Разам да ідэальнай Беларусі!

Яшчэ на адзін год мы сталі сталейшымі, а верагодна — і разумнейшымі.

81224964_2476842422554168_2259602674045419520_n.jpg

Магчыма, той вопыт, што даў нам год 2019-ты, дазволіць зразумець: што адбылося і прайшло — не перайначыць і наноў не пражыць. Трэба гэта прыняць і ісці далей. Бо ўсё — і адмоўнае, і пазітыўнае — у Беларусі яшчэ наперадзе. А вось чаго будзе больш, залежыць ад нас.

Новыя чаканні, спадзяванні на новыя сустрэчы, новыя здабыткі, новыя поспехі. Новае шчасце. Новы крок да разумення сябе і свайго месца ў жыцці. Скажам сабе: «Бывала і горш». І пойдзем наперад да ідэальнай Беларусі. А якая яна, гэта ідэальная Беларусь?

У цягніку на Вільню, што вёз нас на пахаванне Каліноўскага, я глядзела на прыгожыя твары сваіх спадарожнікаў і думала: дык вось яна — ідэальная Беларусь. Такая, у якой людзі вольна размаўляюць на роднай мове, пасміхаюцца адзін аднаму, вітаюцца, абмяркоўваюць цікавыя прэм’еры і кніжныя навінкі, разважаюць пра гісторыю і культуру. І маладыя, і людзі сталага веку.

Ідэальная Беларусь — гэта тая, у якой грамадзяне любяць сваю краіну, паважаюць свой урад, ганарацца сваёй гісторыяй і ніколі-ніколі не з’едуць за лепшай доляй на чужыну. Ці далёка нам да той Беларусі? Колькі крокаў яшчэ трэба прайсці, які кошт заплаціць — залежыць толькі ад нас.

Здаўна засведчана на скрыжалях гісторыі: правадыры прыходзяць і сыходзяць, рэжымы парахнеюць і рассыпаюцца пылам. Бо воля людзей да пераменаў, да лепшага канцэнтруецца з часам у магутную энергетычную плынь, якую не спыніць, не стрымаць. І лепшае настане. І паўстане наша ідэальная Беларусь.

Так абавязкова будзе, але толькі тады, калі людзі не згубяць веру ў сябе. Будуць трымацца і супрацьстаяць пагрозам і абставінам, злому лёсу і нядобрым людзям разам, падтрымліваючы адзін аднаго, а не згрызаючы за кожны промах.

Дык давайце ж не марнаваць свой час, не апускаць рукі, не ўпадаць у адчай. Актывізавацца да найвышэйшага ўзроўню сваіх магчымасцей. Не псаваць адзін аднаму нервы. Прытармазіць, як толькі засвярбіць увязацца ў бессэнсоўную сварку з любай, з добрым сябрам, з калегамі і апанентамі. Нішто не вартае страты дружбы, любові, кахання і проста добрых адносін з блізкімі табе людзьмі.

Будзем чуллівымі, каб адгукнуцца на покліч аб дапамозе. Будзем пільнымі, каб своечасова заўважыць пагрозы. Будзем салідарнымі і шчырымі ў сваіх памкненнях. Нарэшце, калі задумацца, толькі салідарнасцю, узаемадапамогай сям’і, родных і блізкіх трымаецца дабрабыт кожнага з нас, а на гэтым — усяго грамадства, народа, краіны. І менавіта так пераадольваюцца цяжкасці нядобрых часоў. Менавіта так мы прыйдзем да ідэальнай Беларусі.

Хай поруч з вамі заўжды будзе святло! З Новым годам вас, шаноўныя чытачы! З Новым часам!