Спорт па нядзелях. Памылка палкоўніка, дзве Ганны на маршы

Заход каляндарнага года ў зіму адразу прынёс прыемнасці з адпаведных відаў спорту — фрыстайла і біятлона. Аднак галоўнай тэмай тыдня сталі вострасюжэтныя прыгоды старшыні футбольнай федэрацыі ў Чэхіі. «НЧ» — з традыцыйнай нядзельнай зводкай спартыўных падзей.

2_465.jpg

Базанаў трапіў у пастарунак і ў сусветную прэсу

«Нічога ж не зрабіў, толькі ўвайшоў…» — казаў герой гайдаеўскай камедыі, патрапіўшы пад жорсткую раздачу абаяльнай «каўказскай палонніцы». Нешта падобнае можа казаць і кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў пасля сваёй няўдалай паездкі ў Чэхію.

Палкоўнік у адстаўцы, які ўжо трэці год кіруе БФФ, сапраўды нічога не зрабіў. Усяго толькі прыехаў у Чэхію разам з жаночай зборнай Беларусі, якую чакаў там чарговы адборачны паядынак. Усё выглядала як звычайная дзелавая камандзіроўка, хаця наяўнасць побач з Базанавым жонкі надавала вандроўцы пэўныя непрацоўныя рысы. Зрэшты, папрацаваць на дабрабыт шматпакутнага беларускага футбола гэтым разам не давялося нікому. Гульню зборнай у выніку адмянілі — дакладней, перанеслі на чэрвень праз каронавірус, знойдзены адразу ў некалькіх нашых футбалістак. Сам жа кіраўнік канцэсіі неспадзявана патрапіў у чэпкія рукі мясцовых паліцыянтаў.

Чаму? Таму што санкцыі.

Строга кажучы, у лік непажаданых персон Уладзіміра Базанава колькі месяцаў таму запісалі толькі краіны Балтыі — за неналежнае стаўленне да футбалістаў і трэнераў, якія летась падтрымалі перамены. І паколькі Чэхія ад Вільнюса ды Рыгі далёка, то старшыня БФФ спакойна накіраваўся ў падарожжа, маючы шэнгенскую візу і пачуваючы сябе ў поўнай бяспецы. І ў тым была ягоная стратэгічная памылка.

Справа ў тым, што ўнутраных межаў Еўрапейскі саюз не мае, і чэшскі бок без доўгіх сумневаў распаўсюдзіў балтыйскія персанальныя рэстрыкцыі на сваю тэрыторыю. І, натуральна, за высокім беларускім госцем прыйшлі…

1_504.jpg

Чым усё скончылася, вы, напэўна, ведаеце. Беларускага футбольнага функцыянера забралі ў паліцэйскі пастарунак, нейкі час там патрымалі ў мэтах разбіральніцтва — ну і потым хуценька анулявалі еўрасаюзаўскую візу, абавязаўшы падсанкцыйную асобу пакінуць краіну ў кароткі тэрмін. На развітанне сказалі голасам МЗС: «Сябрам і саюзнікам Лукашэнкі няма чаго рабіць у Чэхіі».

Што казаць, гісторыя атрымалася яскравая і гучная. І нешта падказвае, што яна нават можа мець працяг. Бо надта ж актыўна — і зусім не ўхвальна — пра базанаўскія прыгоды пісалі на гэтым тыдні шматлікія еўрапейскія медыя.

МАЗ завярнулі з «Дакара»

Зруйнвалі санкцыі і светлыя мары беларускіх аўтагоншчыкаў з каманды «МАЗ-СПОРТаўта». Айчынныя Шумахеры (без іроніі — адны з фаварытаў любых міжнародных спаборніцтваў) рыхтаваліся да стартаў у прэстыжным ралі «Дакар». І падалі адпаведную заяўку, і ўжо забраніравалі паром з Францыі на Аравійскі паўвостраў, і ўжо бачылі сябе на зыбучых трасах сярод рову матораў… Але не: усе амбітныя намеры паляцелі пад адхон. Прадстаўнікоў Беларусі не дапусцілі да ўдзелу ў знакамітай дакарскай гонцы.

