Вымыванне кадраў: як сябе адчувае рынак працы ў Беларусі
З пачатку года Беларусь страціла каля 50 тыс. работнікаў. І гэта яшчэ не канец.
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у верасні 2022 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 мільёны 194 тысячы чалавек, што з'яўляецца новым гістарычным мінімумам для краіны. Пры гэтым з пачатку гэтага года Беларусь страціла больш за 50 тысяч работнікаў.
DW сабрала некалькі гісторый людзей, якія жывуць цяпер у Беларусі і працуюць у розных сферах эканомікі. На ўмовах ананімнасці яны расказалі, як на сітуацыю на рынку працы ўплывае цяперашняя абстаноўка ўнутры краіны і вайна ва Украіне.
У будаўнічай галіне — «вымыванне» кадраў
Сяргей (імя змененае) працуе ў адной з прыватных будаўнічых кампаній у Гродзенскай вобласці і адзначае, што стаў сур'ёзна разглядаць вакансіі ў іншых краінах. «Для мяне ніколі не было праблемай працаваць за мяжой: яшчэ калі працаваў у буйным дзяржаўным будтрэсце, здараліся частыя камандзіроўкі ў Расію і іншыя рэгіёны Беларусі, дзе даводзілася заставацца некалькі месяцаў», — кажа Сяргей.
Паводле яго слоў, у апошнія гады ад такіх працяглых камандзіровак стараўся адмаўляцца па сямейных прычынах: «Ажаніўся, з'явілася адно дзіця, потым другое, хацелася быць з імі побач, ды і дапамога жонцы патрэбная была не на адлегласці, а ў сваім доме».
Заробкі ў будаўнічай галіне ў Беларусі дазвалялі не задумвацца пра рэзкія змены. «Калі перавесці ў валюту, то менш за 1 тысячу еўра на рукі не атрымліваў, часам зарабляў і больш, а пры магчымасці мог шукаць і падпрацоўку», — кажа Сяргей.
Цяпер ён сумняваецца, што гэты ўзровень даходу ў Беларусі захаваецца. Сярод прычын мужчына называе змяншэнне колькасці заказаў на будаўніцтва, праблемы з матэрыяламі, якія раней закуплялі за мяжой, а самае галоўнае — «вымыванне» кадраў. «Моладзь, атрымаўшы будаўнічую спецыяльнасць, да нас ужо не ідзе альбо адразу звальняецца, калі знаходзіць прыбытковы варыянт за мяжой. Вось і думаю: мае дзеці падрастуць, а ці змагу я іх забяспечваць праз пяць-дзесяць гадоў як цяпер, нічога не змяняючы ў сваёй працы і застаючыся на радзіме?» — задаецца пытаннем Сяргей.
Забарона падымаць цэны пагоршыла дэфіцыт кадраў у гандлі
Жыхарка Брэста Алена пра пераезд нават не думае, але пра сваю працу ў адной з буйных беларускіх гандлёвых сетак кажа з прыкметным раздражненнем: «Пасля таго, як абвясцілі, што цэны падвышаць забаронена, нервы на мяжы. Асабліва, калі сталі паведамляць, што не толькі крымінальныя справы заводзяцца, але і людзей затрымліваюць. Цяпер кожны дзень ідзеш на працу ў краму, нібы на вайну — не ведаеш, адкуль "стрэляць": ці то зноў прыйдуць чыноўнікі цэны правяраць, ці то з пастаўшчыкамі будзеш лаяцца праз цану тавараў, якія бярэм на рэалізацыю».
Алена таксама звяртае ўвагу, што нервовая абстаноўка ў гандлёвай галіне адбіваецца на кадравай сітуацыі: «Людзі патрэбныя ўсюды — касіры, грузчыкі, прадаўцы. Але дэфіцыт не знікае, а хутчэй нават наадварот пагаршаецца. Няма асабліва ахвотных у цяперашніх экстрэмальных умовах працаваць за 600 беларускіх рублёў у месяц. Ведаю, што тых, хто працуе ў аддзелах кадраў, абавязваюць распаўсюджваць інфармацыю пра вакансіі з асабістых акаўнтаў у сацыяльных сетках, каб кампанія не плаціла за рэкламу».
