Вячорка: неўзабаве абвесцім пра некалькі мерапрыемстваў, якія мусяць стаць пачаткам дыялогу з рэжымам
Штаб Святланы Ціханоўскай яшчэ ў сакавіку назваў май месяцам пачатку шматбаковых перамоў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Для пасярэдніцтва ў такой размове запрашаліся як Расія, так і заходнія краіны. Ці могуць такія перамовы сапраўды пачацца ўжо ў гэтым месяцы? На пытанні «Нашай Нівы» адказаў дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
— І Ціханоўская, і вы раней называлі май месяцам
пачатку перамоў з уладамі. На якой стадыі гэта цяпер? Перамоў чакаць ці не?
— Мы імкнёмся стварыць умовы для пачатку дыялогу. Мы гатовыя размаўляць. Рэжым — не. Няма жадання з боку рэжыму, каб дыялог хутка пачаўся. Але мы набліжаемся да гэтага. Вядома, планы трошку збіла сітуацыя з «замахам» на Лукашэнку, з абвінавачаннямі ў тэрарызме.
У найбліжэйшыя тыдні будзе абвешчана пра некалькі мерапрыемстваў, якія павінны стаць пачаткам дыялогу. Адно з іх прысвечана
палітычнай рэформе ў Беларусі, другое — новым выбарам. І плануем вялікую
канферэнцыю на высокім узроўні па выхадзе Беларусі з крызісу, з удзелам урадаў
і парламентаў краін ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі, туды будуць запрошаныя
прадстаўнікі рэжыму і Расіі. Гэтую канферэнцыю маглі б ініцыяваць Францыя ці
Германія, магчыма, Аўстрыя. Па гэтай тэме і іншых ужо вядуцца закрытыя
кансультацыі.
Прадстаўнік АБСЕ ўжо прыязджаў у Мінск. На жаль, пакуль з
боку рэжыму няма гатоўнасці размаўляць. Прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ
— у сталым кантакце з Савіных, прадстаўніком лукашэнкаўскай Беларусі ў ПА АБСЕ.
Акрамя гэтага, у Мінску працуе замежная медыятарская група, яна ўжо адкрыла
офіс, раней яны вырашалі ўкраінскі крызіс.
Добраахвотна рэжым на саступкі не пойдзе. Таму працягваем
ціск. Калі амерыканцы увядуць санкцыі, Еўрасаюз прыме чацвёрты і пяты пакеты,
то справы будуць рухацца больш хутка. Меркавана, гэта адбудзецца ў маі-чэрвені.
Акрамя таго беларускае пытанне будзе абмяркоўвацца і 10 мая, і 17 чэрвеня Радай
міністраў Еўрасаюза. Таксама мы просім апублікаваць усёабдымны план дапамогі
Беларусі ў выпадку дэмакратычных рэформ. Гэта тое, што мы прапануем беларускім
элітам і народу ў выпадку сыходу Лукашэнкі.
Нам трэба зрабіць усё, каб рэжым быў вымушаны пайсці на
перамовы. А гэта магчыма толькі праз ціск, паколькі пратэстаў мала, трэба
дабівацца фінансавай і эканамічнай блакады Лукашэнкі і яго памагатых.
— «НН»: Ці ёсць нейкія сігналы з боку рэжыму?
— Мы гаворым пра перамовы праз пасярэднікаў. Гэта не такія
перамовы, як у кіно, калі сядаюць за стол і ўсе пачынаюць абмяркоўваць. Для
гэтага ёсць Германія, ёсць Аўстрыя. Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц пасля
сустрэчы са Святланай Ціханоўскай званіў Пуціну наконт Беларусі. Мы пастаянна
абменьваемся месэджамі.
Памятаеце, калі амерыканцы далі тры тыдні для вызвалення
палітвязняў? У адказ лукашэнкаўцы сказалі, што ў нас няма палітвязняў. Гэта
таксама сведчыць пра негатоўнасць рэжыму да дыялогу. У выніку санкцыі былі
ўведзеныя на тыдзень хутчэй.
Гэта палітыка, бываюць розныя фактары, не ўсё залежыць ад
нас. Вельмі моцна змяніўся кантэкст у параўнанні з сакавіком. У любы момант
сітуацыя можа змяніцца. Рэпрэсіі і істэрычныя заявы Лукашэнкі паказваюць, што
ніякай еднасці і маналітнасці ўнутры рэжыму няма.
Зрэшты, май толькі пачынаецца. Да пачатку чэрвеня мы
зразумеем, на чым стаім. Мы не чакаем, каб паразмаўляць з Лукашэнкам, мы ціснем
на яго. І я хачу падкрэсліць, што ніякія перамовы не пачнуцца, пакуль у турмах
знаходзяцца палітвязні.
— Якраз хацеў спытаць, ці існуюць нейкія інсайды па
гэтай тэме — ці ёсць надзея, што бліжэйшым часам нехта з палітычных зняволеных
апынецца на волі?
— У нас ёсць спадзяванні на хуткае вызваленне. Яны
набіраюць як мага больш закладнікаў, каб даражэй іх прадаць. Але без вызвалення
ніякія перамовы немагчымыя. Ëсць надзея, што ў найбліжэйшыя тыдні ці месяцы
такія вызваленні пачнуцца. Утрымліваць сістэму з настолькі закручанымі гайкамі
немагчыма, плюс не самыя лепшыя тэндэнцыі ў эканоміцы. Таксама будзем імкнуцца,
каб не дапусціць гандлю палітвязнямі ў абмен на зняцце санкцый.
— Ці не прапаноўваюць вам як імітацыю дыялогу круглы
стол Юрыя Васкрасенскага?
— Так, пастаянна. Ужо дэлегавалі ў нейкія групы гэтага
Шпакоўскага, групы Васкрасенскага. Яны спрабуюць імітаваць дыялог і прадаваць
заходнікам Гігіна і Васкрасенскага як перамоўшчыкаў. Але ні ў каго няма ілюзій.
Мы павінны заставацца прынцыповымі і паслядоўнымі, патрабаваць, што перамовы
павінны быць пра новыя выбары і там павінны быць людзі, якія прымаюць рашэнні.
Калі на перамовы не пойдзе Лукашэнка, то няхай, будзем праводзіць іх без яго.
Тая канферэнцыя, пра якую мы кажам, і будзе пачаткам дыялогу, з Лукашэнкам ці
без.
— Гэтыя загадкавыя квіткі да Мінска на тваё імя і Ціханоўскай, яны неяк звязаныя з перамовамі з рэжымам?
— Тыя квіткі былі набытыя ў сакавіку, гэта старая
гісторыя, яна ўжо неактуальная. Квіткі былі набытыя да таго, як Ціханоўскай
выставілі абвінавачанне ў тэрарызме. Тым не менш, хачу запэўніць чытачоў, што ў
Беларусь мы абавязкова вернемся.
— Расійскі ТГ-канал «Нязыгар» напісаў пра тое, што Ціханоўская і
Вячорка гатовыя былі прыехаць у Беларусь, каб прызнаць легітымнасць Лукашэнкі.
Гэта трызненне?
— Думаю, так. Спыняць барацьбу і ісці на фальшывыя ўгоды
мы не будзем. Гэтаксама ніхто прызнаваць Лукашэнку не збіраецца. Гаворка можа
ісці толькі пра новыя выбары, у якіх Лукашэнка наўрад ці будзе ўдзельнічаць.