Сусветныя СМІ і мы (у кантэксце 64-га Сусветнага газетнага кангрэсу і 19-га Міжнароднага форуму рэдактараў)

Кангрэс і форум — адна падзея, а не дзве. Ці, кажучы трапнай рэкламнай прымаўкай, два ў адным. WAN-IFRA (Сусветная асацыяцыя газет і выдаўцоў навін) аб’ядновае болей за 800 тысяч друкаваных выданняў, 13 тысяч анлайн і 3 тысячы кампаній са 120 краін свету.
 



str_1_1_logo.jpg

Фармат
Выдаўцы і журналісты разам — гэта лагічна: адна сфера дзейнасці, адзін прадукт і адзін набор інструментаў для яго вырабу. Мэты і задачы, што супадаюць, хаця і істотна адрозніваюцца ў матывацыі: бізнэс — для выдаўцоў, кантэнт — для рэдактараў і журналістаў. Аднак і тут вектары інтарэсаў сыходзяцца ў адной кропцы — на чытацкай аўдыторыі, якая адначасова фарміруе медыйны рынак.
Маштаб кангрэсу — за тысячу ўдзельнікаў са 103 краін свету з усіх кантынентаў. Найбольш журналістаў і выдаўцоў было ад Украіны (135) і Расіі (76). Прафесійны змест — абмен ідэямі, вопытам і тэхналогіямі, асэнсаванне сябе ў сістэме каардынатаў сусветных СМІ, зверка маршрутаў развіцця, наладжванне сумесных праектаў. Палітычны прэстыж кангрэсаў WAN-IFRA, акрамя іншага, выяўляецца фактам удзелу ў цырымоніі іх адкрыцця прэзідэнта той краіны, якая прымае кангрэс.
Пазіцыя — адданасць прынцыпам дэмакратыі і свабоды слова, служэнне грамадству, а не ўладам і карпаратыўным групам. Менавіта з гэтай прычыны месцам правядзення кангрэса і форуму заўсёды абіраюцца толькі свабодныя краіны. Але ўсімі магчымымі сродкамі заахвочваецца ўдзел прадстаўнікоў незалежных СМІ з несвабодных краін. Галоўная прэмія WAN-IFRA носіць назву «Залатое пяро Свабоды». Яна не ўтрымлівае грашовага складніку, але мае выключную маральную вагу.
У гэтым годзе лаўрэатам прэміі стала мексіканская журналістка і пісьменніца Анабэль Эрнандэс, якая апублікавала серыю нарысаў і выдала кнігу аб злачынствах наркакартэляў, якія, на яе выснову, у Мексіцы цалкам зрасліся з уладамі. У чуйнай цішыні зала слухала незвычайную па моцы слова і эмацыйнай напружанасці прамову Анабэль. Ад рук наркамафіі ў Мексіцы з 2006 года загінула 44 журналіста, у тым ліку 5 — у гэтым.
У пачэсным шэрагу лаўрэатаў «Залатога пяра» значыцца і Беларуская асацыяцыя журналістаў. У 2010 годзе ў сусветным газетным кангрэсе WAN-IFRA прымалі ўдзел два беларускіх журналіста, у гэтым — сем.
Свабода слова
Менавіта праблема абароны і пашырэння рамак свабоды слова і вызначае грамадскую вагу кангрэса. Вострыя грані гэтай праблемы з відавочнасцю выявіліся і на сёлетнім кангрэсе ў Кіеве.
Ужо на адкрыцці, падчас прывітальнай прамовы прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча ў залі ўзняліся больш за дзясятак украінскіх журналістаў з руху «Стоп цэнзура» з плакатамі аб збіцці рэпарцёраў ва Украіне, аб выдаленні з кабельных сетак тэлеканала TVі, аб закрытым судзе над забойцамі журналіста Георгія Гангадзэ і аб узмацненні палітычнай цэнзуры на тэлебачанні. Да рэдактаркі «Украінскай праўды» (той самай газеты, дзе працаваў калісьці Гангадзэ) кінуўся ахоўнік і вырваў плакат. Бараніў жа ўкраінскую каляжанку, захіляючы сабой, беларускі журналіст Павел Шарамет, які апынуўся побач. Пазней арганізатары кангрэсу выбачаліся за інцыдэнт, а кіраўніцтва дзяржаховы адхрысціцца ад датычнасці да падзей у Кастрычніцкім палацы: маўляў, там працавалі прыватныя ахоўныя структуры.
Пакуль яшчэ, як тлумачылі беларускім калегам украінскія журналісты, наступ на дэмакратычныя правы ва Украіне носіць прыхаваны, паўзучы характар. І пакуль яшчэ не набыў незваротную спеласць. Пакуль яшчэ палітычная сітуацыя пярэстая, а сіла супраціву, асабліва ў заходняй частцы Украіны, дастаткова моцная.
Ці не таму пра спрыянне свабодзе СМІ мусіў гаварыць рытуальныя словы з трыбуны кангрэсу і Віктар Януковіч, гэтак жа адпрэчваўся ад праўладнай ангажаванасці віцэ-прэзідэнт Украінскай асацыяцыі выдаўцоў Барыс Ложкін.
