Створаны аргкамітэт Нацыянальнага ўніверсітэту з беларускай мовай навучання

26 верасня ў сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў Мінску падчас сесіі Усебеларускага кангрэса за незалежнасць створаны аргкамітэт Нацыянальнага ўніверсітэту з беларускай мовай навучання, паведаміла карэспандэнту НЧ каардынатар Рады кангрэса, мовазнаўца і грамадская дзяячка Алена Анісім.



12321.jpg

У сесіі прынялі ўдзел грамадска-палітычныя дзеячы Мечыслаў Грыб, Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Казулін, Віталь Рымашэўскі, Ірына Дубянецкая, Алег Трусаў, Уладзімір Колас, Міхаіл Пастухоў і Аляксей Марачкін, а таксама сябры Рады кангрэса.

Ва ўступным слове вядучая сесіі Алена Анісім адзначыла, што абмеркаванне пытання пра стварэнне нацыянальнага ўніверсітэту на сядзібе ТБМ — добры знак. Бо менавіта тут нарадзіліся ініцыятывы, якія ператварыліся ў канкрэтныя справы, што і сёння служаць на карысць беларускаму грамадству. Размова ідзе пра заснаванне такіх выданняў, як газета “Новы час”, часопіс “Верасень” і спадарожнікавы тэлеканал Белсат, а таксама іншыя справы, запачаткаваныя ТБМ.

У сваіх выступах эксперты Аляксандр Сядзяка (Таварыства беларускай школы), Павел Церашковіч (Балонскі камітэт) і Уладзімір Колас (Беларускі гуманітарны ліцэй) узнялі праблемы адукацыі на беларускай мове, Беларусі ў Балонскім працэсе і стварэння

Нацыянальнага ўніверсітэту.

Найбольшыя спрэчкі разгарэліся, як і чакалася, наконт апошняга пытання. Падчас дыскусіі гучалі розныя думкі і перасцярогі адносна канцэпцыі і месца заснавання будучага ўніверсітэта. Так, Мечыслаў Грыб выказаў асцярожны аптымізм наконт адкрыцця ў сённяшняй Беларусі ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Аляксандр Мілінкевіч распавёў сітуацыю з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у Вільні (Літва), а таксама сваё бачанне і магчымыя дзеянні па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта. Аляксандр Казулін падзяліўся досведам дзейнасці Белдзяржуніверсітэту ў 1990-я гады, калі большая палова выкладчыкаў чытала дысцыпліны на беларускай мове. Алег Трусаў прадэманстраваў арыгіналы подпісаў грамадзян (55 тысяч) за адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта, якія збіраліся ў 1996 і ў 2000-м гадах.

Свой погляд на праблему выклала Ірына Дубянецкая, якая мае станоўчы досвед у выкладанні на беларускай мове ў Беларускім калегіуме.

Напрыканцы паседжання быў створаны аргкамітэт Нацыянальнага ўніверсітэту пад сустаршынствам Алега Трусава, Аляксандра Мілінкевіча і Уладзіміра Коласа.

Наперадзе — падрыхтоўка статута і канцэпцыі новай ВНУ.

На сесіі прынятая заява Рады Усебеларускага кангрэса за незалежнасць “Адукацыя на беларускай мове — аснова і гарантыя незалежнасці нашай краіны”.

 

У заяве, між іншым, гаворыцца, што з мэтай забеспячэння вышэйшай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, усведамляючы сваю адказнасць за далейшае развіццё краіны і грамадства, а таксама прымаючы пад увагу ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс, удзельнікі сесіі прапануюць:

1.      Падтрымаць зварот дзеячаў беларускай культуры аб стварэнні  Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання;

2.      Стварыць аргкамітэт, які будзе займацца практычнымі крокамі для адкрыцця ў нашай краіне такога ўніверсітэта;

3.      Запрасіць да ўдзелу ў працы аргкамітэта ўсіх зацікаўленых асоб незалежна ад палітычных поглядаў.

Апроч таго, удзельнікі сесіі прынялі дакумент, якім падтрымалі заяву прадстаўнікоў палітычных і грамадска-палітычных арганізацый адносна размяшчэння замежных вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі ад 23 верасня 2015 г. "За Беларусь без чужых ваенных баз!" і выказалі сваю прынцыповую згоду з гэтай заявай. “Гэта наша супольная пазіцыя, бо мы ўсведамляем, што размяшчэнне новай вайсковай базы на нашай тэрыторыі стварае рэальную пагрозу незалежнасці Беларусі і супярэчыць яе нацыянальным інтарэсам”, — зазначаецца ў дакуменце. Ягоныя падпісанты патрабуюць ад вышэйшага кіраўніцтва краіны адмовіцца ад падпісання адпаведнай дамовы і стаць на абарону суверэнітэту Беларусі як найвышэйшай каштоўнасці дзяржавы і народа.