Што чакае беларусаў у 2020 годзе. Топ-10 падзей

Рабіць нейкія прагнозы на 2020 год у Беларусі вельмі складана. Можна з упэўненасцю сказаць: адзінае, што зразумела пра 2020-ы — у ім на адзін дзень больш, чым у мінулым. Але TUT.by склаў топ з 10 падзей, якіх варта чакаць у новым годзе.

belarus_10.jpg

Выбары прэзідэнта

У 2020 годзе пройдуць выбары прэзідэнта Беларусі. Верагоднай датай іх правядзення кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына назвала 30 жніўня. Гэта, дарэчы, дзень нараджэння Аляксандра Лукашэнкі, якому споўніцца 66 гадоў.
Выклік дзейнаму кіраўніку дзяржавы, які будзе вылучацца на свой шосты тэрмін, пакуль гатовыя кінуць адзін з лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, сустаршыня БХД, экс-кандыдат у дэпутаты Вольга Кавалькова, экс-дэпутат Ганна Канапацкая, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Алег Гайдукевіч.
І калі яшчэ ў пачатку года хадзілі размовы, што прэзідэнцкім выбарам можа папярэднічаць канстытуцыйная рэформа, над якой зараз ідзе праца, то нядаўна Лукашэнка даў зразумець, што да выбараў ніякіх зменаў у Канстытуцыю не прадбачыцца...

Шэнгенскія візы па 35 еўра

belarus_2_3.jpg


Ужо амаль шэсць гадоў беларусы чакаюць, калі будзе падпісаны пакет пагадненняў з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, і шэнген патаннее да 35 еўра. У снежні 2019 года беларускі МЗС заявіў, што Беларусь гатовая «падпісваць гэтыя пагадненні з 18 верасня гэтага года, з моманту выдання адпаведных указаў кіраўніка Беларусі. Гатовыя да канца яшчэ гэтага года, сёння, заўтра і ў любы іншы дзень, уключаючы выхадныя і святочныя». ЕС прапанаваў беларускаму боку падпісаць пагадненні ў студзені 2020-га ў Бруселі. Гэта значыць, што пагадненні ўступяць у сілу пазней, чым пачне дзейнічаць новы Візавы кодэкс ЕС, які прадугледжвае падаражанне шэнгена да 80 еўра. Беларускі МЗС заклікаў Еўрасаюз да ўступлення пагадненняў у сілу знайсці магчымасць «замарозіць» кошт на шэнген для беларусаў на ўзроўні 60 еўра.
Шчыра кажучы, мы і самі разлічвалі, што пагадненні з ЕС будуць падпісаны яшчэ у 2019 годзе і нават пісалі пра гэта год таму. Спадзяемся, у трэці раз нам пісаць пра гэта не прыйдзецца, і ў гэтым годзе візы, нарэшце, стануць танней.

Абмен амбасадарамі з ЗША

belarus_3_2.jpg


Ужо 12 гадоў у Беларусі няма амбасадара Злучаных Штатаў, яго месца займае часовы павераны. У 2008 годзе водгук беларускага амбасадара Міхаіла Хвастова з Вашынгтона для кансультацый, і настойлівая рэкамендацыя пакінуць Беларусь амбасадару ЗША Карэн Сьцюарт, тлумачыліся увядзеннем амерыканскіх санкцый у дачыненні да канцэрна «Белнафтахім». Але ў кастрычніку мінулага года кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, што «рэальнай падставай» стала ўмяшанне ЗША ў выбары ў Беларусі.
У верасні 2019 года нашу краіну наведаў намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хэйл. Па яго выніках бакі абвясцілі, што Мінск і Вашынгтон вяртаюць паслоў пасля шматгадовага перапынку, а ў Мінску з’явіцца новы будынак пасольства ЗША. 4 студзеня гэтага года Беларусь павінен быў наведаць дзяржсакратар ЗША Майкл Пампея. У Мінску ў яго былі запланаваныя сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Макеем. Аднак візіт адклалі з-за нападу на амбасаду ЗША ў Іраку.
Для большасці беларусаў не мае значэння наяўнасць амбасадара ЗША ў Беларусі, але гэта важна для краіны — асабліва, калі дамовіцца з былымі ворагамі прасцей, чым з «бліжэйшым саюзнікам і старэйшым братам».

