«Смяротнасць не павялічылася». Міністэрства аховы здароўя — аб адключэнні сістэмы падачы кіслароду ў Віцебскай БХМД

За апошнія два месяцы смяротнасць у Віцебскай БХМД не павялічылася. Пра гэта паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк журналісту TUT.BY, які як фізасоба патэлефанаваў на прамую тэлефонную лініі Міністэрства аховы здароўя.

bsmp_koronavirus_gryaznaya_zona_26042020_mat_tutby_pil_00026.jpg

Таксама Барыс Андрасюк дадаў, што цяпер праводзіцца паўторная праверка па кожнай смерці за гэты перыяд. Нагадаем, раней загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскай БХМД Уладзімір Мартаў распавёў TUT.BY аб надзвычайным здарэнні ў яго бальніцы. У пачатку студзеня ў бальніцы ў хірургічным корпусе, паводле яго слоў, тры разы адключалася падача кіслароду - на 15, 20 і 23 хвіліны.
Барыс Андрасюк сказаў, што ў Віцебскай БХМД з-за перагрузкі сеткі былі кароткачасовыя збоі ў працы сістэмы падачы кіслароду. «Таму прыйшлося ў тэрміновым парадку ўзмацняць газавую станцыю» — удакладніў намеснік міністра. Аднак смяротнасць за гэты перыяд у бальніцы, па яго словах, не павялічылася.
— Цяпер ідзе разбор кожнага выпадку. Доктар сцвярджаў, што ў выніку гэтага (адключэння падачы кіслароду. — заўв.) памёр не адзін чалавек. Гэта значыць, атрымліваецца, што смяротнасць павінна была падвысіцца. Лагічна? — разважае Барыс Андрасюк. — Мы зрабілі за апошнія два месяцы аналіз, усё было роўна. Але цяпер даследуецца кожная смерць — ужо даследавалася, але цяпер паўторна, каб удакладніць, ці паўплывала гэта адключэнне.
Намеснік міністра ўдакладніў, што пры адключэнні сістэмы падачы кіслароду апарат ШВЛ працягвае працаваць, але пераходзіць на вентыляцыю атмасферным паветрам.
— Апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх працуе ад электрычнасці. Кісларод падаецца для таго, каб павялічыць яго канцэнтрацыю — тлумачыць Барыс Андрасюк.
Гэта значыць збоі ў працы станцыі, як кажа намеснік міністра, «паўплывалі толькі на канцэнтрацыю кіслароду на 2-3 хвіліны, цяпер гэта ўдакладняецца па сведчаннях прыбораў, працуе камісія».

Надзвычайнае здарэнне з кіслародам ў БХМД Віцебска

Загадчык аддзялення рэанімацыі Віцебскай БХМД Уладзімір Мартаў на днях распавёў TUT.BY аб надзвычайным здарэнні ў яго бальніцы. У пачатку студзеня ў бальніцы ў хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду — на 15, 20 і 23 хвіліны. «Хтосці памёр у тыя ж дні, хтосці — на наступны дзень, хтосці — праз 3-5 дзён». Мартаў не назваў дакладную колькасць памерлых, але сказаў, што гэта быў «не адзін і не два чалавекі». Медык паведаміў пра гэта міністру Піневічу, той даслаў у бальніцу камісію, вынік усяго гэтага: па словах лекара, перабоі з кіслародам ёсць і дагэтуль, самому ж Мартаву з красавіка не працягваюць кантракт.
У пятніцу, 12 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка пабываў у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы і там спытаў у кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча пра гэта надзвычайнае здарэнне. «Былі невялікія перабоі», — так пракаментаваў сітуацыю Піневіч. Лукашэнка запатрабаваў: «Ну, калі там палітыка, то, значыць, трэба на месца ставіць чалавека». «Паставім», — паабяцаў Піневіч.
«Падача кіслароду не залежыць ад таго, загадчык аддзялення рэанімацыі апазіцыянер ці не», — адказаў на гэта Уладзімір Мартаў.
Пазней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў, што па яго дадзеных, перабоі ў падачы кіслароду ў шпіталі не былі прычынай гібелі пацыентаў.
— Па сцвярджэнні іншых спецыялістаў, гэта было кароткачасовае падзенне ўзроўню патоку кіслароду, якое не паўплывала фатальна на тое, што распавядаў наш шаноўны Уладзімір Юр'евіч, — казаў Піневіч.
У Міністэрстве аховы здароўя паабяцалі, што больш падрабязна разгледзяць сітуацыю на ўзроўні лячэбна-кантрольнага савета ведамства.
Паводле tut.by