Свята скончылася
Ахопленыя святам хакею беларусы, адарваўшыся ад тэлеэкранаў, скончыўшы назіраць за радаснымі і не вельмі заўзятарамі, прыбраўшы смецце з «зонаў гасціннасці», вярнуліся ў рэчаіснасць. Рэчаіснасць іх не ўзрадавала.
Адразу ж пасля «свята піва» ў розных «фан-зонах» Мінгарвыканкам агаломшыў мінчанаў. Традыцыйна ў Мінску 31 мая і 12 чэрвеня будзе абмежаваны продаж алкагольных напояў, піва і слабаалкагольных напояў, за выключэннем рознічнага гандлю ў аб’ектах грамадскага харчавання ў разліў. «Дні цвярозасці» уводзяцца «ў мэтах забеспячэння грамадскага парадку, стварэння бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў у месцах правядзення апошніх званкоў і выпускных вечароў ва ўстановах адукацыі Мінска, а таксама, каб выключыць ўжыванне алкагольных напояў, піва і слабаалкагольных напояў падчас правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў», — гаворыцца ў паведамленні гарвыканкама.
Захопленыя хакеем беларусы пасля сканчэння «лядовых пабоішчаў» раптам заўважылі, што, пакуль яны захапляліся спаборніцтвамі, рэзка падаражэла мяса. Калі шыю або сцягно на мінскай Камароўцы раней можна было набыць за 90–120 тысяч рублёў (што і так было не танна), то цяпер — за 140–160 тысяч у сярэднім. Прычым, прапановаў свініны няшмат.
У рэзкім падаражанні свініны і яе недахопе прадаўцы і чыноўнікі абвінавачваюць афрыканскую чуму свіней, якая пранеслася па краіне ў 2013 годзе. Маўляў, чума выкасілі пагалоўе. «Свініны ў краіне не хапае катастрафічна. Але, думаем, сітуацыя выправіцца, трэба крыху пачакаць — свінні жа хутка вагу набіраюць», — паведамілі «Еўрарадыё» на Бабруйскім мясакамбінаце.
Падаецца, што мясакамбінат — не тая структура, у якой трэба было пытацца пра свінняў: яны ж іх забіваюць, а не вырошчваюць. Але ў агульным сітуацыя, кажуць нам, і не такая кепская. Згодна Белстату, пагалоўе свіней у студзені гэтага года было ўсяго на 600 тысяч менш у параўнанні са студзенем 2013 года. А за чатыры месяцы бягучага года пагалоўе свіней скарацілася на 100 тысяч.
Так што свінняў у нас, паводле Белстату, хапае. А вось свініны ў крамах чамусьці няма. Сапраўды, ёсць хлусня, а ёсць статыстыка…
Яшчэ адна папулярная версія прычын недахопу мяса і рэзкага падаражання — вываз мяса, як свініны, так і кураціны, на расійскія рынкі. Пра гэта, напрыклад, кажа міністр эканомікі Мікалай Снапкоў: «Цяпер падняліся закупныя кошты на кураціну ў Расіі. Вытворцам стала больш выгадна пастаўляць сваю прадукцыю на экспарт, таму каб сельгаспрадпрыемствы накіроўвалі мяса на ўнутраны рынак, Мінэканомікі вырашыла павысіць максімальную адпускную цану на 10%».
Методыка абароны свайго рынку даволі дзіўная: замест таго, каб больш вырошчваць птушак і гадаваць свінняў, мы павышаем кошты на прадукцыю. Прычым, павышаем гэтыя кошты не для замежнага, а для свайго пакупніка.
Але ці праўду сказаў Снапкоў? Як высветлілася, у расійскіх рэгіёнах «курыны кошт» не ўзрастаў, і там тушкі птушкі каштуюць, як раней у нас, — каля 25 тысяч рублёў за кіло на нашы грошы. Філе — каля 50 тысячаў. Свініна — па 65 000. Карыстальнікі сацсетак нават даслалі цэны з Масквы, і толькі яны апынуліся супастаўныя з мінскімі. Праўда, у Маскве сярэдні заробак не 500–700 долараў, а ў разы вышэй.
Яшчэ адна версія падаражання мяса — яго з’елі замежныя заўзятары. Сапраўды, за час чэмпіянату хакейныя заўзятары выпілі больш за 420 тысяч літраў піва, з’елі 27 тон шашлыка, больш за 53 тон каўбасак і курыных крылцаў грыль. Падчас правядзення паўфіналаў і фіналу чэмпіянату найбольшым попытам у гасцей турніру карысталіся стравы з грыль-меню, шашлык і беларускае марозіва. У зонах гасціннасці каля Палаца спорту і ў Студэнцкай вёсцы штодня з’ядалі больш за 600 кілаграмаў дранікаў са смятанай, якія сталі хітом продажаў.
Але што такое 27 тонаў шашлыку за 15 дзён для двухмільённага Мінска? Гэта дзве тоны ў дзень, альбо чатыры-пяць нармальных свінняў. Няўжо дадатковыя пяць жывёлікак настолькі крытычныя для сталіцы? А калі крытычныя, дык пра якую «харчовую бяспеку» можна казаць?
Справа ў іншым. А менавіта ў тым, што пад выглядам афрыканскай чумы ўлада працягвае знішчаць прыватную гаспадарку. Яшчэ ў мінулым годзе нам казалі, што свінячая хвароба пераможаная. Тым не менш, напрыклад, у Бярозаўскім раёне ўлады дагэтуль забараняюць людзям трымаць свінняў на сваім падворку. У вёсцы Малеч адбыўся сход, на які чыноўнікаў з Бярозы прыехала каля дзясятка — старшыня савета дэпутатаў, кіраўнікі ветэрынарнай, санітарнай службаў, камунальнай гаспадаркі, дырэктар камбікормавага камбіната. Чыноўнікі не змаглі даць канкрэтных адказаў на пытанні грамадзянаў пра забарону на жыццё для мясцовых хрушак, але толькі і рабілі, што спасылаліся на пагрозу афрыканскай чумы свіней. Якую мы афіцыйна ўжо перамаглі.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўводзіць на вёсцы «ваеннае становішча». Па ягоных словах, у мінулым годзе сельская гаспадарка недаатрымала 7 трыльёнаў рублёў толькі ад працы малочнай галіны, а ўвогуле — усё 20 трыльёнаў. І дадаў, што «ў гэтым годзе — пераходны перыяд. А ў будучым годзе — жалезабетонна мы павінны дзейнічаць па зададзенай структуры кармоў. І хопіць практыкавацца! Калі гэтага не будзе, ніякага руху сельскай гаспадарцы насустрач быць не можа. Мы не можам больш, укладваючы велізарныя грошы, дараваць безгаспадарчасць», — дадаў ён.
Атрымліваецца дзіўная сітуацыя. Кіраўнік дзяржавы ледзьве не вымушае людзей працаваць. Але яны і самі проста ірвуцца на працу па вырошчванні мяса, і, адпаведна, на загатоўку харчу для свайго мяса. Але нейкія чыноўнікі не дазваляюць вырошчваць свінняў з нагоды свінячай хваробы. І, адпаведна, навошта рыхтаваць корм для таго, каго няма?
Ці не лепш даць людзям магчымасць рабіць тое, што яны хочуць? Тады яны і працаваць будуць, і краіна мясам будзе забяспечаная. Без усялякіх загадаў «зверху».