Лекар: «Цяпер такія ўмовы працы, калі з'яўляецца вялікі стымул з'ехаць»

Лекар-гінеколаг Станіслаў Салавей у інтэрв'ю «Звычайнай раніцы» расказвае пра тое, чаму медыкам цяпер прасцей з’ехаць з краіны, чым застацца ў Беларусі. І чаму «забараняльныя захады» ўскладняюць ад’езд, але не спыняюць яго.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


У апошні час у Беларусі ўсё часцей сталі з'яўляцца навіны пра затрыманні і завядзенні крымінальных спраў супраць медыцынскіх супрацоўнікаў. Прычым затрымліваюць не толькі тых, хто выступаў супраць рэжыму ў 2020 годзе, але і тых, хто заставаўся лаяльным.

— Атакуюць усіх, не толькі лекараў, але і выкладчыкаў, ІТ-спецыялістаў, рабочых, прадпрымальнікаў. Адзінае — рэпрэсіі ў медыцынскай сферы, напэўна, найбольш яркія, таму што яна з'яўляецца апошнім дасягненнем дзяржавы, — кажа Станіслаў Салавей. — Нічога сацыяльнага ўжо няма, затое засталася бясплатная медыцына. Гэта значыць, тэма медыцыны больш адчувальная для дзяржавы.

Другі момант у тым, што медык — гэта не спецыяліст, якога можна ўзяць з паветра па пстрычцы пальцаў. Усё ж такі гэта працэс вельмі доўгай і дарагой падрыхтоўкі.

Медык адзначае: сёння ў Беларусі назіраецца вялікі адток кадраў. У верасні стала вядома, што толькі ў Польшчу за апошні год прыехалі і ўладкаваліся на працу блізу тысячы лекараў. Станіслаў мяркуе, што ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да медыкаў можа прывесці да яшчэ большага адтоку спецыялістаў.

— Гэта можа быць вельмі хуткі ад'езд лекараў. І гэта нягледзячы на тое, што цяпер медыкам не выдаюцца дакументы, якія неабходныя для легальнага працаўладкавання за мяжой. Гэта ўскладняе ад'езд, але не забараняе яго, таму што знаходзяцца варыянты, як гэта можна абысці.

Дзіркі будуць затыкаць маладымі спецыялістамі. Дзесьці ў 2006 годзе медыцынскія ўніверсітэты пачалі рэзка павялічваць набор студэнтаў. Не будавалі новыя ўніверсітэты, проста нарасцілі аб'ём выпуску з мэтай заткнуць дзіркі. Трэба было выпускаць як мага больш лекараў, не клапоцячыся пра якасць адукацыі.

Неяк ішлі размовы, каб зрабіць рэзідэнтуру тры гады, як ва ўсіх нармальных краінах, але гэтага не здарылася. Але ж навучыць чалавека апераваць за год — ну, не. Канчатковае навучанне адбываецца ўжо на першым месцы працы, калі старэйшыя калегі бяруць у аперацыйную.

Пры гэтым медык сцвярджае: у Беларусі засталося шмат моцных лекараў.

— Тут не трэба казаць, што ўсе з'ехалі і медыцына памерла. Ёсць мноства выдатных спецыялістаў. Але цяпер такія ўмовы працы, калі з'яўляецца вялікі стымул з'ехаць. Да таго ж сістэма пабудавана так, што няма стымулу развівацца. Абкатваць нешта новае — гэта заўсёды рызыка. Любая памылка — і паедзеш па этапе.

Калі паглядзець нашу статыстыку, то японцы нам будуць зайздросціць, бо ў нас наогул няма ўскладненняў. Таму што ўскладненні — гэта вялікія праблемы і разборкі. Ёсць дыягназы, за смерць ад якіх зляцяць галоўныя лекары. У нас слова «ўскладненні» — тое ж самае, што наўмыснае забойства.

Станіслаў Салавей таксама звяртае ўвагу, што ў апошні час часта здараюцца сітуацыі, калі ў лекараў-анколагаў сканчаюцца лекі.

— Так, можна памяняць схему лячэння, але гэта ўжо не ідзе на карысць пацыента. Пры гэтым калі лекар скажа, што неабходнага вам лекі ў краіне няма, таму мы мяняем схему хіміятэрапій, у лепшым выпадку, ён будзе дэпрэміраваны.

У нас катэгарычна забаронена казаць рэаліі, што чагосьці няма. Калі сказаць пацыенту, каб ён купіў прэпарат сам, і тады мы яму яго ўвядзем, ён мае права напісаць заяву аб кампенсацыі, таму што медыцына ў нас бясплатная.