Першамайская талака ў Курапатах (+фота)
Амаль увесь дзень 1 траўня актывісты «Маладога фронту» праводзілі талаку ў Курапатах.
![kurapaty_1.5.17_1_logo.jpg kurapaty_1.5.17_1_logo.jpg](/img/v1/images/kurapaty_1.5.17_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Працы адбываліся ў самым глухім кутку старога лесу — у
ягоным паўночна-усходнім ускрайку. Менавіта там нізіна злучае ўзгорак старога
лесу з гістарычнай назвай Брод, дзе да Другой сусветнай вайны знаходзіўся
расстрэльны палігон за агароджай, з больш маладым лесам, які быў насаджаны
пасля вайны на лысым падковападобным пагорку з старадаўняй назвай Курапаты,
якую пасля адкрыцця таямніцы старога лесу ў 1988 годзе атрымала ўсё ўрочышча.
![kurapaty_1.5.17_5_logo.jpg kurapaty_1.5.17_5_logo.jpg](/img/v1/images/kurapaty_1.5.17_5_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Маладафронтаўцы разам з жыхарамі сталічнага мікрараёна
Зялёны Луг чысцілі лес ад смецця, скідалі яго ў мяхі і выносілі на пляцоўку для
бытавых адкідаў ля шашы Заслаўе-Калодзішчы. Апроч таго, юнакі і дзяўчаты вялі
падсечку сухастою і хмызняку, палілі галлё.
![kurapaty_1.5.17_4_logo.jpg kurapaty_1.5.17_4_logo.jpg](/img/v1/images/kurapaty_1.5.17_4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У каментары НЧ лідар МФ Зміцер Дашкевіч зазначыў, што талокі
ў Курапатах — даўняя традыцыя “Маладога фронту”, якую час ад часу прыпыняюць
закратаванні. “А так сістэматычна ў цёплую пару году мы збіраемся на талокі ў
найбольш забруджаных участках Курапатаў”, — сказаў палітык. Менавіта Бог, на
ягонае меркаванне, праз актыўнасць беларускай грамадзянскай супольнасці прымусіў
дзяржаву неяк спрычыніцца да добраўпарадкавання Народнага мемарыялу, калі мець
на ўвазе санітарную ачыстку старога лесу, арганізаваную летась, і сёлетні намер
уладаў правесці мемарыялізацыю Курапатаў.
![kurapaty_1.5.17_8_logo.jpg kurapaty_1.5.17_8_logo.jpg](/img/v1/images/kurapaty_1.5.17_8_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
“Дзяржава была вымушаная прызнаць Курапаты, як месца генацыду камуністычнага рэжыму супраць беларускага народу. Натуральна, тут ляжаць парэшткі людзей розных нацыянальнасцяў, у тым ліку габрэяў і палякаў. Але ў першую чаргу пад нож сталінскага тэрору папалі прадстаўнікі свядомай беларускай інтэлігенцыі — настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, пісьменнікі, журналісты і навукоўцы-гуманітарыі — сапраўдныя палітычныя лідары нацыі, яе эліта. Вось чаму яе амаль усю і знішчылі”, — падкрэсліў Зміцер Дашкевіч.
![kurapaty_1.5.17_10_logo.jpg kurapaty_1.5.17_10_logo.jpg](/img/v1/images/kurapaty_1.5.17_10_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ён выказаў шчырую падзяку ўсім заступнікам Курапатаў,
у першую чаргу актывістам КХП-БНФ, хто дзесяцігоддзямі ствараў Народны мемарыял
і рупіўся ім. “А дзяржаве ў адносінах да Курапатаў я хацеў бы пажадаць адно — каб
у Народным мемарыяле не нарабіць шкоды, трэба раіцца з грамадзянскай
супольнасцю, у першую чаргу з тымі людзьмі, хто амаль трыццаць год апякуецца
гэтым святым месцам”, — заўважыў палітык.
![kurapaty_1.5.17_7_logo.jpg kurapaty_1.5.17_7_logo.jpg](/img/v1/images/kurapaty_1.5.17_7_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Трэба падкрэсліць, што дзякуючы шматгадовым высілкам актывістаў грамадзянскай супольнасці, Курапаты пакрысе вяртаюцца ў грамадскую свядомасць беларусаў. Пра гэта сведчыць ўзросшая цікавасць жыхароў краіны і замежнікаў да гэтага знакавага для кожнага беларуса месца. Так, сёння, калі вяртаўся з талакі дадому, убачыў на Галгофе вялікую групу экскурсантаў з Польшчы, якую суправаджаў вядомы беларускі гісторык, мой калега па газеце Ігар Мельнікаў.
![Экскурсію
для грамадзянаў Польшчы ў Народным мемарыяле вядзе гісторык Ігар Мельнікаў Экскурсію
для грамадзянаў Польшчы ў Народным мемарыяле вядзе гісторык Ігар Мельнікаў](/img/v1/images/kurapaty_1.5.17_12_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Экскурсію для грамадзянаў Польшчы ў Народным мемарыяле вядзе гісторык Ігар Мельнікаў