«Судовая сістэма – гэта інструмент для звядзення рахункаў»

Беларуска Марыя Аляксеенкава ўжо амаль два гады жыве ў Германіі. У Мінску дзяўчына трапіла пад суд праз бытавы канфлікт, у выніку ў яе «выявілі» псіхічны разлад і накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай лякарні. Аднак дзяўчыне ўдалося пакінуць краіну і пазбегчы выканання прысуда. За мяжой Марыя прайшла экспертызу, якая не выявіла ў яе адхіленняў. А яшчэ наша гераіня знайшла каханне. Тым часам у Беларусі яе бацька працягвае змагацца за аднаўленне справядлівасці.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Пра накіраванне на лячэнне нават не паведамілі

«Новы Час» распавядаў вартую экранізацыі гісторыю Марыі Аляксеенкавай. Дзяўчына збіралася выйсці замуж за чалавека, якога асудзілі за махлярства. На той час ён быў жанаты, але ўжо будаваў адносіны з Марыяй. Трапіўшы за краты, мужчына развёўся, але да новага шлюбу справа так і не дайшла. Затое падчас судовага працэсу над мужчынам пра Марыю даведалася яго былая жонка. Марыя лічыць, што рэўнасць жанчыны стала прычынай таго, што яна трапіла пад крымінальны пераслед.


У 2017 годзе Аляксеенкаву спрабавалі абвінаваціць у дасыланні пагрозаў на адрас суперніцы, а потым у 2018-ым, у выніку палутарагадзіннай размовы з псіхіятрам увогуле «выявілі» псіхічны разлад і ў судовым парадку прызначылі ёй лячэнне ў псіхіятрычнай лякарні. Дарэчы, пра гэтае рашэнне Марыі не паведамілі — пра пастанову яна даведалася, калі аднойчы ўвечары ёй патэлефанавалі з дыспансера на Бехцерава і паведамілі, што яна павінна прыехаць туды, іначай яе даставяць сілком. На ўліку Марыя не знаходзілася, прыязджала толькі раз на некалькі гадоў, каб узяць пра гэта даведку для пасведчання кіроўцы.
Неабходнасць візіту Марыі па тэлефоне не патлумачылі, а сказалі, што паведамяць, калі яна прыедзе. Дзяўчына ехаць адмовілася і звярнулася па тлумачэнні ў Мінздароўя. Атрымаўшы адказ з Камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама аб тым, што суд прызначыў ёй прымусовае лячэнне, Марыя разам з маці накіравалася ў суд Цэнтральнага раёна.
 Сакратар выносіць два тамы справы і кажа: «Я вам азнаёміцца не дам, бо вы ніхто». Хоць справа была заведзена ў адносінах да мяне. Маёй маме пры наяўнасці пашпарта і пасведчання аб маім нараджэнні таксама не далі азнаёміцца са справай, бо яна не прызнаная законным прадстаўніком. Азнаёміцца мог толькі адвакат. Але мы людзі небагатыя — і павінны плаціць грошы адвакату? — абураецца Марыя, з якой мы размаўляем праз відэасувязь.
Між тым адвакат, які павінен быў абараняць Марыю ў судзе, па факце, прызнаў яе віну. І калі маці дзяўчыны звярнулася да яго, каб ён азнаёміўся са справай, той адказаў, маўляў, няхай яна лепш паўгода паляжыць у бальніцы, бо іначай, калі пастанову адменяць, Марыі дадуць 5 гадоў.


Пасля Марыя змяніла адваката, таксама яе законным прадстаўніком стаў бацька Карэн Іаанісіані. Але ўсе довады Марыі, дасведчанай юрысткі, а потым і яе законнага прадстаўніка судовая сістэма ігнаравала. Пад увагу не бралі і вынікі шматлікіх экспертыз, якія сведчылі, што ўстанавіць датычнасць Марыі да вырабу тых ці іншых лістоў з пагрозамі, не ўяўляецца магчымым. Дзяўчына мае доказы, што справа супраць яе была заведзеная дзякуючы знаёмствам раўнівай жонкі ў судовай сістэме, а таксама карупцыі.


