«Тут судзяць нашу гісторыю!» (фотарэпартаж)
У Мінскім гарадскім судзе працягваецца працэс над Эдуардам Пальчысам.
Другое закрытае судовае пасяджэнне над стваральнікам сайту 1863x.com праходзіць у Мінску. Сёння пад будынкам суда ў чарговы раз сабраліся актывісты ды журналісты.
Своеасаблівым лозунгам акцыі стала: “Тут судзяць нашу гісторыю!” — гэтыя словы былі напісаныя на плакаце побач з партрэтам Эдуарда. Вялікая частка артыкулаў сайту сапраўды была прысвечаная гісторыі Беларусі, пададзенай з нацыянальных пазіцыяў, але па-руску: каб зацікавіць як мага больш чытачоў.
Падтрымаць публіцыста прыйшло каля дзесяці чалавек, сярод іх Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Алесь Макаеў і іншыя. На ўсіх удзельнікаў пратэсту склалі пратаколы. “Эдзік Пальчыс маладзец, а Імперыі — капец!” — скандавалі людзі, нягледзячы на прысутнасць міліцыянтаў у форме ды ў цывільным.
Вікторыя Пальчыс, жонка Эдуарда, распавяла, што са словаў адваката лозунгі і крычалкі пад будынкам суда добра чуваць у зале пасяджэнняў. Такім чынам, нягледзячы на закрыты фармат суду, грамадскасць усё ж такі мае шанец падтрымаць свайго героя.