Алеся Лагвінца зноў аштрафавалі за акцыю ў абарону Курапатаў

29 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска аштрафаваў грамадcкага актывіста і палітыка Алеся Лагвінца на 50 базавых велічынь. Такім чынам суд прадубляваў сваё ж рашэнне, якое Мінскі гарадскі суд адправіў на новы разгляд.

lahvinec.jpg

Як паведаміў палітык, 15 сакавіка суд Фрунзенскага раёна прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое прайшло 21 лютага ў абарону Курапатаў. Аднак 17 красавіка Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне аб накіраванні справы на новы разгляд, бо ў пасяджэнні не прынялі ўдзел ні сам Лагвінец, ні сведкі.
«Суд зноў аштрафаваў мяне на тыя ж 50 базавых велічынь, нягледзячы на ​​факты, якія пацвярджалі маю невінаватасць», — заявіў Лагвінец.
Паводле яго слоў, у ходзе пасяджэння быў прагледжаны відэазапіс, які «дэ-факта пацвярджае, што абвінавачванні не маюць пад сабой падставы».
«Па-першае, я знаходзіўся за тэрыторыяй будаўнічай пляцоўкі і ніяк не перашкаджаў будаўніцтву. Па-другое, не было ніякага пікету. Па-трэцяе, супрацоўнікі праваахоўных органаў не папярэджвалі аб неабходнасці спыніць нейкія супрацьпраўныя дзеянні», — распавёў Лагвінец.
Палітык паведаміў, што сведка-будаўнік заявіў у судзе, што Лагвінца «не ведае, што яго папрасілі падпісаць ужо падрыхтаваны пратакол».
Паводле naviny.by