ЗША афіцыйна абвясцілі дыпламатычны байкот Алімпіяды ў Пекіне
Прадстаўнікі ўладаў ЗША не будуць прысутнічаць на зімовых Алімпійскіх гульнях у Кітаі, паведаміла прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі.

Прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі
— Улічваючы генацыд у Сіньцзяні, які праводзіцца КНР, і іншыя парушэнні правоў чалавека, адміністрацыя Байдэна не будзе адпраўляць дыпламатычную або афіцыйную дэлегацыю на Алімпіяду і Паралімпіяду ў Пекін, — перадае словы Псакі РІА «Новости Спорт».
Паводле яе слоў, ЗША праінфармавалі саюзнікаў пра рашэнне дыпламатычнага байкоту Алімпіяды. Тыя самі павінны вырашаць, як ім паступаць у гэтай сітуацыі.
Нягледзячы на дыпламатычны байкот Алімпіяды з боку ЗША, амерыканскія спартсмены прымуць у ёй удзел.
— Спартсмены з каманды ЗША карыстаюцца нашай поўнай падтрымкай. Мы іх будзем падтрымліваць на 100%, будзем заўзець за іх з дому, — сказала прадстаўніца Белага дома.