«Адбываецца нешта вельмі падобнае да тэрору дзяржавай уласнага народа»

27-гадовы айцішнік Піліп Заранкін — сын старшыні Віцебскага гарвыканкама Вадзіма Заранкіна. Хлопец быў затрыманы ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі і адседзеў 13 сутак арышту па народным артыкуле 23.34. Хлопец расказаў «Нашай Ніве» аб сваіх прыгодах.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычн

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычн


«Наша Ніва»: Вас затрымалі на акцыі?
Піліп Заранкін: Мяне не затрымлівалі на маршы, мяне затрымалі ў 23:20 на перасячэнні Нямігі і Раманаўскай Слабады. Я проста ішоў дадому, хацеў перайсці вуліцу. Там стаялі людзі ў форме, я звярнуўся да іх, каб спытаць, ці магу я прайсці і выклікаць на прыпынак таксі, ці тут перакрыта і лепш абысці?
Мне сказалі: «Можна, праходзьце». Але неўзабаве ўнутры ачаплення мяне сустрэў іншы чалавек, ужо ў касцы, і сказаў, што я магу прайсці, але «толькі налева» — і адвёў мяне ў пункт міліцыі, адкуль мяне павезлі ў Маскоўскае РУУС.

photo_2020_10_07_15_14_10_63tuc.jpg

«Наша Ніва»: А за што вас затрымалі? Можа, з сабой быў сцяг ці нейкая сімволіка?
Піліп Заранкін: Ніякай сімволікі не было. Ужо ў камеры, у Жодзіне, я гаварыў з іншымі людзьмі, якіх, з іх словаў, забіралі проста так. Нехта ў спецоўцы замыкаў машыну — пад рукі і павялі. Не падчас акцыі. Мы думалі: чаму нас хапалі, можа быць, міліцыя спадзяецца на сваё чуццё або ёсць норма «палак»? Не ведаю.
На судзе па скайпе не чуў частку сказанага, таму не ведаў, у чым мяне абвінавачваюць. Аказалася, што я супраціўляўся затрыманню, але гэты артыкул адпаў, бо ў пратаколе было не маё прозвішча. Засталося пікетаванне, 23.34 — далі 13 сутак. Але адрас затрымання адрозніваўся, час затрымання — таксама. У мяне быў запіс размовы з жонкай, пазнейшы за час затрымання ў пратаколе, яго прыклалі — нуль рэакцыі суддзі. Я з адвакатам падаў апеляцыю на рашэнне.
«Наша Ніва»: Ці дапамог вам у Жодзіне факт сваяцтва з кіраўніком Віцебска?
Піліп Заранкін: Не, напэўна, нават нашкодзіў. Супрацоўнікі далі мне мянушку «Мэр», смяяліся, што я ўсіх звольню. Я сварыўся з супрацоўнікамі, якія парушалі ўласныя правілы і не выводзілі нас на прагулкі, мне пагражалі за гэта пабоямі.
 «Наша Ніва»: Якая рэакцыя вашага бацькі?
Піліп Заранкін:Натуральна, ён з мамай хваляваўся, як усе бацькі. Неўзабаве ўбачымся і перагаворым.
«Наша Ніва»: Як вы думаеце, ці паўплываюць вашыя прыгоды на яго кар'еру?
Піліп Заранкін: Як я зразумеў, гэта ўжо пачынае адбівацца. Я ў дзікім жаху. Адбываецца нешта вельмі падобнае да тэрору дзяржавай уласнага народа. Пры гэтым усе разумеюць, што выбары былі сфальсіфікаваныя так нахабна, што людзі не здолелі гэта трываць, на фоне яшчэ гісторыі з каранавірусам і шэрагам палітычных заяў.

photo_2020_09_13_12_47_14_u57yo.jpg


«Наша Ніва»: Канфліктаў у сям'і няма?
Піліп Заранкін: Няма. Палітычныя тэмы — гэта асабістыя пытанні кожнага.
«Наша Ніва»: Дык усё ж, які ваш сцяг?
Піліп Заранкін: Бел-чырвона-белы.