Сучасны беларус: грамадзянін ці "заўзятар-каментатар"?

25 лістапада ў рамках серыі “Галоўнае пытанне” Лятучы ўніверсітэт арганізуе лекцыю сацыёлага і метадолага Аксаны Шэлест. Напярэдадні з лектарам паразмаўляў Мікалай Кацук.



07623157.jpg

Мікалай Кацук: Ты назвала лекцыю “Грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі: што мы можам супрацьпаставіць паліттэхналогіям трэцяга пакалення?”. Напачатку давай разбярэмся, што гэта такое — “паліттэхналогіі трэцяга пакалення”? Маецца на ўвазе, што размова ідзе пра нейкі генезіс, у якім ёсць яшчэ, як мінімум, паліттэхналогіі двух пакаленняў...

 

Аксана Шэлест: Паліттэхналогіі трэцяга пакалення — гэта канцэпт, які ўвёў Уладзімір Мацкевіч у спробе схапіць, зразумець, выявіць тэхналогіі маніпуляцыі грамадскай свядомасцю і грамадскімі паводзінамі, якія дазваляюць у постсавецкіх краінах — у першую чаргу, у Беларусі і Расіі — імітаваць дэмакратычны працэс без дапушчэння тых рызыкаў, да якіх дэмакратычны працэс можа прывесці.

 

Умоўна кажучы, гэта сукупнасць спосабаў, метадаў, прыёмаў, якія дазваляюць забяспечыць устойлівасць аўтарытарных рэжымаў у сучасных умовах — ва ўмовах інфармацыйнай адкрытасці, існавання інтэрнэта, адсутнасці “жалезнай заслоны”, ва ўмовах высокай мабільнасці. Гэта значыць, пры наяўнасці ўсіх тых фактараў і магчымасцяў, якія быццам і не павінны дазваляць існаваць аўтарытарным рэжымам у тым сэнсе, у якім яны існавалі ў савецкі час. Тым не менш, сітуацыя, якую мы назіраем, сведчыць пра адваротнае — само па сабе гэта не працуе, мы жывем у краіне, у якой нават палітыкі як такой не існуе — яна толькі імітуецца.

 

М.К.: Іншымі словамі, дзеля таго, каб больш-менш эфектыўна функцыянаваць, традыцыйныя аўтарытарныя рэжымы патрабуюць закрытасці, адгароджанасці ад свету, маючы на ўвазе “жалезную” ці якую іншую “заслону”. Зараз мы маем сітуацыю, калі заслоны як такой няма, г. зн. быццам наступае адкрытасць, а гэтыя рэжымы нейкім чынам адаптуюцца да сітуацыі, працягваючы заставацца аўтарытарнымі?

 

А.Ш.: Менавіта так. Пры гэтым у саміх грамадствах, краінах з такім рэжымам існуе бачнасць дэмакратычнага працэсу, выконваюцца дэмакратычныя працэдуры — напрыклад, праводзяцца выбары. Не знішчаюцца, і нават не вельмі моцна рэпрэсуюцца такія з'явы, як палітычная апазіцыя, культурны андэграўнд — усё, што нясе ў сабе зародак зменаў і, па ідэі, у логіцы аўтарытарызму павінна знішчацца ці ў дастатковай ступені абмяжоўвацца. Усяму гэтаму дазволена існаваць. Сёння нікому не забаронена мець іншую думку, іншы погляд на рэчы, іншы падыход да таго, як павінна быць уладкавана краіна, соцыум. Пра гэта нават можна публічна гаварыць — няма асаблівых абмежаванняў на свабоду слова. Але паліттэхналогіі трэцяга пакалення дазваляюць трымаць усё гэта ў такіх рамках, якія не становяцца небяспечнымі для існуючага рэжыму, не перашкаджаюць яго устойлівасці. Яны дазваляюць не знішчаць актыўнасць як такую, але кантраляваць яе такім чынам, каб яна не выходзіла за тую мяжу, якая становіцца небяспечнай для стабільнасці самога рэжыму. Гэта такая тонкая гульня.

