахнуць інакш — воляй, але потым і іх гэта ўсё прабірае...»
Распавядаючы, Аляксандар цягне руку, нібыта вось яна перад ім — тая палічка. Яшчэ 5 гадоў таму ён не спадзяваўся, што калісці зменіць гэтую камеру на нешта лепшае. Ягоная справа аб забойстве на паляванні завісла ў судах, скаргі не дапамагалі, а наадварот, спараджалі рэпрэсіі. Да катаванняў адгазнікам, як было падчас следства, калі прымушалі ўзяць віну на сябе, не даходзіла, але ў турэмшчыкаў — не меней багаты арсенал сродкаў уздзеяння. Найперш гэта міліцэйскія палкі, якімі б’юць, каб атрымаць прызнанне ў нейкай правіннасці, пакараць за паднятую вышэй чым трэба галаву ці проста дзеля прафілактыкі. Але ёсць захады і больш здзеклівыя. Гэтак аднойчы яго 10 месяцаў не выводзілі на прагулкі, ён забыўся колер травы, а калі нарэшце вывелі на свежае паветра — згубіў прытомнасць. Другім разам змясьцілі ў камеру, якую толькі што апрацавалі хлоркай нібыта для дэзынфекцыі. Каб выратавацца, ён з сябрам абматалі галовы ручнікамі і дыхалі праз шчыліну пад дзвярыма. А трэці сукамернік, які гэтак не перасцярогся, праз паўгода памёр ад хваробы лёгкіх. Таксама да паслугаў начальства ёсць халодны карцэр, у які зэка могуць кінуць за тое, што нібыта ўключыў сярод ночы тэлевізар, хаця святло можна ўключыць толькі з калідора, дзе дзяжурыць ахоўнік.
Але не толькі гэтыя адмысловыя прыёмы — асаблівасць умоваў на «ПЗ». Тут ёсць штодзённыя правілы, уласцівыя толькі гэтаму рэжыму. Сярод іх — асаблівы выхад з камеры. Вязень мусіць выходзіць з камеры пажыццёвікаў толькі задам і толькі ў позе ластаўкі — сагнуты, з задранымі дагары рукамі. У гэты момант ахоўнік хапае вязня за кайданкі, якія таксама па выхадзе абавязковыя, і ставіць у такой позе да сцяны, ды яшчэ звычайна б’е палкай па нагах ці галаве. У калідорах па корпусе вязень «ПЗ» таксама ходзіць толькі сагнутым, з заламанымі дагары рукамі. На двор «ПЗ» выводзяць у суправаджэнні службовых сабак. Калі перавозяць у іншую калонію — вакол размяшчаюць снайпераў.
Наколькі гэта законна? «Аднойчы я запытаў у начальніка „ПЗ“, адкуль яны ўзялі гэтыя правілы, якія ўжываюць да пажыццёвых. Бо ні ў водным жа законе гэтага няма, што мяне, хай я і пажыццёва зняволены, мусяць вадзіць па калідоры „тварам у падлогу“ ды яшчэ і біць палкай, калі падыму галаву і ўбачу нешта вышэй каленяў ахоўнікаў. Начальнік распавёў, што калі рабілі ў Жодзіне аддзяленне для пажыццёвых, дык адпраўлялі па досвед некалькіх супрацоўнікаў у Расію, у сумна вядомую калонію „Белы лебедзь“, дзе трымаюць тэрарыстаў. Тады, дарэчы, там якраз быў чэчэнскі палявы камандзір Радуеў. Вось там нашы і набраліся гэтых захадаў. Кажу, што ў нас жа няма тэрарыстаў, тут безліч аховы, збегчы нерэальна. Усміхаецца. Таму лічу — гэта не меры бяспекі, а проста каб прынізіць чалавека, растаптаць яго годнасць».
Паводле Аляксандра Буд-Гусаіма, у аддзяленні для пажыццёвых ў жодзінскай калоніі сядзіць каля 140 чалавек. Аляксандру даводзілася сустракацца там з вязьнямі, асуджанымі за забойства нават некалькіх чалавек.
Сярод іх ёсць і не вартыя захаваньня жыцьця, але ўсё роўна гэта людзі, таму я супраць забойства нават у выглядзе пакарання. Для кагосці можа прыйсці час, калі стане вядома, што ён быў невінаваты, ці не настолькі вінаваты, каб забіраць жыццё» — лічыць Аляксандар.
У жодзінскай вязніцы Буд-Гусаім выпісваў незалежныя выданні, з якіх зведаў, што за час прэзідэнцтва Лукашэнка памілаваў толькі аднаго чалавека, асуджанага на смерць. «Смяротную кару ён захоўвае, каб запалохваць нас усіх», — мяркуе былы вязень адносна Лукашэнкі.

