Расія: чукчы абурыліся шавіністычным марозівам
Прадстаўнікі карэнных народаў Чукоткі пакрыўдзіліся на марозіва «Чукча-чубукча», якое было выпушчана адмыслова для адной расійскай сеткі гастраномаў.
![79a6d9a7627fed145fb00a6a031af0f0.jpeg 79a6d9a7627fed145fb00a6a031af0f0.jpeg](/img/v1/images/79a6d9a7627fed145fb00a6a031af0f0.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аказваецца, «чубукча» — не проста абракадабра, а запазычанае з турэцкай мовы слова. Ім завуць хлопчыка-слугу, які падае трубку свайму гаспадару або наведвальнікам.
Прадстаўнікоў малалікага паўночнага этнасу такая гульня слоў абурыла. Асацыяцыя карэнных народаў Чукоткі патрабуе прыпыніць выпуск абразлівай прадукцыі і прынесці прабачэнні. Вытворца марозіва — Наўгародскі холадакамбінат — заявіў, што рабіў яго па замове крамы і яны, маўляў, тут ні пры чым.
Цяпер чукоцкія арганізацыі рыхтуюць судовы пазоў да вытворцаў. Скарыстаўшыся скандалам, сваё слова сказалі і чукоцкія феміністкі. Ім надакучыў той факт, што слова «чукча» мае на ўвазе мужчынскага прадстаўніка этнасу, але ўжываецца таксама ў дачыненні да чукоцкіх жанчын. У сувязі з гэтым актывісткі заклікалі больш актыўна ўжываць слова «чукчанка».
Паводле матэрыялаў расійскай прэсы