Станіслаў Салавей: Міністр аховы здароўя ўхваляе перапрацоўкі лекараў

Міністэрства аховы здароўя сумесна з прафсаюзам будзе маніторыць заробкі лекараў, якія атрымліваюць ніжэй за 2300 рублёў, заявіў кіраўнік ведамства Дзмітрый Піневіч. Так міністр адрэагаваў на негатыўную рэакцыю медыкаў пасля таго, як ён агучыў сярэдні заробак медработнікаў у Беларусі.

Станіслаў Салавей 

Станіслаў Салавей 


«Мы будзем разбірацца, чаму так здарылася. Можа, медык своечасова не атрымаў катэгорыю або ёсць магчымасць падпрацаваць у рамках сумежнай спецыялізацыі», — сказаў Піневіч.

Лекар Станіслаў Салавей у каментары «Філіну» адзначае, што агучаны сярэдні заробак медыкаў 2300 рублёў — «бруднымі», гэта значыць без выліку падаткаў і прафсаюзных унёскаў.

— І плюс да ўсяго іншага, гэта сапраўды заробак не на стаўку, а больш. Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя заявіў, што, можа, у кагосьці з лекараў няма катэгорыі. Мяркуючы па гэтай логіцы, маладыя лекары ў прынцыпе такі заробак не атрымаюць, таму што апрыёры няма катэгорыі і, можа, можна падпрацаваць па сумежнай спецыяльнасці.

Сустрэчнае пытанне: што значыць падпрацоўка па сумежнай спецыяльнасці? Для гэтага ў лекара павінна быць першасная спецыялізацыя, а гэта паўгода навучання. А інакш гэта называецца не зусім законная праца. Не можа лор працаваць практолагам. А атрымліваецца так: «Вы хірург? Прымайце як лор».

Без спецыялізацыі ў лор-хваробах гэта з'яўляецца супрацьзаконным. Па сутнасці, калі вы мала атрымліваеце, значыць, вы мала працуеце — вось вам перапрацоўка. Або працуйце яшчэ па іншай спецыяльнасці, на якую ў вас няма фармальнага права.

Так у прынцыпе адбываецца ў раёнах, калі хірург займаецца траўматалогіяй і сківічна-тваравай хірургіяй, і нейрахірургіяй, і ўралогіяй, і практалогіяй, што таксама з'яўляецца супрацьзаконным.


На думку суразмоўцы «Філіна», чарговае змяненне сістэмы аплаты стварае блытаніну і мае на мэце стварыць бачнасць, што зарплата павышаецца.

— Ёсць два варыянты развіцця падзей два. Мала атрымліваеце? Працуйце больш! Гэта значыць, наперад — з перапрацоўкамі. І другі варыянт: павінны быць добрыя паказчыкі. Значыць, будуць выяўляць, што лекар дрэнна лечыць. Не выконвае платныя паслугі, планавыя нормы.

Як сказаў у гутарцы са мной галоўны ўрач адной з беларускіх бальніц, любы кіраўнік можа знайсці спосаб звольніць падначаленага вельмі хутка...

У Еўропе працоўныя правы медыкаў абараняюць прафсаюзы. Забастоўкі медыкаў з патрабаваннем павышэння зарплаты — гэта ў прынцыпе нармальная практыка. Людзі змагаюцца за паляпшэнне ўмоў працы і павышэнне зарплаты. Гэта сусветная тэндэнцыя.

Нармальных, цывілізаваных адносінаў «працадаўца — працаўнік» у нас няма. У нас знішчаныя прафсаюзы, адпаведна, заявы кіраўніка Міністэрства аховы здароўя я расцэньваю як «пабудуем камунізм у наступным годзе — і ўсім будзе добра».

На думку Станіслава Салаўя, у лепшым выпадку павышэнне заробкаў медработнікам будзе кампенсаваць інфляцыю.

— Але я не веру ў такі рост, хутчэй за ўсё, будзе падзенне. Максімум будзе рост за кошт таго, што менш лекараў застанецца ў медыцыне, і нагрузка на пакінутых у сістэме павялічыцца. Адпаведна, гэта будзе адбівацца на зарплаце.


Займацца абаронай працоўных правоў у Беларусі зараз немагчыма, мяркуе лекар. Станіслаў Салавей не выключае, што ў найбліжэйшай будучыні тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні лекараў павялічыцца да 5 гадоў. Такія высновы ён робіць з апошніх інтэрв'ю кіраўніка Міністэрства аховы здароўя і заяў Лукашэнкі.

Гаворачы аб ролі праўладнага прафсаюза, Станіслаў Салавей кажа:

— Не магу нават назваць гэта словам «прафсаюз». Гэта проста арганізацыя, якая забірае 1% заробку ў работнікаў і нічога пры гэтым не робіць. У нас у працоўным заканадаўстве выразна прапісана, што 24 гадзіны — гэта мяжа працы, якую можа працаваць чалавек без адпачынку. Пасля гэтага ты абавязаны сысці на 48 гадзін адпачываць.

У нас 32-гадзінныя змены медыкі працуюць, а ўсе графікі з рабочымі зменамі спакойна падпісваюцца старшынёй прафкама. Вось вам прыклад працы прафсаюза.

Хоць нешта прафсаюз зрабіў для абароны работнікаў у прынцыпе? Умовы працы, перапрацоўкі, павелічэнне нагрузкі, зарплата — гэта іх ніколі не хвалявала. Гэта не прафсаюз. Гэта проста чарговы наглядны орган, мэта якога душыць незадаволенасць работнікаў. І пры гэтым яшчэ забіраць у іх грошы.