 

М.К.: Ці няма тут небяспекі трапіць у канспіралогію? У чым розніцы гэтай тэорыі з тэорыяй замовы?

 

А.Ш.: Так, паддацца спакусе канспіралогіі тут нескладана. Бо як толькі ты пачынаеш сыходзіць з такіх пасылак, пачынаеш разумець, што гэтай тэорыяй можна растлумачыць практычна ўсё, што адбываецца навокал. І вера ў гэта зачыняе для цябе ўсе магчымасці палітычнай дзеі. Атрымліваецца, што б ні адбывалася, што б ты ні рабіў, гэта ўсё…

 

М.К.: “Лье ваду на млын рэжым”…

 

А.Ш.: Дакладней — на млын паліттэхнолагаў. Паліттэхналагічная задача складаецца з таго, каб выконваць дакладны баланс у якіх-небудзь галінах. Але не трэба і нельга душыць пратэстную актыўнасць да канчатку, яна павінна існаваць. Гэта месца, у якім павінны праяўляцца і ўтылізавацца актыўныя людзі — тыя, хто па сваёй прыродзе заўсёды будзе пратэставаць, будзе чымсьці незадаволены. Калі стварыць занадта жорсткія ўмовы для іх, яны сыдуць у падполле, а гэта небяспечна. Таму трэба даць ім магчымасць “крыху бунтаваць”. Але як толькі гэтага бунта становіцца занадта многа, яго трэба прыдушыць, дзеля таго, каб ён застаўся ў прызначаных межах. Гэта як плаціна — важна рэгуляваць узровень вады, каб ён не перавышаў патрэбных параметраў.

 

М.К.: Ці як сістэма савецкай хуткаваркі: калі ціск занадта падвышаецца — раз, выпускаецца пара, а потым усё зноў сціскаецца…

 

А.Ш.: Дакладна так. Вельмі паказальны ў гэтым сэнсе кейс, які разыгрываўся падчас нашых апошніх выбараў — з стратэгіяй “ігнору” і супрацьлеглай стратэгіяй — “за ўдзел”. Якой бы стратэгіі ты не прытрымліваўся, яны абедзве маглі б быць пакладзены ў якасці цаглінак у дзеяннях паліттэхнолагаў. Па вялікім рахунку, пакуль ініцыятыва не выходзіць за межы небяспечнага, пакуль не захопіць вялікую масу людзей і стане настолькі бачнай з'явай, што стварыць пагрозу стабільнасці рэжыму, гэта цалкам можна дазваляць. У гэтым сэнсе, што прыхільнікі стратэгіі “ігнора”, што іх апаненты, могуць спакойна “варыцца” ў гэтай справе і ўвогуле не патрабаваць умяшальніцтва паліттэхнолагаў, пакуль не прыйдзе час выпусціць пар.

 

М.К.: Што ўсё ж дазваляе казаць пра гэта як пра паліттэхналогіі? Чаму гэта не можа быць нейкім квазінатуральным працэсам адаптацыі сістэмы да новага асяродка? Бо, па сутнасці, паліттэхналогія — гэта такая маніпуляцыя, калі хтосьці тузае за нітачкі, што мае на ўвазе наяўнасць пэўнага суб'екта, пэўнай стратэгіі, нейкіх планаў, збор інфармацыі пра асяродак… Дзеля таго, каб гэта ўсё функцыянавала, гэта павінна быць наладжаная, дастаткова складана арганізаваная дзейнасць.

