Сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын: Гэта падобна да рэйдарскага захопу
21 траўня адбылася анлайн-канферэнцыя з прадстаўнікамі партала TUT.by, «Прэс-клуба», ГА «БАЖ».
Сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын пракаментаваў сітуацыю з парталам. Паводле яго слоў, сёння па «справе TUT.by» за кратамі знаходзяцца 15 чалавек.
«На дадзены момант мы не можам аднавіць партал у выглядзе люстэрка, — кажа Валошын. — Прычына ў тым, што супрацоўнікі, уладальнікі не маюць доступаў да сервераў, няма бэкапаў. Я скажу, што знікненне доступу да нашых сервераў падобна да рэйдарскага захопу. Таму што нават калі Міністэрства інфармацыі пастанавіла заблакаваць TUT.by у Беларусі, замежныя карыстальнікі, супрацоўнікі кампаніі павінны мець доступ да сайта».
Рэдакцыя TUT.by працягвае сваю працу ў сацсетках і двух тэлеграм-каналах.
Ён распавёў, што плануецца афіцыйны зварот у Міністэрства інфармацыі, каб атрымаць спіс артыкулаў, якія паўплывалі на рашэнне заблакаваць партал.
Кірыла Валошын сказаў, што ёсць верагоднасць, што будзе створана люстэрка партала. Не выключаны і варыянт, што частка каманды пераедзе. Аднак, паводле слоў Валошына, жадаючых не так шмат.
«Гэта хутчэй невялікі пул людзей, якія хочуць аднавіць здароўе і зняць маральнае напружанне, якое не спадала са жніўня», — кажа Валошын.
«Мы разумеем, што без наведвальнасці, якая была ў партала, без рэкламадаўцаў мы не зможам трымаць каманду ў тым аб'ёме, які быў раней.
Некаторых супрацоўнікаў, напрыклад, з раздзела "Афіша" адпраўляем цяпер у адпачынак. Калі будзе разблакаваны рахунак, выплацім зарплаты.
Асноўны ўпор цяпер — на абарону людзей, працу з адвакатамі, вызваленне калег, наколькі мы можам на гэта ўплываць», — тлумачыць Кірыл Валошын.
Цяпер на волі застаюцца наступныя акцыянеры ТАА «ТУТ БАЙ медыя»: Ксенія Іванова, Кірыл Валошын, Яўгенія Чарняўская. Усе яны не ў Беларусі.
Мажарытарны акцыянер — Яўгенія Чарняўская, дачка Юрыя Зісера.
Паводле baj.by