3_415.jpg

Аб прычынах адразу зашамацела неафіцыйна: відаць, санкцыі, бо МАЗ жа патрапіў пад чацвёрты пакет ЕС. Неўзабаве здагадкі спраўдзіліся — так, менавіта праз гэтыя абмежаванні «баліды» Мінскага аўтамабільнага завода апынуліся лішнімі на студзеньскім свяце жыцця. Як было пракаментавана ўслед, таму што «ўдзел каманды будзе расцэнены як рэклама прадпрыемства, якое знаходзіцца пад санкцыямі».

Цікава, што гэтым разам ралі «Дакар» прымае Саудаўская Аравія — усходняя краіна, якая не ўваходзіць у Еўрапейскі саюз і не тое, каб падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці. Аднак і гэтая геаграфічная падрабязнасць анічым мазаўцам не дапамагла.

Узнікае пытанне: што ж тады будзе далей? Якое выйсце знойдуць беларускія функцыянеры, каб рухавікі МАЗа зноў было чуваць на дакараўскіх віражах? У прэсе з’явілася інфармацыя, што камандзе «МАЗ-СПОРТаўта» могуць надаць статус нацыянальнай зборнай. Але ці дапаможа гэта абысці санкцыі, пакуль сказаць складана.

Дзве Ганны — два п’едэсталы

Праз два месяцы пачнуцца зімовыя Алімпійскія гульні, і прагнозы на выступ у Пекіне беларусаў ужо не такія змрочныя. Бо на днях да медальных вышынь дацягнуліся адразу дзве айчынныя спартсменкі — дзве Ганны, дзве дзяўчыны з уласнай грамадзянскай пазіцыяй, адна фрыстайлістка, другая біятланістка.

2__3.jpg

Ганна Гуськова (на здымку) — лыжная акрабатка. Менавіта так спартыўныя журналісты называюць майстроў фрыстайлу. Некалі топавы ў Беларусі від, зараз ён перажывае складаныя часы. З вядомых прычын адсунуты ад вялікіх спраў трэнер-мэтр Мікалай Казека, з вядомых прычын адсутнічае сярод удзельніц Аляксандра Раманоўская, а былыя зоркі ў большасці згаслі, бо проста прыйшоў час. Па сутнасці, Ганна Гуськова — трыумфатарка Пхенчхана-2018 — адзіная алімпійская надзея Беларусі ў фрыстайле, але ж і ў яе не ўсё проста. Цяжкая траўма доўга трымала мінчанку па-за спаборніцтвамі, а вяртанне ў вялікую гульню — працэс заўсёды непрадказальны.

Аднак, падаецца, яна вярнулася. На этапе Кубка свету ў фінскім Рука Ганна ўзышла на п’едэстал — стала трэцяй. Вядома, гэта толькі факт, які нічога не гарантуе ў Пекіне. Але яшчэ гэта і добры знак, пробліск. І, хто ведае, магчыма, ён сведчыць аб тым, што чуткі пра смерць беларускага фрыстайлу моцна перабольшаныя.

Ганна Сола — страляючая лыжніца. Так спартыўныя журналісты называюць майстроў біятлону. Пра гэтую Ганну мы ўзгадвалі мінулым разам, падкрэсліўшы, што ў новым біятлонным сезоне ёй пакуль крыху не хапае для сапраўднага поспеху. І вось акурат хапіла: у шведскім Эстэрсундзе падчас першага этапа Кубка свету беларуска фінішавала трэцяй у спрынтарскай гонцы. Нягледзячы на складанае надвор’е і кроў, што раптам пайшла носам ва ўраджэнкі Шуміліна.  

Фота pressball.by, reuters.