Суддзі, якія далі больш за ўсё «сутак» па адміністрацыйных справах

У часткі з іх рэпутацыя больш лаяльных да пратэстоўцаў, частка ўжо атрымала славу асабліва бязлітасных. TUT.BY прааналізаваў даныя праекта «Грамадзянскі кантроль судовай сістэмы» ад платформы ZUBR і склаў топ-10 прозвішчаў суддзяў, якія далі больш за ўсё сутак затрыманым.

_drot___kaljuczka___heta___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Што за платформа ZUBR і наколькі ёй можна давяраць

Платформа ZUBR была створана для назіральнікаў і выбаршчыкаў у Беларусі. Сама каманда пазначае сваю мэту так: фіксаваць, апрацоўваць і адлюстроўваць усе звесткі аб працэсе выбараў у Беларусі ў рэжыме рэальнага часу. У партнёрстве з платформай знаходзіцца, напрыклад, супольнасць «Сумленныя людзі».
У лістападзе 2020-га каманда ZUBR стварыла праект «Грамадзянскі кантроль судовай сістэмы». Ён існуе пры экспертнай падтрымцы праваабарончай арганізацыі «Human Constanta».
Галоўны распрацоўшчык і адзін з заснавальнікаў праекта Павел Патапаў растлумачыў, што даныя аб рашэннях суддзяў з'яўляюцца з трох крыніц:
— Гэта пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна», праект «23.34» ( грамадскае расследаванне парушэнняў з боку міліцыі, звязаных з мірнымі акцыямі. — Заўвага. TUT.BY) і тое, што нам дасылаюць праз нашага чат-бота ў Телеграме (@zubr_watch_bot ).
Усе даныя, паводле слоў распрацоўшчыка, даволі дакладныя, паколькі праходзяць верыфікацыю.
— У «Вясне» гэта робяць іх валанцёры, у «23.34» [такую ​​функцыю выконвае] дэталёвая форма для запаўнення, у нашага бота дасылаюць фотаздымкі пастаноў. Асабістыя даныя мы хаваем перад публікацыяй, — тлумачыць Павел Патапаў.
Паводле статыстыкі праекта, у 2020 годзе затрыманыя атрымалі 67 976 сутак адміністрацыйнага арышту, у 2021-м — 9577, а ўсяго — 77 553 (амаль 212 з паловай гадоў). Гэта даныя — на 26 сакавіка 2021 года і толькі па адміністрацыйных справах.
Ёсць суддзі, якія ўнеслі свой уклад больш за іншых. Сама платформа ZUBR дае топ-10, абапіраючыся на колькасць прынятых рашэнняў.
TUT.BY склаў свой топ-10, вылучыўшы тых, хто вызначыўся менавіта колькасцю сутак адміністрацыйнага арышту, на аснове той жа інфармацыі.
За «палітыку» ужо даўно даюць не толькі суткі, але і выносяць прысуды па крымінальных справах. Паводле даных Следчага камітэта, з лета 2020 года Беларусі было ўзбуджана больш за дзве тысячы крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі. Больш за 400 чалавек ужо асуджаныя.
Праект «Грамадзянскі кантроль судовай сістэмы» яшчэ не сістэматызаваў даныя пра крымінальныя справы. Суддзі, якія маюць адзнаку «Крымінальныя справы», толькі адзначаныя як тыя, якія працуюць і па іх. Таму, паўторым, — у статыстыцы ніжэй улічаны толькі адміністрацыйныя пакаранні.

