Віцебск рыхтуецца да другой хвалі каронавіруса
У Віцебску праз другую хвалю COVID-19 з 1 кастрычніка на ўзмоцнены рэжым працы пераведзена амбулаторна-паліклінічная сетка, паведамляюць vitbichi.by.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі на 7 кастрычніка ачунялі і выпісаныя 75683 пацыента (плюс 307 за апошнія суткі), у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. Зарэгістравана 81505 чалавек са станоўчым тэстам, уключаючы 415 новых выпадкаў за суткі. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 874 пацыента (плюс шэсць за суткі) з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.
У сувязі з уздымам інфекцыйнага рэспіраторнага захворвання з 1 кастрычніка ў Віцебску на ўзмоцнены рэжым працы пераведзеная амбулаторна-паліклінічная сетка: у поўным аб'ёме функцыянуюць інфекцыйныя кабінеты, вядзецца асобны прыём хворых з павышанай тэмпературай. Аказанне планавай дапамогі ў паліклініках не прыпынялі, але абмежаванне неабавязковых і неэкстренных наведванняў пажадана. Акрамя абласной інфекцыйнай бальніцы да стацыянарнага лячэння каронавірусных пнеўманій у Віцебску падлучаныя перапрафіляваныя аддзяленні бальніцы хуткай меддапамогі на 150 ложкаў.
Таксама Міністэрства аховы здароўя ўнесла змены ў пастанову ад 10 красавіка 2020 года № 36, згодна з якімі кантактамі першага ўзроўню пры COVID-19 лічацца тыя, хто меў цесны кантакт з захварэлым каронавіруснай інфекцыяй на працягу 4 дзён да і 10 дзён пасля з'яўлення ў яго сімптомаў захворвання. Таксама да іх тычацца тыя, хто кантактаваў з чалавекам з бессімптомнай інфекцыяй на працягу 4 дзён да і 10 дзён пасля даты забора ў яго матэрыялу для даследавання на COVID-19.