«Такое адчуванне, што вірус у цябе залез і спрабуе сабе падпарадкаваць тваё цела»

Міністэрства аховы здароўя Беларусі заявіла, што краіна ўступіла ў другую хвалю эпідэміі каронавірусу. Пасля таго як у ліпені-жніўні захваральнасць «яўна» знізілася, ад пачатку верасня зафіксаваны «даволі ўстойлівы трэнд» яе падвышэння. Свабода пагутарыла з тымі, хто захварэў падчас другой хвалі.

virus_4937609_1280.jpg


Паводле выканаўцы абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, беларускія медыкі сустракаюць другую хвалю «даволі спакойна», але спадзяюцца на супрацьэпідэміялагічныя захады, сярод якіх — сацыяльнае дыстанцыяванне і масачны рэжым.
Паводле афіцыйных дадзеных, прырост хворых на COVID-19 павялічваецца. На 8 кастрычніка ён склаў 477 чалавек.
Пра выпадкі каронавірусу часцей пачалі расказваць і ў сацыяльных сетках.
Сярод хворых і вядомая журналістка Любоў Лунёва. Свабода пагутарыла з ёй.


Любоў Лунёва

Любоў Лунёва


Курс лекавання журналістка праходзіць дома, яе наведваюць лекары. Яна падпісала паперу пра адказнасць за парушэнне рэжыму самаізаляцыі цягам двух тыдняў, можа хадзіць у бліжэйшую краму. У паперы гаворыцца, што захаванне рэжыму могуць правяраць міліцыянты, але яны пакуль не наведваліся.


Дзе Любоў падхапіла вірус, яна не ведае. Як журналістка працавала на пратэставых акцыях.
«Спачатку з'явіўся сухі кашаль, а я заўважыла падчас апошніх акцый, што амапаўцы ўвесь час кашлялі. Увесь час была ў натоўпе людзей, калі выходзілі вязні з Акрэсціна, людзі ўжо перасталі насіць маскі ў тым жа транспарце».


Любоў пайшла ў паліклініку, калі перастала ўспрымаць пахі і смак.
«Упершыню адчула сябе „бурацінай“, калі заўважыла, што магу ўзяць цыбуліну і спакойна яе грызці, як яблык. Тое ж самае, калі п’еш гарбату ці каву, гэта ўспрымаецца як звычайная вада».
У паліклініцы зрабілі аналіз і памералі ўзровень кіслароду. Потым лекары прыйшлі дадому і паведамілі, што аналіз станоўчы.
«Мне ўжо было вельмі кепска, была высокая тэмпература. COVID ні з чым не зблытаеш, гэта зусім іншае адчуванне. Гэта вельмі цяжкая галава, нібыта нешта ёсць унутры і гудзе, ажно баляць вушы. Цяжка дыхаць, хаця ўзровень кіслароду больш-менш нармальны. Пачалі балець калені і проста ўсе косткі, пякельны боль, раней ніколі такога не было. Лекары кажуць, што я не першая з такімі сімптомамі і што ў першую хвалю яны з такім не сутыкаліся. Таксама з'явілася бяссонніца, цяжка чытаць», — кажа журналістка.
Паводле Любові, калі яна прымала абязбольвальныя прэпараты ад болю ў нагах, то яны не дапамагалі.
«Такое адчуванне, што вірус у цябе залез і спрабуе сабе падпарадкаваць тваё цела».
Любові Лунёвай не рабілі КТ, бо ў паліклініцы № 34 такога апарата няма. Ёй зрабілі рэнтген, і лекары кажуць, што здымкі нічога асаблівага не паказалі.
«Але людзі мне ўжо пішуць у фэйсбуку, што рэнтген часам і не паказвае, трэба рабіць КТ. Лекары з паліклінікі прыходзяць, слухаюць лёгкія. Двойчы ўжо збіраліся шпіталізаваць, але я папрасіла, каб застацца дома. Тэмпература доўгі час трымаецца, і лекары мяркуюць, што гэта таксама не вельмі добры паказчык».
Хворая прымае парацэтамол і моцныя антыбіётыкі.
«Я так разумею, што ў шпіталь трапляюць тыя, каму патрэбныя апараты ШВЛ. Тым больш там усё забіта. Мне расказала сяброўка, што яе сваячку прывезлі ў шпіталь а восьмай вечара — і да яе чарга ў прыёмны пакой дайшла толькі а трэцяй гадзіне ночы. Вельмі шмат хворых, і медыкі кажуць, што другая хваля больш агрэсіўная, чым першая, шмат хворых маладых, трапляюць у цяжкім стане. У сяброўкі свёкар трапіў у шпіталь, у яго 50% кіслароду і тромбы ў лёгкіх. А ён яшчэ не стары чалавек. Шмат маіх знаёмых цяпер з COVID, вірус пачаў касіць».
Любоў Лунёва жыве адна, у кватэры ёсць кот Генрых. Хварэе сын, які жыве на асобнай кватэры.
«Гэта яшчэ толькі пачатак хвалі, а ўжо вунь што робіцца. У першую хвалю былі праблемы з лекамі, а цяпер, калі такія грошы ўкідваюцца ў сілавікоў, невядома, ці хопіць у дзяржавы на ўсё грошай. Таму трэба неяк бараніць сябе».

«COVID усюды, і мы неяк з ім павінны жыць»

У Юліі Антух захварэла на каронавірус маці. Юлія расказала Свабодзе, што маці спачатку паклалі ў хірургічнае аддзяленне 3-й мінскай лякарні, дзе рабілі аперацыю. Паводле Юліі, маці выпісалі з тэмпературай, хоць лекары сказалі, што яна была здаровая.
«Калі я з імі размаўляла і пыталася, як маці быць пасля аперацыі і з кавідам, яны адказалі, што COVID усюды і мы неяк з ім павінны жыць».
Цяпер маці зноў паклалі ў лякарню, але ўжо ў пульманалогію.
«Яна паступіла ў пульманалогію ў панядзелак, і, як сказалі ёй, яна заняла апошняе месца, ёй пашанцавала. З ёй у палаце цяпер ляжаць у асноўным пажылыя. Мама сказала, што ў палаце ляжаць 3 чалавекі, якія да гэтага ляжалі ў іншых аддзяленнях лякарні. Адтуль яны трапілі ў пульманалогію. Сёння і ўчора ні разу не прыбіралі ў палаце, не мылі падлогу, не прыбіралі пыл».