Дарэчы, у супермаркетах Беларусі рыхтуюцца і да таго, што давядзецца скарачаць персанал, які наймалі для раздзелкі птушкі. Згодна з новымі правіламі, разбіраць гэты прадукт на часткі дазволена толькі на прадпрыемствах-вытворцах, пасля чаго тавар паступае ў гандлёвую сетку.
Пры працаўладкаванні медыкаў пытаюцца пра Украіну і пратэсты
З кадравых дэфіцытам сутыкаецца і сістэма аховы здароўя ў Беларусі. Паводле афіцыйных даных, у сярэдзіне кастрычніка гэтага года па ўсёй краіне для лекараў рознага профілю было адкрыта больш за 4600 вакансій.
Кацярына (імя змененае) працуе лекарам-педыятрам у невялікім гарадку ў Брэсцкай вобласці і пацвярджае, што недахоп медыцынскіх работнікаў — гэта не міф. «У нашай паліклініцы штат педыятраў запоўнены толькі напалову, даводзіцца браць дадатковую нагрузку, а калі нядаўна вывучала сайт дзяржаўнай службы занятасці, то жахнулася: толькі ў Брэсцкай вобласці патрабуецца амаль паўтысячы лекараў рознай спецыялізацыі».
Пры гэтым, як расказвае Кацярына, нават пры наяўнасці вакансій няма гарантыі, што спецыяліст знойдзе працоўнае месца. «Я сваю працу люблю, ні на што яе не прамяняю, але калі б цяпер давялося ўладкоўвацца ў паліклініку, то было б і пытанне — як стаўлюся да падзей ва Украіне? А як я магу ставіцца, калі ў мужа ў гэтай краіне засталося шмат сваякоў, за якіх мы хвалюемся і перажываем?» — здзіўляецца жанчына.
Паводле яе слоў, пры працаўладкаванні медыкаў цяпер і распытваюць пра сітуацыю ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Такі апытальнік з'явіўся неўзабаве пасля таго, як лекары і медсёстры ў гэтым мястэчку таксама былі заўважаныя на акцыях пратэсту.
«Уцечка мазгоў» у IT–сектары працягнецца
Аляксандр, які прадстаўляе беларускую IT–кампанію, прызнае, што стаўленне ўладаў да супрацоўнікаў гэтай галіны за апошнія гады кардынальна змянілася: «Калі раней у асноўным папракалі высокімі даходамі, то пасля падзей 2020 года ўсіх запісалі ў "ворагі народа", хоць сярод айцішнікаў таксама ёсць розныя людзі».
Аляксандр лічыць, што пасля той выбарчай кампаніі стала відавочным: «нармальна працаваць IT–сектару больш не дадуць», — і пытанне рэлакацыі было справай часу. Паскорылі гэты працэс вайна ва Украіне і звязаныя з ёю чуткі пра магчымую мабілізацыю ў Беларусі, якая б напэўна закранула многіх праграмістаў.
«Хоць кампанія, дзе я працую, не звязаная наўпрост з замежнымі заказчыкамі і ад нас не патрабуюць абавязкова пакінуць Беларусь для працягу супрацоўніцтва, усё роўна адчуваецца напружанне. Гарызонт планавання многіх перспектыўных праектаў рэзка скараціўся, бо ніхто не можа даць гарантыі, што нават пару гадоў гэта можна будзе эфектыўна і бяспечна рабіць, застаючыся ў краіне», — адзначае Аляксандр. На яго думку, IT-сектар у Беларусі канчаткова не памрэ, але на фоне і палітычнай, і эканамічнай сітуацыі ў краіне «ўцечка мазгоў» працягнецца.