Шматдзетны бацька: На чатырохпакаёвую кватэру мы нават не спадзяемся
Як сям'я з трыма дзецьмі стаіць у чарзе на будаўніцтва жылля, у якой больш за 300 маюць патрэбу ў паляпшэнні умоў.
Улады абяцаюць істотныя зрухі ў забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём.
— Мясцовыя органы ўлады выдзелілі дастатковую колькасць зямельных участкаў, якія могуць прапаноўвацца шматдзетным сем'ям. Да 2021 года чарга будзе фармавацца так, каб на працягу года з моманту пастаноўкі на ўлік шматдзетныя сем'і маглі накіроўвацца на будаўніцтва жылля, — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Вольга Верам.
У 2017 годзе з пабудаваных 43,5 тысячы кватэр 10% прызначаліся для шматдзетных сем'яў.
А шматдзетныя кажуць: тое, як хутка прыйдзе твая чарга і наколькі адпаведнай чаканням будзе кватэра, шмат у чым залежыць ад горада пражывання і інтэнсіўнасці забудовы ў ім.
Раней будавацца было хутка і выгадна
Юлія і Міхаіл са Слуцка будавалі жыллё па ільготным крэдыце 9 гадоў таму. Цяпер у сям'і чацвёра дзяцей, але калі будаваліся, было трое.
— На чаргу на будаўніцтва як шматдзетная сям'я мы сталі, калі нарадзілася трэцяя дачка, — распавядае Юлія.
Першапачаткова сям'я планавала атрымаць сацыяльнае жыллё. Але ў выканкаме іх угаварылі атрымаць крэдыт і пабудаваць сваю кватэру. Юлія і Міхаіл пагадзіліся і не пралічыліся.
— У пятніцу мы напісалі заяву, а ўжо ў панядзелак нам патэлефанаваў старшыня нашага кааператыва і спытаў, ці хочам мы ў іх будавацца, — успамінае Юлія.
Роўна праз год кватэра была пабудавана. Муж і жонка прызнаюцца, што ім пашанцавала, таму што чарга тады падыходзіла хутка, а ўмовы крэдытавання былі вельмі выгаднымі. Крэдыт яны атрымалі на 40 гадоў пад 1% гадавых і выплачваць трэба не ўсю суму кошту жылля.
— На той момант нам трэба было плаціць крэдыт за 25% ад кошту кватэры. У месяц выходзіла па 96 тысяч рублёў, цяпер гэта 9 рублёў 60 капеек, — распавяла Юлія.
Пазней у пары нарадзілася яшчэ адна дачка, і па законе астатнюю частку крэдыту за іх пагашае дзяржава.
У 2010 годзе ўмовы будаўніцтва жылля і тэрміны чакання былі спрыяльнымі — дамы ў горадзе будаваліся актыўна, кажа Юлія.
Зараз шматдзетныя сем'і могуць атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва жылля ўжо не на 40, а на 20 гадоў пад такі ж працэнт. У сярэднім яны чакаюць сваёй чаргі каля 2-3 гадоў.
Цяпер павольней
Зміцер і Ганна з буйнога райцэнтра Гомельскай вобласці сталі шматдзетнай сям'ёй паўтара гады таму. З тых часоў яны стаяць у чарзе на будаўніцтва жылля. У горадзе якраз будуюць некалькі шматкватэрных дамоў. Але ці патрапіць іх сям'я ў спіс навасёлаў, залежыць ад таго, колькі чаргавікоў адмовяцца ад прапанаваных ім кватэр. У чарзе перад імі больш за 300 сем'яў.
— У новых хатах прапануюць па чатыры чатырохпакаёвыя кватэры, як раз такія, як належаць нам. Але на іх шмат сем'яў прэтэндуе. Таму калі мы пагодзімся на трохпакаёвую кутнюю кватэру або на верхнім паверсе (ад якіх адмаўляюцца), то праз паўгады-год можам мець сваю кватэру ў новых дамах, — распавядае Зміцер.
Калі ж сям'я вырашыць чакаць больш зручны варыянт, то гэта зацягнецца на гады — невядома, калі ў горадзе пачнецца новая актыўная забудова. Дачакацца ж чатырохпакаёвай кватэры, якая адпавядае палажэнням метражу, яны нават не спадзяюцца.
Паводле Заўтра тваёй краіны