Паспела з’ехаць у апошні дзень

З моманту нашай апошняй публікацыі пра лёс Марыі мінула два гады, і за гэты час яе жыццё змянілася карэнным чынам.
 Пасля таго, як я атрымала вызначэнне (на лячэнне. — НЧ) гарадскога суда, мне давялося з’ехаць на іншую кватэру. Я баялася заставацца ў сябе дома, бо разумела: калі рашэнне суда ўсупіла ў законную сілу, па мяне ў любы момант можа прыйсці міліцыя і звярнуць прысуд у выкананне. Мне дапамагла сяброўка, і з кастрычніка 2019 да 12 лютага 2020 года я жыла ў новай кватэры. Да 20 студзеня 2020 года я яшчэ была спакойная, ездзіла на працу. Але ў той дзень я ўбачыла ў тэлефоне прапушчаны выклік ад участковага. Я цудоўна зразумела, чаму ён мне тэлефанаваў.

Марыя Аляксеенкава. Фота з архіва гераіні

Марыя Аляксеенкава. Фота з архіва гераіні


Марыя папрасіла бацьку сказаць участковаму, што адпачывае ў санаторыі, забыла тэлефон, і калі прыедзе — ператэлефануе. За 21 дзень — тэрмін, які можна правесці ў санаторыі — дзяўчына звольнілася з працы, сабрала ўсе дакументы і адкрыла нямецкую візу.
 Я за гэтыя дні губляла прытомнасць, у мяне павінна была быць планавая шпіталізацыя, бо я дыябетык. Замест гэтага я ездзіла ўвечары пасля працы ў паліклініку на кропельніцы, мяне тата кожны дзень ездзіў сустракаць на іншы канец горада, — апавядае дзяўчына.
12 лютага яна паспела з’ехаць з Беларусі — як аказалася, у самы апошні дзень. Ужо ў Германіі, спусціўшыся ў метро і падлучыўшыся да інтэрнэту, яна ўбачыла паведамленне ад суседкі, што да Марыі прыходзіла міліцыя. А на наступны дзень бацька напісаў дачцэ, што прыходзілі ўжо да яго, глядзелі пакой і нават пакой суседа, хаця ён увогуле не мае ніякага дачынення да сям’і.  
Свой пераезд Марыя называе цудам. Сяброўка, якая пусціла яе пажыць у сваю кватэру, за год да гэтага з’ехала ў Германію працаваць. Вярнуцца ў Беларусь яна планавала ў сакавіку 2020 года, але нечакана прыехала напачатку студзеня. Пасля таго, як Марыі патэлефанаваў участковы, яна параіла жанчыне рыхтаваць дакументы для ад’езду, падказала, куды ісці і што рабіць.
— Я была як марыянетка, не разумела, куды я паеду, што я буду там рабіць, — прызнаецца Марыя Аляксеенкава.
Сяброўка дала Марыі адрас прытулка для бежанцаў, сказала, што яе сустрэнуць, але па факце ніхто не сустрэў. Не ведаючы мовы і нічога не разумеючы, яна аказалася ў зусім чужой краіне. Марыя змагла выклікаць таксі і даехаць да кампа — інтэрната для бежанцаў.  