Свае параўнальныя фарбы ў палітру барацьбы за свабоду слова дадала сустрэча журналістаў незалежных СМІ з Беларусі, Гватэмалы, Бірмы (М’янмы), Зімбабве, Замбіі. Розныя краіны і кантыненты, адрозныя традыцыі і менталітэт, але дзіўнае падабенства ў тактыцы і метадах падаўлення незалежных СМІ дыктатарскімі рэжымамі: напады на рэдакцыі, арышты, забарона газет, эканамічны ціск, выгнанне ў эміграцыю.
З пэўнымі, зразумела, мясцовымі асаблівасцямі. Так, рэдакцыю самай уплывовай газеты ў Зімбабве, якую выдаваў саратнік Мугабэ, узарвалі, калі журналіст перайшоў у апазіцыю да прэзідэнта. Пасля некалькіх арыштаў і нападаў рэдактар уцёк з краіны і ўжо шмат год выдае газету за мяжой, тыражом ад 60 да 250 тысяч асобнікаў, і перапраўляе ў сваю краіну.
Але большасць эмігранцкіх СМІ працуе на свае краіны ў лічбавым фармаце. Дастаткова эфектыўна, з высокім ахопам карыстальнікаў. Знакам надзеі за нашым невясёлым сталом прагучала гісторыя журналіста з М’янмы, які толькі нядаўна, праз 24 гады эміграцыі, урэшце змог вярнуцца на радзіму, дзе рэжым пад ціскам унутраных і знешніх абставін змушаны быў адмяніць ці не ўсе абмежаванні на дзейнасць СМІ.
Тэма свабоды слова дастаткова моцна прагучала на заключнай сесіі кангрэса, якая называлася «Рынак новых магчымасцей — медыя-трэнды ў краінах экс-СССР». Прычым, насуперак намаганням мадэратара Барыса Ложкіна. Яна папросту прарывалася на паверхню, бо якія ж магчымасці, калі няма свабоды? Змест дыскусіі будаваўся пераважна вакол сітуацыі ва Украіне і Расіі. Але лёгка накладаўся на сітуацыю ў Беларусі. Так, з сумам праводзілі паралелі беларускія журналісты, у іх яшчэ больш свабодаў, аднак якое пазнавальнае падабенства тэндэнцый! Ці хопіць калегам сіл і часу, каб спыніць наступ таталітарызму?
Як бы тое ні было, але рэжыму Януковіча ўдалося ўсё ж на кангрэсе знівеляваць тэму дэмакратычнага развіцця СМІ, тэму свабоды слова і выкарыстаць мерапрыемства на свой піяр. Як падзею, якая, на роўні з сусветным футбольным чэмпіянатам, сведчыць пра прызнанне яго палітыкі сусветнай супольнасцю.
Страчанае і набытае
Кропка адліку — небывалы чытацкі бум інтарэсу да разняволенай прэсы напачатку 1990-х, калі імгненна ўзніклі сотні новых выданняў, а тыражы асобных сіганулі за сто і болей тысяч асобнікаў, калі на тэлебачанні з’явіліся і збіралі каля экранаў тысячы людзей такія палітычныя перадачы, як «Пульс» Анатоля Майсені, «Праспект» Паўла Шарамета. Першы загінуў пры дзіўных абставінах у аўтамабільнай катастрофе. Другі, пасля арышту, быў вымушаны з’ехаць у Расію. Незалежная прэса пад рэпрэсіўным эканамічным і палітычным ціскам зменшылася да пары дзясяткаў агульнанацыянальных і рэгіянальных выданняў. Дзясяткі журналістаў прайшлі праз затрыманні, арышты, штрафы і суды, былі вымушаны эміграваць.
Так была перабіта жывая паўнакроўная тэндэнцыя станаўлення беларускай мадэлі якаснай журналістыкі. Прапагандысцкі ж архіпелаг афіцыйных СМІ наогул адвярнуў, адвучыў ад чытання СМІ ці не мільёны людзей. Гэта культурная катастрофа. Перарыў дынамікі развіцця. Выпадзенне з сусветнай медыйнай прасторы.
Прыкладаў таго, чаго б мы маглі дасягнуць за гэтыя 18 прамінулых гадоў, кангрэс нам прадэманстраваў нямала. Пакінем за дужкамі сусветныя вядомыя брэнды накшталт «Times», «Bild», хаця іх вопыт выключна цікавы і варты, пры пэўнай адаптацыі, пераймання.
А вось прыклады з параўнальных па маштабу краін вельмі паказальныя. У прыватнасці, газеты «Svenska Dagbladet», якая правяла рэарганізацыю і выйшла на тыраж у 400 тысяч экземпляраў, ці медыякампанія «Verbens Gang» у Нарвегіі, што ўзнікла тры гады таму і ўжо выйшла ў лідары ў мабільным інтэрнэце, ці развіццё найбуйнейшай газеты на каталонскай мове ў Іспаніі.
