Якая краіна выдала шэнгенскую візу футбольнаму кіраўніку Базанаву? Гэта ўжо вядома
Гэта праз крыніцы ў паліцыі даведалася аўтарытэтнае чэскае выданне Deník N.
Старшыня беларускага футболу Уладзімір Базанаў, якога на
мінулым тыдні паліцыя выслала з Чэхіі, атрымаў візу ў шэнгенскую зону з
Венгрыі, сцвярджае Deník N.
«Сёння ў Беларусі прасцей за ўсё атрымаць шэнгенскую візу
праз гэтую краіну, выкарыстоўваючы высокія палітычныя кантакты», — кажа
аналітык Асацыяцыі міжнародных справаў Павел Гаўлічак.
Замежная паліцыя затрымала футбольнага чыноўніка ў аўторак — ён суправаджаў жаночую футбольную зборную ў Чэхію. Праз дзень яму анулявалі
візу і прадпісалі пакінуць краіну.
Дагэтуль было невядома, якім чынам Базанаў, які знаходзіцца
ў санкцыйных спісах, атрымаў візу, бо чэскае Міністэрства замежных спраў яму
візы не выдавала. Deník N даведалася з трох крыніц у МЗС і і паліцыі, што
стандартную трохмесячную візу яму выдала Венгрыя.
Венгерская амбасада ў Чэхіі ад камэнтароў адмовілася і
накіравала журналістаў з пытаньнямі ў МЗС.
Міжнародны аналітык Гаўлічак кажа, што зусім не здзіўлены,
што Базанаву даў візу Будапешт. Ён звяртае ўвагу, што на працягу апошніх
дзесяці гадоў Венгрыя была найбуйнейшым еўрапейскім хаўруснікам Расіі ці
Кітаю і іх прыхільнікаў, у тым ліку Беларусі.
«У той час, калі адносіны паміж Польшчай і Літвой з Беларуссю былі ўжо зусім катастрафічнымі, мы былі сведкамі сустрэчы Орбана з Лукашэнкам у духу добрага эканамічнага супрацоўніцтва», — згадвае Гаўлічак.
Паводле яго, прыязны падыход Будапешта да некаторых праблемных краін быў відавочны з моманту прыходу да ўлады Віктара Орбана ў пачатку мінулага дзесяцігоддзя. Асноўны матыў — дзелавыя адносіны і эканамічная аргументацыя, якую цяперашні венгерскі прэм'ер ставіць вышэй за ўсё.
Паводле svaboda.org.