Чаму міліцыя патрабуе здымаць маскі ў разгар пандэміі
Аказваецца, нават у каронавіруса ў Беларусі ёсць палітычныя прэферэнцыі, піша ў блогу на «Свабодзе» Наста Захарэвіч.
Выглядае, што Лукашэнка жадае нам масава хварэць на каронавірус. Здаецца, яшчэ крыху, і ён будзе жадаць усім нам смерці, каб мы перасталі нарэшце яму замінаць у ягонай альтэрнатыўнай рэальнасці.
Аказваецца, пратэсныя акцыі — галоўная прычына цяперашняга росту выпадкаў захворванняў на каронавірус у Беларусі, і Лукашэнка з гэтай нагоды кажа «хочуць хадзіць і хварэць — хай хварэюць».
Але ж вось незадача — МУС рэгулярна справаздачыцца, што на акцыях пратэсту зусім няшмат людзей, а дзяржаўныя СМІ рапартуюць, што пратэсты здуваюцца. Гэта нейкі пратэсты Шродзінгера атрымліваюцца — іх няма, калі трэба паказаць, што беларусы нібыта любяць Лукашэнку і ўвогуле радуюцца гвалту амапаўцаў, але яны рэзка з’яўляюцца, калі трэба кагосьці абвінаваціць у распаўсюдзе каронавірусу.
Зрэшты, каронавірус у Беларусі паводзіць сябе прыблізна так жа сама. Ён такі страшны, што перадачы арыштаваным можна перадаваць толькі раз на тыдзень, але сілавікі ўпарта забываюць пра ягоную небяспеку, калі патрабуюць ад удзельнікаў пратэсных маршаў перастаць карыстацца медыцынскімі маскамі і ўвогуле перастаць закрываць твар (відавочна, гэта робіцца для прасцейшай ідэнтыфікацыі людзей).
Работнікі ізалятара на Акрэсціна не думаюць пра каронавірус, калі для транспарціроўкі запіхваюць шмат чалавек у маленькія адсекі аўтазакаў, але супрацоўнікі турмы ў Жодзіна сустракаюць арыштаваных крыкам «дзе вашы маскі?». COVID-19 не дазваляе сабраць камісію, каб даць акрэдытацыю міжнародным журналістам, але не замінае яе адбіраць у тых, у каго яна ўжо была.
І так ва ўсім. Улады Беларусі проста выкарыстоўваюць пандэмію каронавірусу на сваю карысць: не пускаюць адвакатаў да арыштаваных, праводзяць суды праз skype, не даючы нават маці ўбачыць сваіх затрыманых дзяцей. Чарговым разам абсурднасць сітуацыі вырасла да непрыстойна высокіх паказчыкаў учора на судзе над юрысткай і грамадзянскай актывісткай Марынай Дубінай. Суддзя Шабуня папрасіла ўсіх, хто без масак, выйсці з залі суду, але на ёй самой у гэты момант не было маскі.
Так і працуе ўся сістэма — не клапоцячыся нават аб тым, каб яе дзеянні выглядалі лагічна. А расплачваемся за гэта мы — людзі, якіх закідваюць у аўтазакі і саджаюць на суткі, людзі, якія захворваюць на гэтых сутках на каронавірус, людзі, якіх наўмысна ставяць у небяспечнае становішча проста таму, што ўлады могуць сабе гэта дазволіць.
На саміх жа пратэсных акцыях людзі збольшага стараюцца трымаць дыстанцыю. Гэта не шчыльныя натоўпы, дзе людзі наступаюць адно аднаму на пальцы, — удзельнікі і ўдзельніцы стараюцца трымацца на адлегласці і ўсё часцей закрываюць твары маскамі. Людзі не хочуць хварэць, і гэта відавочна.
Дый сам Лукашэнка яшчэ ў жніўні папракаў пратэстоўцаў у тым, што яны не носяць маскі. Магчыма, тады ён разлічваў, што пратэст хутка заціхне, і таму абраў такую тактыку. Цяпер жа яму зразумела, што ніхто не збіраецца спыняцца, і ён разумее, што людзей прасцей перазараджаць (а некаторых такім чынам і забіць), чым запужаць і прымусіць сядзець дома праз страх. Менавіта таму ён кажа «хай хварэюць», а міліцыянты на маршы патрабуюць, каб людзі адкрылі твары.
Што цікава, на маршы ў падтрымку Лукашэнкі сёмага кастрычніка ніхто такога не патрабаваў. Людзі на гэтых маршах — раўнейшыя, і ім можна і твары закрываць, і лозунгі выкрыкваць, і сцягамі махаць. І яны зусім не вінаватыя ў распаўсюдзе каронавірусу, адрозна ад удзельніц і ўдзельнікаў пратэсных акцый.
Аказваецца, нават у каронавіруса ў Беларусі ёсць палітычныя прэферэнцыі.