Старшыня Кобрыньскага райвыканкаму выбачыўся за гвалт супраць мірных землякоў

20 жніўня на сустрэчы з грамадзянамі на пляцы Волі ў Кобрыні старшыня мясцовага райвыканкаму Міхась Грышкевіч выказаў прабачэнне за гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.

Міхась Грышкевіч на сустрэчы з кобрыньцамі

Міхась Грышкевіч на сустрэчы з кобрыньцамі

Кіраўнік раёну падзякаваў кабрыньцам за актыўную грамадзянскую пазіцыю па абароне сваіх правоў, прапанаваў усім затрыманым і збітым звяртацца з заявамі ў раённую пракуратуру.

Разам з тым, грамадзяне нагадалі старшыні РВК, што ён не скарыстаўся сваімі паўнамоцтвамі, бо сілавікі знаходзяцца ў ягоным непасрэдным падпарадкаванні, не выйшаў на цэнтральную плошчу гораду перад разгонам мірных пратэстоўцаў, не пагаварыў з імі і не папярэдзіў пра мажлівае выкарыстанне спецсродкаў.

Андрэй Дулевіч

Андрэй Дулевіч

У сваю чаргу начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Дулевіч, прызначаны на гэтую пасаду напярэдадні выбараў, спрабаваў перакласці на гараджанаў віну за сілавыя дзеянні міліцыянтаў. У адказ начальнік РАУС атрымаў гучнае “Ганьба!”, прапановы падаць у адстаўку і вярнуцца туды, адкуль прыехаў у Кобрынь.

Затрыманыя падчас мірных пратэстаў, між іншым, распавялі, што міліцыянты кідалі ў людзей святлошумавыя гранаты, стралялі гумавымі кулямі, распылялі слезацечны газ, цягнулі за ногі збітую жанчыну, галава якой валачылася па асфальце, у аўтазаках усё было скрываўлена, сілавікі прымушалі грамадзянаў агаворваць сябе, пускалі ў камеры пярцовы газ, жорстка збівалі людзей, у тым ліку дзяўчат. Жыхары цэнтру горада прыгадалі, што ў іхных кватэрах дзеці душыліся ад газу пасля прымянення міліцыянтамі спецсродкаў супраць мірных людзей. “Навошта нам такі РАУС?”, -- пыталіся ўдзельнікі сходу, якія назвалі неадэкватную рэакцыю сілавікоў на законныя пратэсты грамадзянаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў “расправай” і “звычайным фашызмам”.   

Пенсіянер Васіль Андраюк

Пенсіянер Васіль Андраюк

Так, пенсіянер Васіль Андраюк распавёў, што калі вечарам 10 жніўня пачуў выбухі ў цэнтры гораду, разам з малодшай дачкой пабег сустракаць з працы старэйшую дачку.

Паколькі малодшая дачка была перапужаная выбухамі, на наступны вечар пакінуў яе дома і сам пайшоў сустракаць з працы старэйшую дачку. І хоць у цэнтры горада было ціха, пенсіянера жорстка затрымалі і збілі да такой ступені, што да гэтай пары адчувае моцны боль у плечавым і тазасцёгнавым суставах.

Сярод патрабаванняў удзельнікаў сходу да мясцовых уладаў прагучалі наступныя:

1.      Раследаваць усе выпадкі незаконнага затрымання людзей пад час мірных пратэстаў

2.      Назваць падраздзяленні, што прымалі ўдзел у нападзе на мірных грамадзянаў з ужываннем святлошумавых гранат баявога прызначэння, спецсродкаў, жорсткага затрымання, збіцця і пагрозаў прымянення гвалту

3.      Назваць пайменна ўсіх сілавікоў, якія ўжывалі насілле супраць кабрыньчанаў

4.      Пракуратуры накласці пратэсты на судовыя выракі супраць удзельнікаў мірных шэсцяў і зняць з іх абвінавачванні

5.      Кампенсаваць пацярпелым грамадзянам матэрыяльныя і маральныя страты

6.      Прыцягнуць да адказнасці ўсіх асобаў, вінаватых у супрацьпраўных дзеяннях адносна кабрыньчанаў

7.      Прыпыніць пераслед кабрыньчаніна Георгія Дзмітрука і іншых грамадзянаў — мірных пратэстоўцаў

8.      Апублікаваць на сайце Кобрыньскага РВК і ў газеце “Кобринский вестник” рэзалюцыю сходу гараджанаў ад 16 жніўня

9.      Дапусціць грамадскасць да дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ

10.  Не замінаць вольным сходам грамадзянаў на плошчах у цэнтры Кобрыня.

Алесь Мех

Алесь Мех

Старшыня Кобрыньскай грамадскай каардынацыйнай рады народнага даверу Алесь Мех падкрэсліў, што псіхічны і фізічны гвалт, які перажылі мірныя людзі ад сілавікоў пасля прэзідэнцкіх выбараў, больш ніколі не павінен паўтарыцца на Беларусі. Для гэтага патрэбны працэс грамадскага пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел у падмане і запужванні, збіцці і катаванні мірных суайчыннікаў.

Грамадзяне ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяраў гвалту сілавікоў.

Фота Марата Гаравога