Што гэта было, або Сціплыя героі беларускай СПА

Адна справа — калі дружалюбныя саюзныя ракеты ляцяць на Кіеў з беларускай зямлі, і зусім іншая — калі агрэсіўныя абломкі залятаюць з Украіны на беларускую тэрыторыю, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

raketa_s_pistoletom.webp

Усё-такі ў Беларусі ўнікальная сістэма СПА. Нелінейнага прынцыпу дзеяння. Спачатку адны добрыя людзі знаходзяць абломкі нейкай ракеты, а іншыя паважаныя начальніцкія людзі цэлы дзень выбудоўваюць гіпотэзы: «А што гэта было?» (Што характэрна, у першых афіцыйных паведамленнях першай версіяй было падзенне абломкаў, якія заляцелі ў Беларусь у выніку працы ўкраінскай СПА). І толькі ў канцы дня Міністэрства абароны знайшло начальніка ракетнага дывізіёна, які, аказваецца, збіў варожую ракету.

Я, канешне, мала што разумею ў сістэмах СПА, але мне нешта здаецца, што паслядоўнасць павінна быць адваротнай. Гэта значыць, спачатку збіваем ракету, потым дакладваем пра гэты поспех начальству, начальства адпраўляе спецыяльна навучаных людзей шукаць абломкі і ў канцы выхваляецца наконт жалезнага шчыта і нязломнай абароны.

Але ў беларускай СПА працуюць, мабыць, выключна сціплыя героі. Ну а што? Падумаеш, вялікая справа — ракету збілі. Збілі сабе і збілі… Няма тут нават пра што казаць. Нават на гадзіннік пры гэтым ніхто не паглядзеў. У той першапачатковай версіі час падзення быў зафіксаваны ў часовай нявызначанасці паміж 10.00 і 11.00. А калі б паглядзелі на гадзіннік, дык, пагадзіся, маглі б зафіксаваць час з крыху большай дакладнасцю.


І, вядома, улічваючы гэтыя ўнікальныя асаблівасці айчыннай СПА, беларускія ўлады маглі б узяць прыклад з байцоў супрацьпаветранай абароны — зрабіць выгляд, што ніякай ракеты не было. Ці, як ваенны камісар Брэсцкай вобласці, сказаць: спакой, толькі спакой, справа-та жыццёвая.

Але гэта, вядома, не пра беларускія ўлады. Не так беларускія ўлады арганізаваны. Бо пагадзіся, адна справа — калі дружалюбныя саюзныя ракеты ляцяць на Кіеў з беларускай зямлі, і зусім іншая — калі агрэсіўныя абломкі залятаюць з Украіны на беларускую тэрыторыю. У першым выпадку гэта называецца «міралюбная знешняя палітыка, накіраваная на ўмацаванне адносін з брацкім украінскім народам». А ў другім — «вельмі сур'ёзны інцыдэнт», які можа «прывесці да катастрафічных наступстваў». Галоўнае — не пераблытаць.

Хоць датычна наступстваў беларускае МЗС, вядома, мае рацыю. Яно ж не ўдакладняе, для каго канкрэтна гэтыя катастрафічныя наступствы могуць надысці. І, улічваючы, што бяспецы беларускіх улад пагражаюць нават чужыя платы, баяцца наступстваў трэба дакладна не Украіне.