Суд прыраўняў сацсетку да СМІ, а блогерку — да журналістаў

Суддзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова пакінула без зменаў пастанову аршанскага суду, які аштрафаваў блогерку Юлію Гранкову за анлайн-трансляцыю ў «Аднакласніках».

Юлія Гранкова

Юлія Гранкова

Вердыкт — «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродку масавай інфармацыі» (ч. 2 арт. 22.9 КаАП).
Таксама без зменаў засталася пастанова суду Воршы і Аршанскага раёну наконт штрафу за «непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі» (паводле арт. 23.4 КаАП).
Юлія Гранкова падчас разбору пацвердзіла, што ўсе свае погляды выклала ў касацыйнай скарзе. Там гаворыцца, што з пастановай яна катэгарычна не згодная, бо «Аднакласнікі» — гэта сацыяльная сетка, а не СМІ, а сама яна ніколі не называла і не лічыла сябе журналісткай. Што да «непадпарадкавання», то, паводле Гранковай, такога не было ўвогуле: на загад міліцыянтаў яна села ў машыну, паехала ў пастарунак для складання пратаколу, аднак прасіла прадʼявіць ёй дакумэнты пра тое, што КУП «Аршанская спецаўтабаза» ёсць падахоўным абʼектам.
Інцыдэнт, паводле якога вёўся разбор, здарыўся яшчэ ў сакавіку. Валанцёры праекту «Хрюши против» прыйшлі на спецаўтабазу, дзе ўтрымліваюцца бадзяжныя жывёлы, каб іх пакарміць. Убачыўшы, што ўмовы ўтрымання неналежныя, Юлія Гранкова зрабіла стрым у «Аднакласнікі», дзе зарэгістравана пад псеўданімам «Юлія Малышава».
Калі яна распачала наўпроставую трансляцыю, работнікі спецаўтабазы выклікалі міліцыю, абвінаваціўшы валанцёраў у незаконным пранікненні на падахоўны абʼект. За гэта на блогерку быў складзены пратакол (паводле артыкулу 23.14 КоАП). Юлія Гранкова мяркуе, што валанцёраў пакаралі менавіта за тое, што яны паказалі кепскае становішча жывёлаў:
«Нашы валанцёры хадзілі туды неаднаразова, ніякіх праблем не было. І гэтым разам мы паказалі вартаўніку пакеты з ежай, ён правёў нас да вальераў. Ніхто ніколі не рабіў заўваг, што мы парушаем рэжым абʼекта. Аднак калі мы ўбачылі гэты жах і я пачала здымаць, з'явіўся начальнік аховы, які выклікаў міліцыю».
Суддзю Сьвятлану Іванову такія тлумачэнні не пераканалі. Пастанову аршанскага суду і вырак на правапарушэнне яна пакінула без зменаў.
Такім чынам, Юлія Гранкова мусіць сплаціць тры штрафы агульным памерам 46 базавых велічынь — 1058 рублёў. Суддзя не ўлічыла, што блогерка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, выхоўвае дваіх дзяцей і ня мае іншых прыбыткаў.
19 красавіка гэтаксама без зменаў абласны суд пакінуў у сіле і пастановы Аршанскага суду у дачыненьні да іншых валанцёраў праекту «Хрюши против» — удзельнікаў падзеяў на спецаўтабазе.
Гэты праект, запачаткаваны ў Расіі, мае шмат прыхільнікаў і ў Беларусі: удзельнікі ініцыятывы выкрываюць наяўнасць пратэрмінаваных харчоў у крамах і хібы ў сістэме грамадскага харчавання. Аднак аршанскіх валанцёраў хвалююць і грамадска-палітычныя тэмы.
Жыхарка Воршы стала першай у Беларусі блогеркай, аштрафаванай за стрым у сацыяльныя сеткі.
Паводле svaboda.org