Валерый Карбалевіч: Вось і скончылася беларуска-расійская ідылія
Чаму не зарэгістравалі прарасійскую партыю «Саюз»? Адказвае вядомы беларускі палітолаг.
— Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі прарасійскай партыі «Саюз». Вось і скончылася беларуска-расійская ідылія, якая цягнулася са жніўня 2020 года, — канстатуе Валерый Карбалевіч у сваёй калонцы для «Свабоды». — Пуцін прыйшоў на дапамогу Лукашэнку ў цяжкую для таго хвіліну, падчас масавага народнага пратэсту. Можна меркаваць, што беларускі кіраўнік у той момант абяцаў Маскве ўсё, што тая пажадае. І шмат што выканаў. Тут і пераарыентацыя беларускага экспартнага грузапатоку з партоў краін Балтыі ў расійскія парты. І інтэнсіфікацыя вайсковага супрацоўніцтва. І абвал заходняга вектару замежнай палітыкі. І чарговае цвёрдае абяцанне падпісаць у хуткім часе «дарожныя мапы» інтэграцыі. І падтрымка Расіі ў яе канфлікце з Украінай. І сумеснае выкрыццё «змовы» супраць Лукашэнкі.
Але як толькі зайшла гаворка пра ўплыў Расіі на ўнутраную
палітыку Беларусі праз рычагі, якія Лукашэнка кантраляваць не можа (то-бок, прарасійскую партыю), то выйшаў аблом. Бо гэта прэтэнзія на нейкі кавалак
улады. Гэтага Лукашэнка дапусціць не можа. Бо яму павінна належаць уся ўлада,
абсалютная і неабмежаваная.
Гледзячы па ўсім, Расія разлічвала лабіраваць свае інтарэсы
ў Беларусі праз лаяльныя ёй партыі і арганізацыі. Магчыма, разлік яе палягае
ў тым, што па новай Канстытуцыі ўлада прэзідэнта зменшыцца, а паўнамоцтвы
парламента павялічацца. Паколькі беларусы добра ставяцца да саюза з Расіяй, то
падчас свабодных выбараў прарасійскія партыі, карыстаючыся матэрыяльнай,
палітычнай, інфармацыйнай падтрымкай з боку Масквы, атрымаюць большасць у
Палаце прадстаўнікоў, сфармуюць урад, і Беларусь — у крамлёўскай кішэні.
Лукашэнка гэта зразумеў і паставіў шлагбаўм. Мог бы
зарэгістраваць гэтую партыю, а потым не даць на выбарах аніводнага голаса. Але
тады Расіі давялося б крытыкаваць беларускія выбары, іх вынікі, з усімі
негатыўнымі наступствамі. Да таго ж, «Саюз» з дапамогай Расіі мог бы моцна
«раскруціцца», стаць заўважным гульцом на беларускім палітычным полі. І што
тады з гэтай партыяй рабіць? Садзіць лідараў у турму? Гэта, зноў жа, канфлікт з
Расіяй.
Але ж і зараз будзе канфлікт. Аднак цяпер, пакуль партыя не
«раскручаная», пра яе ведаюць толькі палітычна абазнаныя людзі, то можна
спаслацца на нейкія працэдурныя моманты — маўляў, былі памылкі пры афармленьні
дакументаў і інш.
Чаму Лукашэнка асмялеў?
Па-першае, цяпер ён узяў сітуацыю пад кантроль, і патрэба ў
расійскай падтрымцы не такая вялікая, як у жніўні-верасні мінулага году.
Па-другое, Пуціну, які «ўпісаўся» за Лукашэнку, няма куды дзявацца. Ён вымушаны
яго падтрымліваць ужо з уласных прычын, проста дзеля страху перад народнай рэвалюцыяй
у самой Расіі. Лукашэнка гэта разумее і на гэтым гуляе.
Увогуле, пытанне пра рэгістрацыю «Саюза» было пэўным
тэстам, маркерам, які вызначае дыяпазон свабоды рук Лукашэнкі ў расійскіх
абдымках. І тэст паказаў, што ў пытаннях улады ўнутры краіны гэтая свабода
даволі значная. Таксама гэта значыць, што ўплыў Масквы на працэс трансферу
ўлады ў Беларусі абмежаваны.