CNN: У ЗША абмяркоўваюць санкцыі супраць «акружэння Пуціна» і магчымае адключэнне Расіі ад SWIFT
Афіцыйныя асобы ў ЗША разглядаюць магчымасць увядзення новага пакета санкцый супраць Расіі ў сувязі з сітуацыяй вакол Украіны. Пра гэта са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамляе тэлеканал CNN.
Паводле звестак CNN, новыя эканамічныя санкцыі ЗША супраць Расіі могуць быць накіраваны на энергетычныя кампаніі, банкі і «асяроддзе Пуціна». Таксама абмежавальныя захады могуць быць прынятыя ў дачыненні да дзяржаўнага доўгу краіны. Паведамляецца, што цяпер Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна вядзе перамовы з еўрапейскімі партнёрамі для каардынацыі дзеянняў.
Крыніцы тэлеканала таксама сцвярджаюць, што ў так званым «ядзерным варыянце санкцый» разглядаецца пытанне аб адключэнні Расіі ад міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT.
«Мы склалі страшэнна агрэсіўны пакет», — заявіў CNN адзін з амерыканскіх чыноўнікаў. Ён таксама папярэдзіў, што калі Расія ўварвецца ва Украіну, то ЗША і Еўропа ўвядуць найгоршыя эканамічныя санкцыі, якія калі-небудзь ўжываліся супраць іншай краіны, за выключэннем Ірана і Паўночнай Карэі.