Серыял «Інтэграцыя»

belarus_4_2.jpg


Ужо больш за год цягнецца высвятленне інтэграцыйных ўзаемаадносін Беларусі і Расіі, і няма ніякіх перадумоў да таго, што ў бліжэйшы час у гэтым пытанні будзе пастаўлена кропка. Над «Праграмай дзеянняў Беларусі і Расіі па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» працавалі як кіраўнікі дзвюх краін (спатрэбілася больш за 10 сустрэч!), так і рабочыя групы, якія падрыхтавалі 31 дарожную карту.
Выніковы дакумент прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка павінны былі падпісаць 8 снежня а затым 20-га. Аднак ён так і не быў падпісаны: Расія і Беларусь не дамовіліся наконт газу, нафты і падатках.
Перамовы вяліся нават 31 снежня 2019 года. У выніку цэны на газ для Беларусі на ўзроўні 2019 года (127 даляраў за тысячу кубаметраў) будзе дзейнічаць усяго два месяцы, а абмеркаванне паставак расійскай нафты скончылася тым, што Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць нафту з альтэрнатыўных крыніц.
Так што серыял «Паглыбленая інтэграцыя з РФ» па-ранейшаму на нашых экранах, але ў фінале першага сезону нам паабяцалі, што роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй дакладна не будзе — плату за ўваходныя выклікі ў роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве павінны адмяніць не пазней верасня 2020 года .

Запуск АЭС

belarus_5_1.jpg


Хто за, хто не — а запусціць першую беларускую АЭС па планах павінны ўжо ў гэтым годзе. Пару тыдняў таму там пачаўся этап гарачай абкаткі, прасцей кажучы, рэактарную ўстаноўку выпрабоўвалі на трываласць, пакуль без ядзернага паліва, з дапамогай цеплавыдзяляльных імітатараў. Гэта самы маштабны этап (хоць і не апошні) перад фізічным пускам станцыі.
Пуск першага энергаблока намечаны на студзень. Раней планавалася, што ён запрацуе ў 2018 годзе. Але з-за таго, што Беларусь пасля інцыдэнту вырашыла замяніць корпус рэактара, тэрміны перанеслі спачатку на 2019 г., потым да 2020-ы.
Літва па-ранейшаму выступае супраць АЭС ля сваіх межаў, таму ў снежні занесла змены ў законы, каб беларуская электраэнергія не трапіла ў краіну, нават праз Расію. Зрэшты, не гэта галоўная праблема.
Як агучыў вясной Аляксандр Лукашэнка, будаўніцтва абыйдзецца ў суму не менш як 7 млрд даляраў. Да гэтага часу не зразумела, куды Беларусь будзе скіроўваць лішкі энергіі. А галоўнае, у колькі самім беларусам абыйдзецца электраэнергія. Гэтае пытанне кіраўніку дзяржавы задавалі вясной, але адказу няма дагэтуль. «Мы будуем АЭС за кошт расейскага крэдыту, які трэба будзе вяртаць. Электраэнергія будзе нятанная. Можа, нават прыйдзецца датаваць. Трэба паглядзець, з чаго мы возьмем гэтыя грошы», — казаў тады Лукашэнка.

Кампенсацыя за «брудную нафту»

belarus_6_1.jpg


У красавіку мінулага года рэзка пагоршылася якасць расійскай экспартнай нафты Urals, якая паступае ва ўчастак магістральнага нафтаправода «Гомельтранснафта Дружба»: змест хлорарганічных злучэнняў у нафце перавышаў у дзесяткі разоў гранічныя значэнні па стандарце. У выніку пастаўкі нафты ў Еўропу і на два беларускія НПЗ былі прыпыненыя, паколькі гэта магло прывесці да выхаду з ладу дарагога абсталявання. Беларусь таксама спыніла экспартаваць сваю нафту і нафтапрадукты. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся праз два тыдні.
Перабоі балюча ўдарылі па беларускай эканоміцы, прывёўшы да запаволення прыросту ВУП і недаатрымання валютнай выручкі. Аляксандр Лукашэнка ацэньваў страты ад пастаўкі няякаснай нафты ў сотні мільёнаў даляраў. Мазырскі НПЗ выставіў прэтэнзіі «Раснафце» за пастаўленую забруджаную нафту ў памеры 155 млн даляраў. У снежні пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка назваў новую лічбу — 70 млн долараў.
Расійскі бок ужо кампенсаваў страты за некандыцыйную нафту Казахстану і Украіне, выплаціў частку кампенсацыі Польшчы, але ў выпадку з Беларуссю «ўсё яшчэ лічыць яе памер» і патрабуе ад Мінска дакументальных пацверджанняў шкоды і аб’ёмаў «бруднай нафты». Але ў гэтым годзе кампенсацыя, хай і невядома ў якім памеры, павінна паступіць у бюджэт Беларусі.

Кошты на лекі пойдуць уніз?

belarus_7_1.jpg


На днях у Мінску вынеслі прысуд па гучнай «справе медыкаў» у дачыненні да 21 чалавека за хабар і адкаты (асноўны працэс з чарады падобных). Калісьці зачысткі ў гэтай сферы пачаліся з заявы: нібыта менавіта з-за карупцыі цэны на лекі і абсталяванне былі завышаныя на 10-60%. Прысуды вынесеныя, вось толькі кардынальных змен на цэнніках у аптэках людзі пакуль не заўважылі. Як і раней, беларусы вязуць прэпараты з суседніх Расіі, Украіны і Польшчы: там танней.
Аднак улетку, са зменай кіраўніцтва, Міністэрства аховы здароўя узялася вывучаць розніцу ў цэнах у нас і за мяжой — у рэферэнтных краінах (гэта значыць падобных па умовах), апытаўшы грамадзян — што купляюць там часцей за ўсё. Частка з таго, што лідзіруе па апытаннях, уключылі ў новы пералік прэпаратаў, на якія будуць устаноўлены гранічныя адпускныя цэны. Ён запрацуе з 2020 года. У спісе з’явілася як мінімум 100 пазіцый.

