У ЗША падрыхтавалі закон аб вывучэнні ў школах гісторыі камунізму і ГУЛАГу

Рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў ЗША прадставілі законапраект, які заахвочвае школы ўключаць у навучальныя праграмы гісторыю камунізму.

4ee99d9b91e9a53393d8a8b4d9d6b152.jpg


Дакумент прадставіла на прэсавай канферэнцыі кангрэсвумэн з Флорыды Марыя Салазар, якая нарадзілася ў сям’і кубінскіх эмігрантаў. Яго распрацоўвалі 60 чальцоў ніжняй палаты амерыканскага парламента, піша «Радыё Свабода».

Па словах Салазар, траціна прадстаўнікоў пакалення Z, якія нарадзіліся ў перыяд з 1997 па 2012 год, добразычліва ставяцца да камунізму, а больш за 40 % міленіялаў «кажуць, што мала ведаюць аб марксізме». Дэпутат лічыць, што школы мусяць даць жыхарам больш ведаў пра гэта.

«Праўда ў тым, што камунізм — гэта рак, — заявіла Салазар. — Адзіная роўнасць, якую забяспечвае камунізм, — гэта быць аднолькава беднымі, аднолькава галоднымі, аднолькава прыгнечанымі і аднолькава высланымі».

«Амерыканскія навучэнцы павінны ведаць аб савецкіх ГУЛАГах, як Сталін наўмысна марыў голадам 3,5 мільёна ўкраінцаў, — заявіў кангрэсмен Дэн Крэншоў з Тэхаса. — Яны павінны ведаць аб культурнай рэвалюцыі Мао, у выніку якой загінулі дзясяткі мільёнаў кітайцаў. Яны павінны ведаць аб сучасным рабстве, у якім наўпрост цяпер жывуць мусульмане-уйгуры».

Паводле яго, законапраект закліканы гарантаваць, што камунізм «застанецца на звалцы гісторыі — там, дзе яму і месца». «Школьнікі павінны ведаць, што азначае футболка з партрэтам Чэ Гевары, якую носіць іх аднакласнік», — дадаў ён.

У чэрвені губернатар-рэспубліканец Рон Дэсантыс падпісаў закон, які патрабуе выкладання гісторыі камунізму ў дзяржаўных сярэдніх школах штату Флорыда. На цырымоніі падпісання ён зазначыў, што выпускнікі школ павінны ведаць аб небяспецы таталітарных ідэалогій.