Суд па справе Пальчыса: праваабаронцы абскарджваюць закрытасць працэсу
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе працягваецца суд над Эдуардам Пальчысам. Пачаўся ён у 10 гадзін. Пра гэта журналістам паведаміла жонка блогера Вікторыя Пальчыс.
Сёння ў Мінскім гарадскім судзе працягваецца суд над Эдуардам Пальчысам. Пачаўся ён у 10 гадзін. Пра гэта журналістам паведаміла жонка блогера Вікторыя Пальчыс.
Ад самай раніцы тут працягвалася акцыя салідарнасці з блогерам, стваральнікам сайту 1863х.com Эдуардам Пальчысам. Ад пяці да дзесяці чалавек штодня з бел-чырвона-белымі сцягамі скандавалі лозунгі "Свабоду Пальчысу!" і "Адзін-восем-шэсць-тры-імперыя, памры!" Радыё «Рацыя» паведамляе, што пратаколы правапарушэння складзеныя на Паўла Севярынца, Максіма Вінярскага, Юліі Фраловай, Сяргея Стрыбульскага і Алеся Макаева.
Суд адбываецца ў закрытым рэжыме з павышанымі мерамі бяспекі. Доступ у памяшканне суда абмежаваны нават пры прад’яўленні пашпарту.
Праваабаронца Таццяна Рэвяка, якой удалося патрапіць у памяшканне Мінгарсуда ў першы дзень судовага пасяджэння, стала нечаканай сведкай асабістага дагляду адваката Пальчыса перад уваходам у судовую залу:
— Дзве маладыя жанчыны ў цывільным, якія ўвесь час знаходзіліся ля ўваходу ў залу суда, пры з'яўленні адваката апранулі белыя пальчаткі з тканіны, праверылі ўсе яе рэчы і правялі асабісты дагляд, перш чым дапусціць на працэс. Верагодна, шукалі запісваючыя сродкі. Такога я яшчэ ніколі не бачыла, і ўвогуле гэта не прадугледжана ніякімі працэдурамі.
Нагадаем, што 14 кастрычніка некаторы час ахова не прапускала ў суд адваката Пальчыса Ганну Бахціну, патрабуючы, каб яна разам са сваім пасведчаннем прад’явіла яшчэ і позву ў суд, хаця гэта ўвогуле не прадугледжана. З-за гэтага суд пачаўся са спазненнем.
Фактычна, супрацоўнікі міліцыі, якія ахоўваюць памяшканне суда, узялі на сябе функцыі суддзі, паколькі толькі ён можа абвясціць, што суд адбываецца ў закрытым рэжыме.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка ўвогуле не бачыць юрыдычных падстаў рабіць суд закрытым. Пра гэта ён піша ў скарзе на імя старшыні Мінскага гарадскога суда:
“Судовае пасяджэнне абвешчанае закрытым насуперак замацаванаму крымінальна-працэсуальным заканадаўствам і Канстытуцыяй прынцыпу галоснасці, згодна з якім разгляд крымінальных спраў ва ўсіх судах адкрыты; разбіральніцтва крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншай ахоўваемай законам таямніцы, а таксама па справах аб злачынствах, учыненых асобамі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах і іншых справах у мэтах прадухілення выдавання звестак пра інтымныя бакі жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе альбо звестак, якія зневажаюць іх годнасць, і ў выпадку, калі гэтага патрабуюць інтарэсы забеспячэння бяспекі пацярпелага, сведкі ці іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, а таксама членаў іх сем'яў або блізкіх сваякоў і іншых асобаў, якіх яны абгрунтавана лічаць блізкімі. Прыведзеная фармулёўка не пакідае магчымасці для абвяшчэння закрытым судовага паседжання па справе Э.А. Пальчыса”.
Юрыст таксама звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што ў прысутнасці публікі не было абвешчана судом матываванай пастановы або вызначэння аб разглядзе справы ў закрытым судовым пасяджэнні.
“Гэта парушае правы не толькі абвінавачанага, але і мае, як грамадзяніна”.
14 кастрычніка, у першы дзень судовага пасяджэння, Павел Сапелка, які і многія іншыя грамадзяне, нягледзячы на наяўнасць пашпарта, не быў дапушчаны нават у будынак суда супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, якія, відавочна са згоды суддзі і старшыні суда, прынялі на сябе кантроль абстаноўкі ў Мінскім гарадскім судзе, што, у сваю чаргу, недапушчальна з пункту гледжання захавання прынцыпу падзелу ўладаў.
На падставе выкладзенага Павел Сапелка просіць старшыню Мінскага гарадскога суда растлумачыць прычыны абмежавання ягоных правоў і прыняць меры па недапушчэнні ўмяшання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у дзейнасць суда.
Скаргі таксама накіраваныя ў Вярхоўны суд Беларусі і начальніку ГУУС Мінгарвыканкама Юрыст просіць растлумачыць прычыны абмежавання ягоных правоў і прыняць меры па недапушчэнні ўмяшання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у дзейнасць суда.
Праваабаронца Таццяна Рэвяка звярнулася праз сацыяльныя сеткі з пытаннем да супрацоўніц Прэс-службы Вярхоўнага суда Юліі Лясковай і Анастасіі Цымановіч:
“Як будзе забяспечана магчымасць прысутнасці на абвяшчэнні рэзалютыўнай часткі прысуду па справе Эдуарда Пальчыса?
Прадстаўніцы Прэс-службы Вярхоўнага суда пакуль што нічога не адказалі праваабаронцы.
Блогер Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч.2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.