Марыя Аляксеенкава. Фота з архіва гераіні

Марыя Аляксеенкава. Фота з архіва гераіні

Падала дакументы на прытулак і знайшла каханне

У Германіі Марыя пачала вучыць нямецкую мову, падала дакументы на атрыманне прытулку, і цяпер чакае рашэння мясцовых уладаў. Першы раз ёй адмовілі, але ў Германіі гэта нармальная практыка, калі прытулак прадастаўляецца па рашэнні суда, куды абскарджваецца першапачатковае рашэнне.
— Пры падачы дакументаў на прытулак з усімі праводзяць інтэрв’ю. Але, калі звычайна яно займае 1,5 — 2, 3 гадзіны, то маё інтэрв’ю доўжылася 11 гадзін, — зазначае яна.
Таксама яна плануе знайсці тут працу. Але можа стацца так, што неўзабаве беларуска пераедзе ў іншую краіну, бо дзеліцца патаемным: здаецца, знайшла свой лёс.
 Я кепска стаўлюся да сайтаў знаёмстваў. Але калі я прыехала ў Германію, падумала — чаму б мне хаця б проста не перапісвацца, каб трэніраваць нямецкую мову? Зарэгістравалася, пачала камунікаваць, але на прапановы сустрэцца адказвала, што кепска ведаю мову, таму мы не зможам зразумець адно аднаго.
Але аднойчы ёй прыляцела паведамленне і прапанова выпіць кавы па-руску. Яго адпраўніка клічуць Стэфан, рускую мову ведае са школы. У чэрвені быў год, як Марыя і Стэфан разам.
Паколькі ў Беларусі яе прызналі псіхічна нездаровай, Марыя прайшла абследаванне ў Германіі, якое ішло цягам некалькіх месяцаў, а не 1,5 гадзіны, як на радзіме. Паводле яго вынікаў, у Марыі няма абсалютна ніякіх адхіленняў. Дачка даслала гэты дакумент бацьку, які зрабіў завераны пераклад і даслаў яго ў Вярхоўны суд з патрабаваннем адмяніць пастанову ў дачыненні да Марыі. На што атрымаў адказ: беларускі суд не лічыць нямецкага спецыяліста, які праводзіў даследаванне, экспертам.
 Што ні робіцца — усё да лепшага, але калі ўзгадваю пра гэта, у мяне шок, — прызнаецца Марыя.
Яна гаворыць, што ў рэальнасці, у якой цяпер жыве, адчувае сябе спакойна. Аднак пасля інтэрв’ю з прадстаўніком праваабарончай арганізацыі ёй два дні было кепска. Нават за паўгадзіны да нашага інтэрв’ю, хоць не рыхтавалася і старалася пра яго не думаць, у Марыі падскочыў ціск і пачасціўся пульс.
— Арганізм пакуль рэагуе. Але гэта затарможаная рэакцыя, бо раней, у момант падзей, якія адбываліся, я была абсалютна спакойная, бо іначай, пэўна, даўно б апынулася ў псіхіятрычнай лякарні.

Марыя Аляксеенкава. Фота з архіва гераіні

Марыя Аляксеенкава. Фота з архіва гераіні


Пра Weißrussland і пенітэнцыярную сістэму

Сёлета Марыя сустрэла ў Германіі шмат суайчыннікаў, хадзіла разам з імі на акцыі. Яна зазначае, што цяпер беларусы сталі атрымліваць станоўчыя рашэнні па пытанні прадастаўлення прытулку, бо пра нашую краіну цяпер гавораць у свеце. Пра падзеі ў Беларусі яна чула нават па нямецкім радыё.  
— Ведаеце, мне спадабалася, што ў 2020 годзе многія дзяржавы памянялі свае найменні нашай краіны на афіцыйнае — Belarus. І нават калі ў нас была апошняя акцыя, прысвечаная гадавіне выбараў, на ёй выступалі прадстаўнікі розных партый, і ўсе ўжывалі слова Belarus. Але ў маіх дакументах тут значыцца Weißrussland — «Белая Русь». Я папрасіла гэта памяняць, і ў мяне спыталі: «А што, ёсць такая краіна?». Праўда, калі я кажу «Лукашэнка», адразу ўсе разумеюць, пра якую краіну ідзе гаворка.
А яшчэ ў Марыі была магчымасць ускосна сутыкнуцца з еўрапейскай пенітэнцыярнай сістэмай, і тут, як кажуць, ёсць, з чым параўнаць.
— Раз на тыдзень зняволеным даюць магчымасць цягам гадзіны размаўляць з блізкімі па скайпе, прычым не толькі пасля прысуда, але і на працягу следства. Па тэлефоне можна званіць хоць кожны дзень. Ніхто нікога не б'е, ёсць доктар, які дае неабходныя лекі.
Для параўнання Марыя ўспамінае, як сама падчас псіхіятрычнай экспертызы ў «Навінках» не магла дапрасіцца інсуліна ў персанала.
— У першую чаргу гэта, хоць псіхіятрычная, але бальніца. Я кажу: «Укаліце мне інсулін, калі я паем», а мне кажуць: «Мы не ведаем, што ты дыябетык, гэта толькі з тваіх словаў». Я кажу: «Добра, зрабіце запыт, што я на ўліку». — «Мы не будзем нічога рабіць, гэта следчы павінен накіроўваць запыт». У выніку ў экспертызе потым напісалі, што я ад ежы адмовілася.

