Мінула 72 гадзіны з моманту затрымання супрацоўнікаў Tut.by. Які іх статус?
Сёння мінае трое сутак, на якія былі затрыманыя супрацоўнікі Tut.by 18 траўня. «Свабода» паспрабавала высветліць статус затрыманых.
У многіх ужо скончыліся 72 гадзіны з моманту затрымання. Але іх не адпусцілі. На Акрэсціна Tut.by паведамілі, што як мінімум траіх затрыманых пераводзяць у СІЗА ў Жодзіна. Гэта:
• галоўная рэдактарка Марына Золатава
• рэдактарка Вольга Лойка
• журналістка Алена Талкачова
Перавод у СІЗА азначае, што яны з’яўляюцца падазраванымі. Мяркуючы па агучанай раней інфармацыі, па крымінальнай справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў (ч.2 арт.243 КК Беларусі).
Мера стрымання пад варту абіраецца адразу на 2 месяцы, але на працягу 10 сутак з моманту затрымання падазраванаму павінна быць прад’яўлена абвінавачанне. Калі яно не прадʼяўленае, мера стрымання адмяняецца — гэта значыць, нашых калег могуць адпусціць з-пад варты і праз 10 дзён.
Следчыя дзеянні з затрыманымі пачаліся раніцай 18 траўня, пад варту яны былі ўзятыя ўвечары. Чакаецца, што да канца сённяшняга дня прававы статус супрацоўнікаў Tut.by і афіляваных кампаній будзе вызначаны.