Станіслаў Шушкевіч стаў ганаровым доктарам SGH
Станіслаў Шушкевіч стаў ганаровым доктарам SGH — Вышэйшай школы эканомікі, самага прэстыжнага эканамічнага універсітэта Польшчы і вядучага бізнес-ВНУ ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Урачыстая цырымонія прысуджэння дыплома ганаровага доктара Вышэйшай школы эканомікі першаму кіраўніку незалежнай Беларусі прайшла ў Варшаве.
фота: charter97.org
Прафесар Станіслаў Шушкевіч — доктар фізіка-матэматычных навук, з’яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых працаў, 2 падручнікаў, 7 манаграфій, суаўтар 73 адкрыццяў, навуковы кіраўнік 33 дысертацый. У Беларусі Шушкевіч, які быў падпісантам пагаднення аб распадзе Савецкага Саюза, сышоў у апазіцыю да Лукашэнкі. З-за гэтага першы кіраўнік незалежнай Беларусі пазбаўлены пенсіі — улады адмовіліся яе індэксаваць, і сёння яна складае 30 цэнтаў (гэта самая маленькая пенсія ў свеце).
Як паведамляе charter97.org, на ўручэнні дыплома ганаровага доктара Станіславу Шушкевічу прысутнічалі кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага Яцэк Міхайлоўскі, «бацька» польскіх рэформаў, віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў Польшчы ў 1989-1991 гадах Лешэк Бальцаровіч, былы міністр замежных спраў Польшчы, сустаршыня Польска-расійскай групы па важных пытаннях Адам Ротфельд, былы міністр абароны Польшчы, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента ў 2004-2006 гадах Януш Анышкевіч, а таксама рэктары і прафесара многіх ВНУ Варшавы.
Урачыстую цырымонію адкрылі выкананнем гімна Польшчы «Марш Дамброўскага». У якасці неафіцыйнага гімна Беларусі была выканана песня «Магутны Божа».
Пасланне прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага Станіславу Шушкевічу зачытаў кіраўнік прэзідэнцкай канцылярыі Яцэк Міхайлоўскі:
«Шчыра віншуем спадара прафесара з атрыманнем звання ганаровага доктара Вышей школы эканомікі ў Варшаве. Я з вялікім задавальненнем вітаю прысваенне гэтага тытула вялікаму навукоўцу, чалавеку, які значна паспрыяў падзенню савецкага рэжыму, дэмакратычных пераменаў, разбурэння сцен і будаўніцтву мастоў паміж народамі. Біяграфія спадара Шушкевіча можа служыць прыкладам, як фармаваліся грамадства Польшчы, Беларусі і Расіі. Станіслаў Шушкевіч паходзіць з сям’і, якая спазнала пераслед за любоў да роднай мовы і культуры. Місія вучонага стала для спадара Шушкевіча шляхам да грамадскага, а потым і палітычнага ўключэння ў барацьбу за свабоду. З-за імкнення да незалежнасці Беларусі ён увайшоў у гісторыю як палітык, які разам з кіраўнікамі Расіі і Украіны паклаў канец Савецкаму Саюзу», — адзначае Бранічслаў Камароўскі.
«Мы прызнаем яго заслугі ў будаўніцтве суверэнітэту Беларусі, асноў дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і рынкавай эканомікі. Гэтыя дасягненні не атрымаецца знішчыць. Незалежная Беларусь з’яўляецца неад'емнай часткай Еўропы. Мы ствараем таварыства каштоўнасцяў. Гэта сімвалічна, што сённяшняя ўрачыстасць супала са святам свабоды, якое святкавалі ўчора ў Польшчы. 25 гадоў таму, 4 чэрвеня 1989 года, палякі з дапамогай выбарчых бюлетэняў сказалі «Не!» камуністычнай дыктатуры. Я рады, што менавіта ў такую важную гадавіну для Польшчы, якая імкнецца аб’яднаць Еўропу і свабодны свет, спадар прафесар атрымлівае гэты тытул аднаго з вядучых універсітэтаў у нашай краіне. Яшчэ раз дзякую вам і ўсіх беларусаў, якія імкнуцца да свабоды. Жыве Беларусь!», — гаворыцца ў звароце прэзідэнта Польшчы.
Павіншаваў Станіслава Шушкевіча таксама былы прэзідэнт Польшчы, легендарны лідэр польскай «Салідарнасці» Лех Валенса: «Гэта найвышэйшае і заслужанае прызнанне навуковай і палітычнай дзейнасці спадара прафесара. Сваё захапленне навукай і імкненне да адкрыцця таямніц свету, фізікі, матэматыкі і тэхнікі вы змаглі сумяшчаць з грамадскай дзейнасцю, будаўніцтвам новай еўрапейскай дзяржавы на руінах СССР. Вы з’яўляецеся навуковым і патрыятычным прыкладам. Званне ганаровага доктара польскага універсітэта — гэта знак салідарнасці палякаў з вамі і ўсім беларускім народам», — адзначае Валенса.
Прымаючы ўзнагароду Станіслаў Шушкевіч адзначыў: «Сёння тут для мяне асабіста адбыўся цуд над Віслай, таму што я быў уганараванны звання доктара ў самым важным эканамічнай ВНУ Польшчы. У маёй Беларусі сёння валадарыць «луканоміка», абсурдная эканамічная палітыка Лукашэнкі, якога спансіруе Расія. Хоць наша краіна і з’яўляецца незалежнай, фактычна наш урад выконвае волю Крамля. Каб паказаць эфектыўнасць «луканомікі», досыць узгадаць, што ў 1992 годзе беларускі рубель каштаваў столькі ж, колькі расійскі. За ўвесь гэты час беларускі рубель патаннеў у адносінах да расійскага ў 3000 разоў. Працягласць жыцця ў Беларусі з’яўляецца адной з самых нізкіх, і нарэшце, згодна СААЗ Беларусь займае першае месца ў свеце па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва. У цяперашні час аб лібералізацыі беларускай эканомікі не можа быць і гаворкі. Дыктатар Лукашэнка вельмі добра разумее, што гэта будзе азначаць канец яго кіравання. У постсавецкі час эканамічныя паказчыкі Беларусі былі вышэй, чым у Польшчы. Сёння мы ад вас неверагодна адстаем. Але я перакананы, што калі б гэта залежала ад беларусаў, наша краіна ўжо даўно была б у Еўрасаюзе», — сказаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі.