"Усіх падстрыгчы пад адзін грэбень" — каб не жыравалі
На нарадзе 11 лістапада пры справаздачы ўрада і Нацбанка аб працы эканомікі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з расходамі ў банкаўскай сферы і аптымізаваць іх, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Лукашэнка падкрэсліў: "Банкі жыруюць! Прыцягваемыя рэсурсы банкі бяруць пад 20%, а потым перапрадаюць гэтыя грошы на 15-20% даражэй. А банкіры яшчэ кажуць: дык нам гэтага
мала, каб банкі нармальна функцыянавалі".
Звяртаючыся да кіраўніка Нацбанка Надзеі Ермаковай, Лукашэнка заявіў: "Каб не было больш размоў наконт таго, што вы там жыруеце разам з банкамі, давайце дамовімся так. Я да
прыкладу формулу гавару. Ваша зарплата павінна быць блізкая да зарплаты прэм'ер-міністра. Усе астатнія павінны быць выбудаваныя, як ва ўрадзе. Хто не хоча працаваць —
звальняйцеся адразу. Тое ж самае па расходах усіх банкаў, пачынаючы ад вас і заканчваючы іншымі. Хопіць з вас двух аўтамабіляў у Нацбанку — значыць, два легкавыя аўтамабілі. Сёння гэта
нятанна, тым больш такія цэны на бензін. Я гэта да прыкладу кажу. Зарплата, утрыманне, праграмнае забеспячэнне, без якога не абысціся — асабіста зацвярджайце кожнаму. Усё астатняе
ўбраць. І асабіста мне паведаміце сваю пазіцыю, не ўзгадняючы ні з якімі банкамі".
"Усіх падстрыгчы пад адзін грэбень, — запатрабаваў Лукашэнка. — І тады, калі і дрэнна будзе, мы народу зможам растлумачыць. Дрэнна? Дрэнна ўсім. Гэта не дробнае пытанне. Як высвяляецца, яно ў 15-17% выліваецца пры кошце крэдытных рэсурсаў нашых банкаў. Прычым нягледзячы ні на беларускія банкі, ні на расійскія, ні на замежныя — усіх падстрыгчы пад адзін грэбень".