BYCOVID не перазапусцяць: «Хапае на амапаўскія балаклавы — мусіць хапаць і на медычныя маскі»

Валанцёрская кампанія BYCOVID19, якая дапамагала медыкам падчас першай хвалі пандэміі каронавіруса, заявіла, што не будзе перазапускаць праект з прыходам другой хвалі пандэміі каронавірусу, паведамляе «Свабода».

Андрэй Стрыжак (справа) — адзін з сузаснавальнікаў BYCOVID19. Каб застацца на свабодзе, ён з'ехаў за мяжу

Андрэй Стрыжак (справа) — адзін з сузаснавальнікаў BYCOVID19. Каб застацца на свабодзе, ён з'ехаў за мяжу

Валанцёры патлумачылі, чаму ўзаемадзеянне з дзяржавай гэтым разам немагчымае.

Улады заблакавалі пляцоўку MolaMola, на якой людзі збіралі грошы для медыкаў. Яе заснавальніка Эдуарда Бабарыку зняволілі. Цяпер у Беларусі няма як зладзіць зручны і празрысты збор сродкаў.

Сузаснавальнікі BYCOVID19 Андрэй Стрыжак і Андрэй Ткачоў зехалі з краіны ад пераследу ўладаў.

«Дзяржаве было б някепска вызначыцца з прыярытэтамі, — гаворыцца ў допісе BYCOVID19. — Калі хапае на вадамёты і сістэмы „Барʼер“, то мусіць хапаць грошай і на ШВЛ і кіслародныя канцэтратары. Калі хапае рэсурсу надзець балаклаву ці маску на кожнага сілавіка, значыць, ёсць грошы на медычныя маскі і рэспіратары. Калі хапае грошай аплачваць шматмесячныя дзяжурствы соцень амапаўцаў — значыць, хапае на аплату і звышаплату працы патрэбнай колькасці медработнікаў».

Да таго ж, вясной быў дэфіцыт масак і рэспіратараў. Цяпер жа на іх «проста трэба вылучыць бюджэт».

«Мы ўпэўненыя, што грамадства ўсяляк падтрымае медыкаў, якія будуць патрабаваць, каб адміністрацыі забяспечвалі патрэбныя ўмовы працы, належную абарону і сумленную інфармацыю для грамадства. У тым ліку пра смяротнасць і рэальны ўзровень захворвальнасці», — адзначылі валанцёры BYCOVID19.

Валанцёрская ініцыятыва дапамогі медыкам #ByCovid19 за 80 дзён працы перадала шпіталям 428 078 сродкаў абароны і 1421 адзінак апаратуры, было сабрана $335 000 на дапамогу ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй.