Курапаты: «Дарога смерці» і вароты ў расстрэльны палігон
У Курапатах 3 чэрвеня адбылася першая з серыі летніх талокаў па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Народнага мемарыялу.
![k_talaka_3.6.17_4_logo.jpg k_talaka_3.6.17_4_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_3.6.17_4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У сумеснай працы па прыборцы гэтага знакавага для беларусаў месца, арганізаванай грамадскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” пры падтрымцы “Маладога Фронту” паўдзельнічалі іхныя актывісты, а таксама жыхары сталічнага мікрараёну Зялёны Луг і ветэраны беларускага нацыянальнага адраджэння.
![k_talaka_3.6.17_2_logo.jpg k_talaka_3.6.17_2_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_3.6.17_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яны даводзілі да ладу і палолі кветнікі, разбітыя на мінулай талацэ, чысцілі Народны мемарыял ад смецця і сухога галля, зносілі да дарогаў распіленыя дрэвы.
У выніку даследаванняў з дапамогай архітэктараў Вадзіма Глінніка і Рамана Забелы экспертам стала вядомая ўся траса мінскай "Дарогі смерці" — ад сутарэнняў будынку НКВД БССР і ягонай унутранай турмы "Амерыканкі" да расстрэльных ямаў у Курапатах.
![k_talaka_3.6.17_3_logo.jpg k_talaka_3.6.17_3_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_3.6.17_3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэты апошні шлях бязвінных людзей на пагібель у 1930–1940-я гады пралягаў па цэнтральнай вуліцы беларускай сталіцы — Савецкай — да Камароўкі, ішоў па Лагойскай шашы да цяперашняга перакрыжаваньня Лагойскага тракту з вуліцай Гамарніка, дзе да вайны ў вёсцы Зялёны Луг знаходзіўся аднайменны саўгас. У Зялёным Лузе "Дарога смерці" разыходзілася двума маршрутамі (дапаўняльным і асноўным): палявой грунтоўкай на Дроздава і троху на ўсход — па брукаванай Лагойскай шашы.
На гравійцы Заслаўе–Калодзішчы абодва маршруты сыходзіліся, і "Дарога смерці" ішла да варотаў праз плот, які агароджваў месца расстрэлаў. За 194 м ад перасячэння лініі паўднёва-усходняй мяжы рэстаранна-забаўляльнага комплексу (былая назва „Бульбаш-хол“) з Заслаўскай шашой "Дарога смерці" збочвала ўлева пад кутом каля 30° ад асфальту ў паўднёва-заходнім кірунку. Менавіта каля варотаў і пачынаўся апошні грунтавы ўчастак „Дарогі смерці“ працягласцю 485 м, які складаўся з трох адрэзкаў у 125, 160 і 200 м. Праз 125 м ад пачатку былая грунтоўка збочвала ўлева і ішла па трасе дзейнай і цяпер лясной дарогі да Курапацкай гары вышынёю 235 м.
![k_talaka_3.6.17_1_logo.jpg k_talaka_3.6.17_1_logo.jpg](/img/v1/images/k_talaka_3.6.17_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пачатак і канец палявога маршруту “Дарогі смерці”, а таксама створ варотаў у расстрэльны палігон мяркуецца пазначыць крушнямі камянёў і кветнікамі.
Пазначэнне адбудзецца пад час чарговай талакі ў Курапатах, што пачнецца 10 чэрвеня а 12.00. Збор — на Галгофе.