 

А,.Ш.: На самай справе, усё ў гэтым свеце можна разглядаць як натуральны працэс, а можна — як вынік мэтанакіраванай, больш ці менш асэнсаванай дзейнасці людзей. І гэта не пытанне “як яно на самой справе”, а пытанне вашага падыходу. Паколькі я прыхільніца дзейнаснага падыходу, а не натуралістычнага, я ўсё разглядаю па другім сцэнары. Дзеля таго каб сур'ёзна паставіцца да канцэпту паліттэхналогій трэцяга пакалення, у мяне ёсць дзве падставы. Першая звязана з тым, што мы можам прасачыць гісторыю станаўлення і змены розных пакаленняў паліттэхналогій на нашых абшарах. Уладзімір Мацкевіч, уводзячы гэты тэрмін, разглядае іх як генезіс развіцця паліттэхналогій у постсавецкіх краінах — з момонта развалу Савецкага Саюза. Ён аналізуе, як сюды прыходзілі паліттэхналогіі першага пакалення — традыцыйныя, якія выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце, добра вядомы, апісаныя прыёмы, і ніхто не хавае, што яны існуюць. У іх ёсць свая тэорыя, практыка, падручнікі па піяру і г.д. Аднак у Расіі і ва Украіне досыць хутка гэтыя “культурныя” паліттэхналогіі змяніліся паліттэхналогіямі другога пакалення: калі ў гэтую амаль шчырую, хоць і тэхналагічна забяспечаную палітычную гульню пачынае ўмешвацца бізнэс, капітал, які атрымліваецца быццам “за” палітыкамі. Змяняецца сістэма прыняцця рашэнняў, пры якой асноўнай інстанцыяй атрымліваецца ўжо не сам кандыдат, ці, скажам, партыя, а той, хто стаіць за імі і мае прыхаваныя інтарэсы і матывы. А ў Беларусі адбыўся вельмі хуткі пераход да паліттэхналогій трэцяга пакалення — гэта сітуацыя, калі сіла, што перамагла з-за выкарыстання паліттэхналогій першага і другога пакаленняў, жадае застацца назаўсёды, і пачынае забяспечваць сабе вырашальныя перавагі ў палітычнай барацьбе. Пры нарошчванні гэтых “паверхаў” палітычная барацьба як такая зводзіцца на нішто. Аднаўляючы гэты генезіс, можна глядзець на разгортванне самога працэсу, на станаўленне новага тыпа стасункаў, інстытуцый. І нічога натуральнага ў гэтым няма, але гэта і не тэорыя замовы, за якой стаіць адзін чалавек. Гэта працэс які складаецца ў выніку мэтанакіраванай чалавечай дзейнасці.

 

Гэта першая падстава, а другая — гэта аналіз кейсаў і прыкладаў, якія можна браць з нашай нядаўняй палітычнай гісторыі, і выяўленне ідэнтычнасці вельмі розных на першы погляд сітуацый, прыёмаў, спосабаў маніпуляцыі і нейтралізацыі таго, што блізка да выйсця за межы кантралюемай актыўнасці. Такі аналіз дазваляе схапіць уласна сутнасць выкарыстоўваемых паліттэхналогій, і разумець межы іх дзеяння. Я не стану зараз на гэтым спыняцца, некаторыя кейсы дастаткова дэтальна разгледжаны ў папярэдніх тэкстах Уладзіміра Мацкевіча, ёсць нават асобны відэадаклад, дзе ён падрабязна разбірае гісторыю выбараў 2006, кейс Казуліна і Мілінкевіча. Скажу толькі, што калі мы разглядаем такія кейсы, тэхналагічныя спробы дастаткова лёгка выяўляюцца. І дастаткова лёгка ацаніць рэзультаты, эфектыўнасць такіх дзеянняў.

М.К.: Такая канфігурацыя грамадска-палітычнай прасторы, працэсу — яна ўласціва толькі нам, Расіі ці ўсім постасавецкім краінам? Дзе дзейнічаюць гэтыя паліттэхналогіі трэцяга пакалення?

 

А.Ш.: З упэўненасцю можна казаць пра Беларусь і Расію. Ва Украіне да гэтага не дайшло, Украіна з яе алігархічнай сістэмай — я маю на ўвазе сітуацыю да Майдана — гэта хутчэй рэалізацыя паліттэхналогій другога пакалення, калі палітычная гульня была пераведзена ў гульню суб'ектаў, якія маюць эканамічныя інтарэсы і рэалізуюць палітыку, у пэўным сэнсе, па ўзгадненні гэтых інтарэсаў.