Мы маглі б зараз быць абсалютна сучасным сегментам у агульнай еўрапейскай і глабальнай медыйнай прасторы. Аднак страты нашы, нягледзячы на драматычны маштаб, не з’яўляюцца непапраўнымі. Кангрэс даў нам параўнальны фон да высноў, што менавіта недзяржаўны медыясектар у Беларусі здолеў не  адстаць ад сучасных тэндэнцый і дасягненняў у сусветнай медыяпрасторы. Насуперак рэпрэсіўнаму ціску, іншым разам ад безвыходнасці.
Так, забітыя рэжымам Лукашэнкі папяровыя газеты сышлі ў інтэрнэт. Прычым адбылося гэта на першай фазе фарміравання ў свеце новых тэхналогій, якія ў Беларусі наогул знаходзіліся ў эмбрыянальным стане. Рэжым не ўбачыў у тым пагрозы сабе. Але час ішоў, беларускія піянеры інтэрнэту працавалі, цягнуліся за цывілізаваным светам, іншым разам у сваіх вынаходніцтвах нават з апераджэннем. Так, рэдакцыя зачыненага ўладамі часопіса «Студэнцкая думка» прыдумала яго мультымедыйны варыянт на дысках, які на сённяшні дзень выходзіць у інтэрнэце пад назвай 34 mag.net.
Утрымаліся і друкаваныя выданні, запачаткаваўшы на пэўным этапе і свае інтэрнэт-версіі, якія развіваюцца зараз у сучасным мультымедыйным фармаце. Прарыў здзейсніла «Наша ніва», прычым падвойны, заваяваўшы шырокую папулярнасць на беларускай мове.
Парадаксальным чынам да сучаснай агульнасусветнай тэндэнцыі друкаваныя беларускія незалежныя газеты вывеў і той факт, што з-за ціску і недахопу сродкаў, яны не змаглі выходзіць штодзённа, ператварыўшыся ў штотыднёвыя. І менавіта рост інтарэсу да нядзельных газет адзначалі выступоўцы з розных краін, газет падобных да часопісаў — з больш глыбокай інфармацыяй і аналізам, менш навін, больш ведаў. Вяртанне да класікі журналізму ў сукупнасці з навацыямі.
Маршрутам у будучыню
На сённяшні дзень у Беларусі болей за чатыры мільёны карыстальнікаў інтэрнэту. Сярод іх, па рэйтынгу Акавіты, сумарная сярэдняя штодзённая аўдыторыя вядучых незалежных інфармацыйных рэсурсаў складае болей за 350 тысяч унікальных наведвальнікаў. Сумарны тыраж ацалелых папяровых газет, па дадзеных БАЖ, складае 150 тысяч асобнікаў. Улічым таксама чытачоў іх сайтаў і наведвальнікаў мноства невялікіх сайтаў, якія не фіксуюцца Акавітай. У выніку атрымліваецца болей за 700 тысяч чытачоў незалежных СМІ. Гэта 18–20 працэнтаў ад агульнай інтэрнэт-аўдыторыі.
І мала, і многа. Але відавочна, што гэта ўжо не маленькая выспачка, а ўнушальны плацдарм, тэрыторыя свабоднага слова. Утрымаць яго, паступова пашыраючы, незалежным СМІ ўдалося не толькі праз сваю прынцыповую дэмакратычную пазіцыю, але і праз якасны кантэнт. Адначасова гэта і рэзерв, тэрыторыя росту, што магчыма, зноў жа, толькі праз якасны кантэнт. Праз выкарыстанне і інтэграцыю ўсіх вынайдзеных на сёння платформаў. Праз прывабны дызайн і высокую паліграфію. Праз стварэнне супольнасцяў вакол кожнага выдання, дзе чытач — не толькі карыстальнік, але і творца навін. Праз двухуткасную падачу інфармацыі. Праз тэхналогію таго самага SoLoMo — сацыяльныя, лакальныя, мабільныя СМІ. Пра ўсё гэта ішла размова ў Кіеве.
Беларускія незалежныя СМІ знаходзяцца ў рэчышчы працэсаў развіцця сусветных медыя. Усе іх практыкі намі выкарыстоўваюцца. Проста мы вымушаны былі ісці іншай дарогай. Адрозненне ў маштабе. Улады ўсімі сродкамі імкнуцца блакаваць камунікатыўныя каналы ад нашай выспы свабоднага слова да мацерыка — асноўнай масы беларускага насельніцтва, ад рабочых да чыноўнікаў. У тым і палягае галоўная праблема — чытачы свабодных СМІ застаюцца пакуль што класам у сабе.
Але ўжо адчувальныя імпульсы выспяваючага выбуху інтарэсу да альтэрнатыўнай інфармацыі.
Адваяванае і набытае ёсць дастатковай базай для прарыву, да выхаду на шырокі прастор пры ўмове дэмакратычных перамен і фармавання медыйнага рынку.
Сёння для свабодных краін якасны кантэнт — гэта прадукт, які найлепш прадаецца, умова камерцыйнага поспеху, для несвабодных — найперш прадукт гуманітарнай дапамогі, без якога грамадства не можа выжыць у якасці суб’екта гісторыі, а не аб’екта маніпуляцыі таталітарным рэжымам. І адначасова — інструмент перамен.