Скарга са склеенымі аркушамі


Суд над самім Аляксандрам, як ён кажа, праходзіў усяго 5 гадзінаў. Перад абедам пачалі, да вечара далі пажыццёвае. «А потым проста ніхто не хацеў разбірацца ў справе — на скаргі прыходзілі фармальныя адказы, што праверылі, не пацвердзілася. Я нават праводзіў эксперымент — адпраўляў скаргу з некаторымі склеенымі аркушамі. Яна ў такім жа выглядзе і вярталася, аркушы заставаліся склееныя. То бок проста не чыталі».
Тым часам на волі таксама працягвалася змаганне за перагляд справы Аляксандра Буд-Гусаіма. Ягонай жонцы Марыі, якая абівала парогі судоў, пашанцавала — яна пазнаёмілася з такой жа ахвярай судовых памылак, як і сама — з Людмілай Кучурай. Гэтая жанчына, якая жыве ў Мінску, больш за 10 год змагаецца за вызваленне свайго мужа. Справы Буд-Гусаіма і Кучуры былі падобныя — таксама забойства падчас палявання, таксама, як лічаць асуджаныя і іх сваякі, на забойцаў прызначылі невінаватых, каб схаваць сапраўдных злачынцаў, звязаных з уладай.
Людміла Кучура пачала заступацца таксама і за Буд-Гусаіма і ў выніку ягоная справа патрапіла на пісьмовы стол уплывовага чыноўніка, які, відаць, вырашыў, што прыйшоў час крыху выправіць старую судовую памылку. Справу Аляксандра перакваліфікавалі ды зменшылі яму тэрмін пакарання. На той момант Аляксандар ужо сядзеў у глыбоцкай калоніі, куды некаторых пажыццёвікаў пераводзяць пасля адбыцця 10 гадоў у «ПЗ». Калі Аляксандар адтуль з'яжджаў у Наваполацак, яго віншавалі не толькі вязні, але і адміністрацыя. «Не маглі паверыць, што дамогся перагляду справы, такога звычайна не бывае».

Турэмны бунт ў Наваполацку


Пасля Жодзіна перад «хіміяй» Аляксандар Буд-Гусаім прабыў каля паўгода ў наваполацкай калоніі, якой сёння ўжо не існуе. Пра тую калонію згадаў, што там была вельмі дрэнная экалогія і вельмі дрэнная ежа. «Як з „Нафтану“ нейкі выкід — проста немагчыма дыхаць, бо гэта ж зусім побач, фактычна за плотам. Людзей пачынае біць кашаль, слязяцца вочы. А тут яшчэ зусім дрэннае харчаванне — гнілая капуста, нейкая чорная каша. З-за гэтага аднойчы быў бунт».
Як аказалася, бунтам усё ж тыя падзеі называць не выпадае. Проста вязні спынілі харчаванне ў сталоўцы, бо казённую ежу есці стала немагчыма. Прыходзілі ў сталоўку, пастаяць ды вяртаюцца ў атрады. Начальства спачатку раззлавалася, рыхтаваліся рэпрэсіі, але, відаць, забаяліся шуму і крыху далі рады ў сталоўцы. Харчаванне палепшала. Але на пытанне пра здольнасць да арганізаванага пратэсту беларускіх вязняў Аляксандар Буд-Гусаім адказвае катэгарычна. «Усе ведаюць, што зэк — гэта ніхто і завуць яго ніяк. Фармальна ў нас нейкія правы ёсць, але рэальна няма ніякіх. Таму маўчаць і трываюць».

Як з Саннікавым чыфірыў


У Наваполацкай калоніі Аляксандар сустракаўся з былым кандыдатам на прэзідэнта Андрэем Саннікавым. У той дзень Аляксандар быў галоўным па камеры, дзе падтрымліваўся нядрэнны парадак («у нас нават дыванкі ляжалі на падлозе»), як да іх запусцілі чалавека, у якім не адразу можна было пазнаць былога кандыдата на прэзідэнта, бо быў без барады. «Ён назваўся, а мы ж газеты чыталі, ведалі пра такога. Аказаўся вельмі прыемным і разумным чалавекам. Чыфіра яму заварылі, дык ён вытрымаў, папіў з намі», — згадвае Аляксандар першую сустрэчу з Саннікавым. Кажа, што Саннікаў быў збольшага закрытым чалавекам, але пра палітыку пагаварыць з ім было вельмі цікава. Згадвае, што даставалася Саннікаву ад адміністрацыі напоўніцу. «Нават напярэдадні пераводу ад нас зладзілі яму правакацыю — падкінулі самаробны ножык, запісалі парушэнне. Да нечага дрэннага, відаць, рыхтавалі».
А ўвогуле, паводле Аляксандра, палітыкай вязні беларускіх калоній цікавяцца ці не болей, чым вольныя людзі. «Змена ўлады — любімая тэма, Лукашэнка — самы нелюбімы персанаж. Хаця ёсць працэнтаў 10, якія яго рашуча падтрымліваюць».

«Пры мне пра прэзідэнта дрэнна не казаць»


Сярод такіх аказаўся і былы афіцэр спецназу «Алмаз» Максім Малік, асуджаны да пажыццёвага тэрміну ў тым ліку за выкраданне аператара ОРТ Змітра Завадскага. З Малікам мой суразмоўца прабыў нейкі час у адной камеры, але зусім нядоўга. «У мяне з Малікам выйшаў канфлікт. Яго як да нас пасадзілі, дык ён заяўляе: „Пра прэзідэнта дрэнна не казаць!“ Пытаюся ў яго, а чаму, яго ж Лукашэнка пасадзіў? Не, адказвае, той нічога не ведае. Пытаюся пра эскадроны смерці, нездарма ж іх гэтак назвалі? Кажа, што тое журналісты прыдумалі, не было ніякіх эскадронаў. У выніку хутка яго ад нас забралі, бо мог узнікнуць жорсткі канфлікт. Ведаю, ён хваліўся, як сеў на Жодзіна, што праз 5 гадоў выйдзе на волю, але адзінае, што ў яго атрымалася — перавялі ў Глыбокае. Як усіх, хто без асаблівых парушэнняў адбыў 10 гадоў. Таму зараз сядзіць ў глыбоцкай калоніі», — распавёў Аляксандар Буд-Гусаім.
svaboda.org