Кантракты на пастаўку газа ў Беларусь і транзіт праз тэрыторыю краіны прадоўжаны да 2021 года

Пра гэта ўвечары 31 снежня паведаміў сайт «Газпрома».

Уладзімір Сямашка і Аляксей Мілер. Фота: gazprom.ru

Уладзімір Сямашка і Аляксей Мілер. Фота: gazprom.ru

Учора ў Маскве адбылася рабочая сустрэча старшыні праўлення «Газпрома» Аляксея Мілера з паслом Беларусі ў Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Сямашкам і міністрам энергетыкі Беларусі Віктарам Каранкевічам. Бакі дэталёва абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў газавай сферы з 2020 года.
Аляксей Мілер і Уладзімір Сямашка падпісалі Пратакол паміж «Газпромам» і ўрадам краіны аб парадку фарміравання цэн пры пастаўцы прыроднага газу ў Беларусь у студзені і лютым 2020 года.
«Газпром» і ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» падпісалі дадатковыя пагадненні аб працягу да 2021 года тэрміну дзеяння кантрактаў на пастаўку газу ў Беларусь і яго транспарціроўку праз тэрыторыю краіны. Згодна з падпісаным дакументам, кантрактныя аб'ёмы паставак і транзіту ў 2020 годзе захаваныя на ўзроўні 2019 года.
Нагадаем, 30 снежня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін па тэлефоне дамовіліся, што ўлады абедзвюх краін падрыхтуюць прамежкавы варыянт умоў паставак нафты і газу толькі ў тым выпадку, калі «суб'екты гаспадарання» не змогуць дамовіцца аб пастаўках рэсурсаў да 1 студзеня.
31 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой даручыў тэрмінова арганізаваць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. 
У 2019-м годзе ў Беларусь  расійскі газ пастаўляўся па цане 127 долараў за тысячу кубаметраў. Раней Лукашэнка адзначаў, што Мінск гатовы купляць расійскі газ і па 200 долараў, а нафту — па 63 долары за барэль.