«Беззаконне пачалося не з пратэстаў»

Пакуль Марыя не можа прыехаць у Беларусь нават у госці да родных. Да яе бацькі Карэна Іаанісіані зноў прыходзілі з міліцыі, тэлефанаваў участковы. Але ўсё ж дзяўчына спадзяецца, што вінаватыя будуць пакараныя і яна зможа бесперашкодна прыязджаць у Беларусь.
— Павінна быць афіцыйна прызнана, што следства вялося з грубейшымі парушэннямі і Крымінальна-працэсуальнага, і Крымінальнага кодэкса, — уключаецца ў гутарку Карэн Іаанісіані. — КПК носіць дэкларатыўны характар. Няма ніякай рэальнай сілы, якая прымусіць праваахоўную сістэму і следства выконваць яго патрабаванні. Так, у КПК утрымліваецца тое, што следчы павінен зрабіць пры вядзенні справы. Але няма ніякага пакарання за невыкананне гэтых патрабаванняў.

Марыя Аляксеенкава з бацькам Карэнам Іаанісіані 

Марыя Аляксеенкава з бацькам Карэнам Іаанісіані 


Даказаць нешта ў Беларусі па зразумелых прычынах пакуль не ўяўляецца магчымым. Хаця і сама Марыя, і спадар Карэн звярталіся ва ўсемагчымыя дзяржаўныя інстанцыі: у пракуратуру, Следчы камітэт, у Адміністрацыю прэзідэнта, да дэпутата. Бацька прасіў правесці праверку таго, як вялося следства, забяспечыць абарону правоў яго дачкі, абскарджваў прысуд, дамагаўся прыцягнуць да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў праваахоўнай сістэмы, якіх падазрае ў карупцыі, указваў на грубыя супярэчанні ў матэрыялах справы. Пералічваў канкрэтныя артыкулы КПК і КК і падрабязна апісваў, у чым іх парушэнні — усё безвынікова, яго нават ні разу не выклікалі для тлумачэнняў. А Камісія па правах чалавека пры Палаце прадстаўнікоў на зварот па пытанні парушэння правоў Марыі Аляксеенкавай увогуле адказала, што ён «не ўтрымлівае пытанняў, што адносяцца да кампетэнцыі камісіі».  
Цэлы год сыйшоў у спадара Карэна на пустыя перапіскі з дзяржорганамі. Калі пачалася перадвыбарная кампанія 2020-га, ён паспрабаваў звярнуцца са сваімі пытаннямі ў грамадскую прыёмную кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі. Адтуль зварот перанакіравалі ў Следчы камітэт, але прыйшла чарговая адпіска.Наглядныя скаргі на прысуд у гарадскі і Вярхоўны суд далі такі ж вынік — скарга задавальненню не падлягае, бо, на думку ўстаноў, выснова аб даказанасці здзяйснення Марыяй Аляксеенкавай грамадска небяспечных дзеянняў «адпавядае фактычным абставінам справы».
Карэн Іаанісіані гаворыць, што рады таму, што дачка змагла з’ехаць. Але яму скрушна ад таго, што справядлівасць аднавіць не ўдаецца.
— З пачатку 2019 года, калі Маша пасвяціла мяне ў гэта, я гэтым і жыву, — прызнаецца бацька. — Гэта як зубны боль, калі больш ні пра што думаць не можаш. Судовая сістэма — гэта інструмент для звядзення рахункаў. І гэтае беззаконне не з пратэстаў пачалося, яно было і раней, проста цяпер стала больш відавочным.