На кіраўніка ФК «Граніт» складзены адміністратыўны пратакол за ігнараванне беларускай мовы
Старшыня савету ФК Марына Быстрая адкрыта ігнаравала беларускую мову і заканадаўства аб зваротах грамадзянаў.
Каардынатар грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак атрымаў адказ з Лунінецкага раённага выканаўчага камітэту, што на чыноўніцу заведзены адміністратыўны пратакол па артыкуле 9.13 (парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў, справа перададзена ў суд).
«Усё пачалося з таго, што напачатку футбольнага сезона я звярнуўся да ўсіх футбольных клубаў беларускай вышэйшай лігі з прапановай больш шырока ўжываць беларускую мову ў сваёй дзейнасці», – кажа Ігар Случак.
«З мінулых гадоў ведаю, што гэтыя прапановы сапраўды дзейсныя і шмат якія клубы ўжо даволі добра ўжываюць беларускую мову. Але ёсць і іншая праблема — не ўсе клубы адказваюць на звароты, у тым ліку і ФК «Граніт». Разоў пяць я да яго звяртаўся, але адказу так і не атрымаў, таму вырашыў звярнуцца ў
Мікашэвіцкі гарвыканкам з прапановаю прыцягнуць адказных за працу са зваротамі грамадзянаў супрацоўнікаў клубу да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб зваротах — гэта было б і добрым прыкладам для іншых клубаў і ўстановаў, што не адказваюць. Мікашэвіцкі гарвыканкам спачатку склаў пратакол, нават накіроўваў яго ў суд, але пасля па надуманых прычынах усё ж спыніў справу».
Тым часам ФК «Граніт» усё ж даў адказ на зварот. У ім Марына Быстрая піша: «Што тычыцца выкарыстоўвання беларускай мовы ў відэа трансляцыі, на форме гульцоў, афіцыйным сайце і ў астатняй дзейнасці, то наш клуб будзе выкарыстоўваць пакуль расійскую», — адказала старшыня Ігару Случаку.
«Мне адказалі па-руску. Я прапанаваў даць адказ па-беларуску, але атрымаў адмову. Таму нічога не заставалася рабіць, як зноў звярнуцца ў выканкам з прапановаю прыцягнуць прадстаўнікоў ФК «Граніт» да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб зваротах — адказ на зварот не на мове звароту. Праз некаторы час я атрымаў паведамленне, што пратакол складзены і накіраваны ў суд. Спадзяюся, гэты працэс будзе мець такі ж прывентыўны эфект як і ў выпадку прыцягнення да адказнасці жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых, які абразіў беларускую мову. У выпадку з ФК Граніт ніхто беларускую мову наўпрост не абражаў, але прынцыпова былі парушаныя заканадаўчыя гарантыі беларускамоўных беларусаў на беларускую мову. Спадзяюся, цяпер падобных выпадкаў больш не будзе», — кажа Ігар Случак.
Паводле Белсат