Святлана Ціханоўская заклікае міжнародных партнёраў запусціць праграму падтрымкі незалежных СМІ Беларусі
Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ціску на незалежныя СМІ сёння, у Сусветны дзень свабоды друку, Ціханоўская накіроўвае ліст з заклікам стварыць комплексную праграму для падтрымкі незалежнай прэсы Беларусі міжнародным партнёрам, паведамляе яе тэлеграм-канал.
У праграму, якую прапануе Ціханоўская, уваходзіць:
- юрыдычная дапамога журналістам, якія знаходзяцца ў Беларусі і сутыкаюцца з судовым пераследам або любымі відамі ціску;
- тэхнічная дапамога для ўжо існуючых СМІ, у тым ліку прамая фінансавая дапамога на абсталяванне, якое было пашкоджана і / або канфіскавана, інструменты абыходу цэнзуры і адпаведнае праграмнае забеспячэнне;
- дапамога медыя і журналістам, якія былі вымушаны бегчы з краіны, ратуючыся ад пераследу, але працягваюць пісаць пра падзеі ў Беларусі;
- падтрымка новых сродкаў масавай інфармацыі, такіх як тэлеграм-каналы і каналы на YouTube, у тым ліку незалежных рэгіянальных медыя;
- дапамога журналістам, якія займаюцца расследаваннямі.
Гэты ліст накіроўваецца міжнародным партнёрам:
- спецдакладчыку ААН па пытанні аб праве на свабоду перакананняў;
- прадстаўніку АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ;
- камісару ЕС па пытаннях палітыкі суседства і пашырэння;
- генеральнаму дакладчыку ПАРЕ па пытаннях свабоды СМІ.
- у нацыянальныя парламенты краін Еўропы.
«Я заклікаю ААН, АБСЕ, ЕС, міжнародныя арганізацыі і нацыянальныя ўрады прыняць жорсткую пазіцыю ў дачыненні беспрэцэдэнтнай хвалі нападаў на незалежную журналістыку ў Беларусі. Нам трэба спыніць гвалт і беззаконне, уключаючы спробы цэнзуры СМІ. Сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца крытычным тэстам для еўрапейскай дэмакратыі. Толькі разам мы можам дасягнуць прагрэсу і пераканацца, што правы журналістаў абаронены», — піша Ціханоўская.
Паводле звестак БАЖ, у 2020 годзе незалежныя журналісты затрымліваліся больш за 480 разоў. 97 журналістаў прайшлі праз адміністрацыйныя арышты, у 62 выпадках яны падвяргаліся фізічнаму гвалту. Проста цяпер за кратамі знаходзяцца 11 журналістаў.
Марына Золатава, галоўная рэдактарка TUT.by, атрымала папярэджанне за кантэкстную рэкламу на сайце, на якую сам партал паўплываць не можа. За інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай галоўны рэдактар баранавіцкай газеты «Intex-Press» Уладзімір Янукевіч атрымаў дзве адміністрацыйныя справы, а саму газету прыбралі з дзяржаўнай сеткі распаўсюднікаў. Напрыканцы сакавіка «Новы Час» таксама атрымаў папярэджанні ад Мінінфарма.
2 красавіка парламент прыняў пакет законаў, якія істотна абмяжоўваюць працу журналістаў.