Вось хто, паводле даных платформы, дае больш за ўсё сутак

1. Максім Трусевіч Суд: Першамайскага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 345 Прысудзіў сутак сумарна: 3260 (крыху больш чым 8,9 года)
Суддзя Максім Трусевіч вядомы не толькі адміністрацыйнымі прысудамі. Менавіта ён асудзіў 22-гадовага Яўгена Каліноўскага на 4 гады пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).
Нагадаем, гэты малады чалавек — прызёр алімпіяд і стыпендыят фонду падтрымкі моладзі — абвінавачваўся ва ўдзеле ў акцыі ў дзень, калі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты, а таксама ў сутычцы з супрацоўнікамі АМАПа. Сам Каліноўскі віну не прызнаў: заявіў, што спрабаваў спыніць супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да грамадзян з боку міліцыянтаў, якія следствам прызнаныя пацярпелымі.
2. Марына Фёдарава Суд: Савецкага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 270 Прысудзіла сутак сумарна: 2525 (крыху больш чым 6,9 года)
Марына Фёдарава прымала рашэнні па адміністрацыйных справах і ў 2017 годзе — па мінчуках, якія выйшлі на вуліцы пасля Дня Волі. А ў 2020-м суддзя ўдзельнічала ў пасяджэннях над тымі, хто збіраўся ля крамы symbal.by яшчэ да выбараў.
Крымінальныя справы суддзя таксама разглядае. Марына Фёдарава прызнала вінаватым па ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») 18-гадовага актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага. Ён асуджаны на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. На пасяджэнні выявілася, што тэлефон хлопца праслухоўваецца з 3 сакавіка 2020 года, і гэтыя даныя сталі асновай абвінавачання.
3. Вікторыя Шабуня Суд: Цэнтральнага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 369 Прысудзіла сутак сумарна: 1614 (крыху больш чым 4,4 года)
Вікторыя Шабуня акрамя адміністрацыйных спраў разглядала справу Ягора Сугойдзя. Мужчына, паводле апісання дзяржабвінаваўцы, выйшаў на праезную частку вуліцы і заскочыў на МАЗ па канваіраванні. Яго дзеянні пацягнулі за сабой парушэнне грамадскага парадку, а таксама перашкодзілі руху грамадскага транспарту. Дзеянні Сугойдзя кваліфікаваныя следствам па ч. 1 арт. 342 КК Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Абвінавачаны віну прызнаў часткова: на мітынгу быў, але з тым, што скакаў на МАЗ, не згодны. Суддзя адправіла мужчыну на два гады ў выпраўленчую калонію агульнага рэжыму.
Раней Шабуня штрафавала карэспандэнтаў канала «Белсат» за працу без акрэдытацыі. У тым ліку рашэнні тычыліся Кацярыны Андрэевай (сапраўднае прозвішча — Бахвалава), асуджанай на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму разам з калегай Дар'яй Чульцовай.
4. Сяргей Шаціла Суд: Савецкага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 185 Прысудзіў сутак сумарна: 1593 (амаль 4,4 года)
Сяргей Шаціла быў суддзёй у справе, якая стала асаблівай з-за вельмі беднай інфармацыі пра яе. Сваякі абвінавачанага Аляксея Беразінскага былі супраць выдавання падрабязнасцей і прысутнасці валанцёраў на працэсе. Шаціла адправіў мужчыну ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 3,5 года, прызнаўшы вінаватым па ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках») КК РБ.
Акрамя таго, менавіта Сяргей Шаціла вынес прысуд грамадзянцы Швейцарыі і беларусцы Наталлі Хершэ — 2 гады і 6 месяцаў ў калоніі агульнага рэжыму — за тое, што яна сарвала балаклаву з амапаўца падчас свайго затрымання пасля жаночага маршу. Хершэ прызнаная вінаватай па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак»).
У 2019 годзе гэты суддзя таксама аштрафаваў эканаміста Сяргея Чалага на 10 базавых велічынь за ўдзел у «Чарнобыльскім шляху».
5. Алена Жуковіч Суд: Савецкага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 185 Прысудзіла сутак сумарна: 1576
У гучных крымінальных справах Алена Жуковіч, калі меркаваць па адкрытых крыніцах, не ўдзельнічала. У канцы лістапада праграміста Уладзіміра Чыстафорава пакаралі 15 суткамі арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. Сам праграміст не быў згодны з пратаколам. І нават сведкі-амапаўцы прызналі: Чыстафораў — не парушальнік з відэа, прадастаўленага суду, яны пераблыталі мужчын. Жуковіч гэта не збянтэжыла пры вынясенні рашэння.
