«Ты там не заседжвайся, трэба дзьмухаўцы касіць!»

Яніна, жонка мастака Алеся Пушкіна, распавяла «Народнай Волі» пра тое, як жыве сям’я, пакуль муж і бацька дзяцей знаходзіцца ў няволі.



ales_3.jpg.webp

Нагадаем, што 30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Мастак — фігурант крымінальнай справы, якую распачала пракуратура паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці»): «За ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне.

Цяпер Алесь Пушкін знаходзіцца ў сталічным СІЗА на Валадарскага…

 Яніна, жонка Алеся Пушкіна

 Яніна, жонка Алеся Пушкіна

— Пасля таго, як мужа перавялі з Гродна ў Мінск, ад яго практычна ніякіх навін няма, — кажа Яніна. — Даслаў маленькую паштовачку, у ёй коратка напісаў: «Думаю пра вас. Люблю». І кропка.

А я з дзецьмі, натуральна, дасылаю ў СІЗА і лісты, і тэлеграмы. Дарэчы, заўважыла, што з турмы лісты ідуць каля паўмесяца, але, відаць, справа тут не ў паштовых работніках.

— Як вы з дзецьмі зараз спраўляецеся?

— А што нам? Мы жывём у вёсцы, са сваім склепам і тым, што ў склепе. Таму ў нас усё больш-менш нармальна. Ды і валанцёры — малайцы, падтрымліваюць нас. Дапамагаюць і сябры, і знаёмыя, і абсалютна незнаёмыя людзі.

Да слова, хачу падзякаваць усім за салідарнасць, бо без людской дапамогі мы не справіліся б. Трэба аплачваць працу адваката, а гэта не такія і малыя грошы.

Хаця, у той жа час, я цудоўна разумею, што ў сённяшніх рэаліях любы адвакат па справе Алеся ці іншай палітычнай справе — як мёртваму прыпарка. Але праз адваката можна трымаць хоць нейкую сувязь з мужам, для арыштанта гэта таксама пэўная маральная падтрымка. Ён не адчувае сябе пакінутым і забытым.

— Дзеці разумеюць, што адбываецца?

— Натуральна, бо ўжо не малыя. Старэйшы, Міколка, ходзіць у 11-ы клас, Марыля — у 8-м. Яны прымаюць тое, што ёсць, сумуюць па бацьку.

— Гаспадарка зараз на кім трымаецца?

— А ў нас, па сутнасці, няма ніякай гаспадаркі. Нават курэй не трымаем. Але я Алесю напісала ў тэлеграме: «Ты там не заседжвайся, трэба дзьмухаўцы касіць!»

— У школе, дзе вы працуеце настаўніцай гісторыі, ці змянілася да вас стаўленне калег пасля арышту Алеся?

— Ніяк. У школе ў мяне няма аднадумцаў, і ў гэтым плане атмасфера на працы не самая лепшая. Там жа практыкуецца засілле адміністрацыйна-каманднага метаду, а ўсе чыноўнікі аперыруюць такім тэрмінам, як «исполнительская дисциплина».

— Можа быць, суседзі падтрымалі ў такі няпросты для вас час?

— Якраз-такі больш адгукнуліся далёкія людзі. А ад усіх тых, хто знаходзіцца блізка, — маўчанне. Не рэагуюць, не заўважаюць…

Гэта, напэўна, заканамернасць, бо многія, чые блізкія апынуліся за кратамі па палітычных справах, сутыкнуліся з такой сітуацыяй.

Таму суседзі ціхенька маўчаць. З аднаго боку, баяцца, напэўна. А магчыма, проста няздольныя даць уласную ацэнку таму, што адбываецца. Вераць тэлевізару. Які сёння кантынгент застаецца ў вёсках? Самыя дынамічныя і прагрэсіўныя з’язджаюць.

А вось здалёку, з усяго свету мы маем магутнейшую падтрымку. І тут разумееш, што ты не адзін.

— Беларускі саюз мастакоў нейкім чынам падтрымаў Алеся? Нешта не чуваць было ніякіх заяў у падтрымку сябра сваёй арганізацыі…

— Я таксама пра гэта не чула, але хачу адзначыць, што ўсе тыя, хто сябраваў з мужам, салідарныя з ім. Як кажуць, сябры пазнаюцца ў горы.

— Што вы думаеце пра справу мужа? Якія тут перспектывы?

— Бачу, што творыцца ў краіне, таму вялікіх ілюзій не маю. Але не хачу заганяць сябе ў дэпрэсіўны стан. Трэба быць больш бадзёрым і больш аптымістычным!

P.S. Учора, 20 траўня, стала вядома, што Алесь Пушкін пераведзены з СІЗА ў Мінску ў ізалятар у Жодзіна. Відаць, туды ж перавезлі і астатніх фігурантаў «гродзенскай справы».