Заробкі бюджэтнікам і дапамога па беспрацоўі

belarus_8_2.jpg


З 2020 года заробкі бюджэтнікаў будуць лічыць па-новаму. Па-першае, тарыфную стаўку першага разраду (па якой быў разлік перш) заменяць на базавую стаўку і заробкі будуць лічыць па 18-разраднай тарыфнай сетцы.
Улады абяцаюць, што з новай сістэмай палучкі не паменшацца (без уліку прэміі). Хоць, напрыклад, медыкі ўжо непакояцца, бо іх заробак вельмі залежыць ад дадатковых налічэнняў. Беларусам трэба будзе даведацца, як новая схема будзе працаваць на практыцы.
У бюджэце на гэты год прадугледжаны фонд аплаты працы, які забяспечыць сярэднегадавы рост заробкаў не менш чым на 10% (у параўнанні з 2019-м). У першую чаргу, гэта датычыцца медыкаў (ім і зусім на 20%), настаўнікаў і нізкааплатных работнікаў.
Акрамя таго, на днях было агучана, што Мінпрацы і сацабароны думаюць над тым, каб павялічыць дапамогі па беспрацоўі. Перш за ўсё, для двух катэгорый: жыхарам рэгіёнаў з напружанай сітуацыяй на рынку, а таксама людзям старэйшым за 50 гадоў, якім цяжка ўладкавацца. Цяпер сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі складае ўсяго 27 рублёў.

Рэформа КоАП

belarus_9_1.jpg


Як змрочна жартуюць беларусы, у нашай краіне любога можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. А каго нельга прыцягнуць да крымінальнай, таго можна прыцягнуць да адміністрацыйнай.
На нарадзе ў снежні гэтую ісціну агучыў і кіраўнік Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «гэтая важная тэма датычыцца і хвалюе ўсіх грамадзян». І прывёў у прыклад статыстыку, паводле якой за няпоўныя пяць гадоў зарэгістравана 16 млн парушэнняў, за здзяйсненне якіх да адказнасці прыцягнутыя каля 3,5 млн грамадзян — больш за 50% усяго працаздольнага насельніцтва.
Ён даручыў рэфармаваць Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (свайго роду Біблію, на якую арыентуюцца супрацоўнікі больш за 70 ведамстваў, складаючы адміністрацыйныя пратаколы і выпісваючы штрафы).
Ужо да 1 сакавіка будзе распрацавана канцэпцыя змяненняў, на 1 траўня павінна быць гатовая новая рэдакцыя КоАП, а ў ліпені яе павінен разгледзець кіраўнік дзяржавы.
Рэформа ў КоАП абяцае быць маштабнай — з кодэкса прыбяруць каля 50 артыкулаў; скароцяць колькасць ведамстваў, чые супрацоўнікі маюць права выпісваць «адміністрацыйку»; вылучаць у асобную групу парушэнні, зарэгістраваныя дарожнымі камерамі фотафіксацыі; а галоўнае: не заўсёды правапарушэнне будзе заканчвацца пратаколам і штрафам, часам — толькі папярэджаннем.
Дарэчы, калі ў вас ёсць ідэі з нагоды рэформы КоАП — улады чакаюць вашых прапаноў і абяцаюць уважліва іх разгледзець.

Адкрыццё чатырох станцый трэцяй лініі метро

belarus_10_1.jpg


Увосень метрабудаўцы злучылі тунэлем чатыры новыя станцыі метро ( «Юбілейная плошча», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Вакзальная» і «Кавальская Слабада»). Участак працягласцю 3,5 км абяцаюць запусціць у 2020 годзе, і ўжо вясной яго будуць злучаць з існуючай галінкай (для чаго закрыюць рух на некалькіх станцыях прыкладна на тыдзень). А механізаваны шчыт «Алеся», які дапамагаў пракладваць шлях, ужо дасталі на паверхню, каб перакінуць на другую чаргу будаўніцтва.
Нагадаем, уся трэцяя лінія звяжа мікрараёны Зялёны Луг і Курасоўшчыну, але на гэта яшчэ пойдуць гады. Пакуль на ўсю моц рыхтуюць чатыры першыя станцыі: мантуюць абсталяванне і абкатваюць новыя цягнікі, займаюцца аздабленнем памяшканняў і працуюць над дэталямі ў мастацкіх майстэрнях, каб задаць дух новым станцыям сталічнай падземкі.