 

М.К.: Ці можна сказаць, што Майдан зрабіў немагчымым гэты пераход на іншы ўзровень? Калі б не было Майдана, Януковіч мог стаць пажыццёвым прэзідэнтам — чаго ён, уласна кажучы, і намагаўся.

 

А.Ш.: Магчыма. Асабліва, калі ўлічваць што паліттэхналогіі трэцяга пакалення — гэта першапачаткова расійскі праект, і галоўныя “нітачкі” цягнуцца адтуль. Януковіч павінен быў канчаткова прывесці Украіну пад руку Масквы і стаць удзельнікам той жа гульні, у якую ўжо доўгі час гуляе Лукашэнка. У гэтым сэнсе, з табой можна пагадзіцца — Майдан спыніў у тым ліку і гэты працэс. Ва Украіне не адбылося манапалізацыі, аб'яднання, адзінства пануючага суб'екта, які можа захоўваць бачнасць існавання альтэрнатыўнасці і ў той жа час мець дакладны кантроль над сітуацыяй і вырашальныя перавагі, які забяспечваюць яму перамогу ў любых выбарах, у любых сітуацыях. А ў Беларусі гэты працэс пачаўся даўно, зараз мы з відавочнасцю можам казаць у гэтым кантэксце і пра Расію.

 

М.К.: Што пры гэтым мяняецца ў самім грамадстве? Ёсць папулярны тэрмін, вядомы ўсім, — “homo soveticus” — такі выпрацаваны пры савецкай уладзе тыпаж. А як мы можам назваць гэтага самага “галасавацеля”, што галасуе ў нас, у Беларусі, і ў Расіі, які з'яўляецца мадэллю рэалізацыі гэтых паліттэхналогій трэцяга пакалення? “Homo...” хто?

 

А.Ш.: Дакладнай канцэптуалізацыі тыпа сучаснага чалавека ў мяне няма. Але ёсць адна апазіцыя, якая добра дэманструе некаторыя характарыстыкі гэтага чалавека ў палітычным працэсе. Гэта апазіцыя паміж “грамадзянінам” і “заўзятарам”, ці “каментатарам”. Грамадзянін, грамадзянства як канцэпт Асветы, канцэпт чалавека дарослага, адказнага, які мае сваю пазіцыю па важным грамадска-палітычным пытанням, мае намеры і рэалізуе іх, калі трэба адстаяць пазіцыю. Цяперашнюю эпоху можна вызначыць як эпоху станаўлення асаблівага тыпу людзей — каментатараў ці заўзятараў. Гэтаму тыпу характэрны адносіны да прасторы разгортвання грамадска-палітычнай камунікацыі не да як прасторы ўласнай дзейнасці ці прасторы ўласнай гульні, а як да таго, да чаго ты не маеш і не можаш мець дзейных адносінаў. Усё пераводзіцца ў плоскасць эмацыянальнага стаўлення, перажывання, людзі могуць з цікаўнасцю назіраць, выбіраць сваю каманду — за каго заўзець сёння. Але заўзятар ніяк не ўплывае на вынік гульні, і калі каманда выйграе ці прайграе, ты радуешся ці хвалюешся, але гэтым усё і абмяжоўваецца.

 

Гэты тып чалавека супрацьстаіць чалавеку-грамадзяніну. Такая ідэнтычнасць дазваляе не мець аніводных пазіцый — устойлівых, паслядоўных, якія павінны мець падставы і свае дзейныя наступствы. Але пры гэтым такая ідэнтычнасць дазваляе быццам заставацца ў працэсе, не адказваючы ні за што і не маючы сур'ёзных намераў уключацца ў яго актыўна. Гэта сутнасць “каментатара-заўзятара” — асноўная характарыстыка сучаснага беларуса ў палітычным працэсе.

Цалкам размова апублікавана на fly-uni.org