Таксама менавіта Жуковіч судзіла мастачку Надзею Саяпіну, вядомую як аўтара перформансу «Здабытак» пра карціны з калекцыі «Белгазпрамбанка». Суддзя вырашыла адправіць дзяўчыну ў ізалятар на 15 сутак.
6. Дзмітрый Карсюк Суд: Цэнтральнага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 154 Прысудзіў сутак сумарна: 1538 (крыху больш за 4,2 года)
Карсюк быў адным з тых, хто паўдзельнічаў у «назапашванні» 42 сутак арышту ў Вольгі Хіжынковай. Таксама ён адправіў у ізалятар на 15 сутак мужчыну, які раніцай 11 лютага 2021 года падаў гукавы сігнал, а затым атрымаў пратакол за непадпарадкаванне з-за таго, што нібыта адмовіўся ісці ў будынак РУУС: упіраўся нагамі і хапаў міліцыянта за форменнае абмундзіраванне.
Ад 25 да 30 сутак па новым КаАП атрымалі ад Карсюка жыхары «Лебядзінага» за тое, што знаходзіліся ўвечары 10 сакавіка на пляцоўцы паміж дамамі № 125 і 127 на праспекце Пераможцаў. Адзін з адпраўленых адбываць арышт — менеджар банка. Сярод тых затрыманых, дарэчы, былі і шматдзетныя маці, якіх судзіла Вікторыя Шабуня.
7. Таццяна Матыль Суд: Маскоўскага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 240 Прысудзіла сутак сумарна: 1516 (больш за 4,1 года)
Таццяна Матыль судзіла затрыманых на акцыях 9 і 10 жніўня, таксама адпраўляла «на суткі» медыкаў, затрыманых увечары 2 лістапада на акцыі салідарнасці з адлічанымі студэнтамі медуніверсітэта.
Суддзя даўно выносіць рашэнні па адміністрацыйных «палітычных» справах: карала арыштамі ўдзельнікаў «Плошчы-2010», маршаў супраць дэкрэта аб дармаедах у 2017-м, акцый супраць інтэграцыі з Расіяй у снежні 2019 года. За гэта і стала фігуранткай санкцыйных спісаў ЕС як 2011-га, так і 2017 года.
8. Анастасія Ляйкоўская Суд: Першамайскага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 209 Прысудзіла сутак сумарна: 1358 (крыху больш чым 3,7 года)
Невядома, ці была Ляйкоўская суддзёй на якіх-небудзь крымінальных справах, звязаных з пратэстамі. Аднак яна адпраўляла на тыдзень у ізалятар фатографа «Нашай Нівы» Аляксандру Піліповіч-Сушчыц, а актывіста Змітра Паліенку — на 15 сутак.
Выпадак з Паліенкам адбыўся яшчэ да выбараў, у пачатку ліпеня 2020 га. На суд ён прыйшоў з плакатам «Такіх, як я, 97%».
9. Таццяна Шоцік Суд: Ленінскага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 163 Прысудзіла сутак сумарна: 1313 (амаль 3,6 года)
Прысуд 29-гадоваму Аляксандру Нурдзінаву — удзельніку пратэстаў 9 і 10 жніўня — вынесла таксама Таццяна Шоцік. Яго віна заключалася ў тым, што ён выходзіў на праезную частку, «зрываў расліннасць з кветкавых клумбаў і кідаў яе ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» — гэта кваліфікавалі як ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула за сабой парушэнне работы транспарту») і ч. 2 арт. 293 («Удзел у масавых беспарадках») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З гэтым мужчына не пагадзіўся. Тым не менш, Нурдзінаў 4 гады правядзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Яшчэ Таццяна Шоцік судзіла журналістку TUT.BY Надзею Калініну і аштрафавала яе на 2320 рублёў. Віна журналісткі ў тым, што 29 студзеня яна спрабавала патрапіць на з'езд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу па Мінску. Шоцік пакарала Калініну 80 базавымі велічынямі: 1450 рублёў па 23.34 і 870 рублёў па артыкуле 23.4 старога КаАП.
10. Марыя Ярохіна Суд: Фрунзенскага раёна Мінска Усяго рашэнняў: 160 Прысудзіла сутак сумарна: 1296 (крыху больш чым 3,5 гады)
Суддзя не асабліва «засвяцілася» ў якіх-небудзь гучных палітычных працэсах 2020 і 2021 года.
Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», Ярохіна два гады таму аштрафавала анархістаў на 50 «базавых» за ўлёткі, а чатыры гады таму — актывіста Максіма Вінярскага за ўдзел у маршы супраць «дармаедскага дэкрэта».
Даныя па колькасці рашэнняў і сутак узятыя з платформы ZUBR па стане на вечар 26 сакавіка 2021 года.